Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

79 гадоў таму ў Германіі прайшла «Крыштальная ноч»

«Крыштальная ноч» засведчыла, што перыяду толькі заканадаўчых антыгабрэйскіх актаў прыйшоў канец і насталі чорныя часы для габрэяў.

Чальцы СА развешваюць плакаты з заклікам байкоту габрэйскіх крамаў, 1930-я гады, Берлін. Фота commons.wikimedia.org/Bundesarchiv/CC BY-SA 3.0 CC

У ноч з 9 на 10 лістапада ў Трэцім Рэйху мела месца «Крыштальная ноч» — першая масавая акцыя прамога фізічнага гвалту ў адносінах да габрэяў, іх маёмасці і месцаў іудзейскага рэлігійнага культу.

«Крыштальная ноч» стала паваротным пунктам у лёсе нямецкага і аўстрыйскага габрэйства і вешчуном «канчатковага вырашэння» габрэйскага пытання наогул.

«Крыштальная ноч» таксама засведчыла, што перыяду толькі заканадаўчых антыгабрэйскіх актаў прыйшоў канец, і насталі чорныя часы для габрэяў. Пасля «Крыштальнай ночы» паток габрэйскіх эмігрантаў з Нямеччыны і Аўстрыі рэзка павялічыўся, аднак нават у кастрычніку 1941 года ў гэтых краінах усё яшчэ заставалася прыкладна 164 тысяч габрэяў.

«Толькі той, у венах каго цячэ нямецкая кроў, можа належыць да народу, таму ані адзін габрэй членам народу быць не можа», — гэта словы Адольфа Гітлера, якія фюрэр напісаў у кнізе «Майн Кампф». Можна сказаць, што пачатку «Крыштальнай ночы» трэба шукаць у згаданай злавеснай кнізе.

Распавядае гісторык Цэзары Круль:

— Не да канца дакладна вядома, але, хутчэй за ўсё, тэрмін «Крыштальная ноч» быў прыдуманы ў Міністэрстве прапаганды Рэйху. Антыгабрэйскія пагромы здарыліся ўначы з 9 на 10 лістапада 1938 года ў буйнейшых гарадах Нямеччыны і Аўстрыі, хаця на правінцыі таксама мелі месца антыгабрэйскія эксцэсы. Ахвярамі пагромаў былі людзі, сінагогі і крамы, уладальнікамі якіх былі габрэі. І адсюль назва ночы – «Крыштальная», ад бітага шкла вітрын крамаў.

А прэтэкстам стаў замах з 7 лістапада 1938 года на Эрнста Вата, нямецкага дыпламата з амбасады Германіі ў Францыі. Замах здзейсніў польскі габрэй, 17-гадовы Хэршэль Грыншпан, сям’я якога пакінула Польшчу ў 1911 годзе і пасялілася ў Нямеччыне.

Хэршэль выехаў у Парыж у 1936 годзе. У кастрычніку 1938 года ён даведаўся, што нямецкія ўлады дэпартавалі ў Польшчу каля 13 тысяч габрэяў, грамадзян Польшчы, у тым ліку яго бацькоў. Ён вырашыў адпомсціць за дэпартацыю і звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на пераслед габрэяў у Трэцім Рэйху, пастанавіўшы застрэліць нямецкага пасла ў Парыжы. Аднак адбылася памылка, і быў забіты дыпламат.

Міністр прапаганды Гёбэльс, атрымаўшы вусную інструкцыю ад Гітлера, запусціў сваю махіну. Пачалося ўзгадненне пагромаў з мясцовымі структурамі СА, СС, НСДАП і моладзевай арганізацыяй Гітлерюгенд. Паліцыя атрымала загад не ўмешвацца ў інцыдэнты, і нават тайна дапамагаць пагромшчыкам. Пагромы праходзілі арганізавана паводле акрэсленага плану.

10 лістапада гітлераўская прапаганда паведамляла пра пагромы як пра спантанныя дзеянні нямецкага грамадства, абуранага замахам на нямецкага дыпламата. Насамрэч, «Крыштальная ноч» была цынічна запланаванай акцыяй, у якой звычайныя грамадзяне ўдзелу амаль не бралі.

Габрэйскія дамы, бальніцы і школы былі разрабаваныя, нападаючыя разбуралі будынкі кувалдамі. Больш за 1000 сінагог былі спаленыя, а больш за 7 тысяч будынкаў і крам, якія належалі габрэям, былі разбураныя ці пашкоджаныя.

Агульны ўрон склаў 25 млн рэйхсмарак, з якіх каля 5 млн прыйшлося на пабітыя вітрыны. Выдаткі на аднаўленне шкоды і разбор рэшткаў разбураных сінагог былі ўскладзеныя нацысцкімі ўладамі на габрэйскія абшчыны.

www.radyjo.net

 

Каментаваць