А заўтра была эпідэмія

Журналіст «НЧ» выпадкова аказаўся ў Кіеве, калі стала вядома пра эпідэмію свінога грыпу ва Украіне. Прапануем рэпартаж Алега Пятрова з эпідэмічнага Кіеву.

Сказаў бы мне хтосьці раніцай 29 кастрычніка пра тое, што Кіеву пагражае эпідэмія, падумаў, што суразмоўца збег з Паўлаўкі (кіеўскі аналаг нашых «Навінак»).



Журналіст «НЧ» выпадкова аказаўся ў Кіеве, калі стала вядома пра эпідэмію свінога грыпу ва Украіне. Прапануем рэпартаж Алега Пятрова з эпідэмічнага Кіеву.

Сказаў бы мне хтосьці раніцай 29 кастрычніка пра тое, што Кіеву пагражае эпідэмія, падумаў, што суразмоўца збег з Паўлаўкі (кіеўскі аналаг нашых «Навінак»).

Нічога не сведчыла пра надыходзячы апакаліпсіс. Бабулькі гандлявалі на вуліцах піражкамі, каля ўваходу на станцыю метро «Вакзальная» падсобныя будаўнікі прапаноўвалі свае паслугі, палітыкі актыўна піярылі сябе: білборд Юліі Цімашэнка сцвярджаў, што яна «працуе», выява Віктара Януковіча на суседнім плакаце абяцала выслухаць кожнага.

Упершыню пра вірус давялося пачуць прыблізна а 12-й гадзіне ад знаёмай у офісе адной піяр-фірмы.

— Слухай, адбываецца нешта дзіўнае. Я тэлефанавала ў Цярнопаль (яна сама з Цярнопалю). Мне кажуць, што горад зачыняюць. Нельга ўехаць, нельга выехаць.

— Гэта, напэўна, з-за той пнеўманіі. Я нешта чытаў пра смяротныя выпадкі.

— Гэта не пнеўманія. Вы бачылі, каб ад запалення лёгкіх паміралі за тры дні? Я думаю: гэта нешта больш сур’ёзнае. Справа ў тым, што ў нас ужо гадоў пяць ніхто не прыбірае смецце з вуліц. Пацукоў у нас вельмі шмат. Катоў і сабак. Гэта нейкая бактэрыя.

Інтрыгуючая інфармацыя прымусіла пайсці ў кіёск і набыць прэсу. Газеты ўжо паведамлялі пра загадкавы вірус, які крочыць з захаду. Аднак тон матэрыялаў на гэтую тэму быў дастаткова іранічны. Адна з газет распавядала пра тое, як яе журналіст ледзь не стаў у вачах публікі клоунам: па загаду рэдактара ён рабіў дэфіле па Хрышчаціку ў рэспіратарнай павязцы. Дзеці паказвалі на яго пальцам і крычалі: «Дзядзя, вірусу няма».

У абед навіна пра новыя ахвяры эпідэміі і маштаб пашырэння інфекцыі пацясніла навіны пра ход выбарчай кампаніі. У Кіеве ты нейкім чынам увесь час замбаваны інфармацыяй. У кафэ і маршрутках, у вулічных гандляроў гучыць FM-радыё, у метро ў кожным вагоне — экран, на якім дэманструюць апошні навіны. Там-сям з’явіліся першыя людзі ў павязках. Цяпер на іх ужо не глядзелі як на фрыкаў.

Тэма грыпу стала прадметам размоў на вуліцы. З падслуханага ў метро: «Сёння мой знаёмы памер у Чарнаўцах. 1978-га года нараджэння. Ускрыццё паказала, што яго лёгкія літаральна згарэлі. У яго дзіця, якому 4 гады, і цяжарная жонка. А дрэнна яму стала толькі тры дні таму. Што рабіць?»

Што рабіць, ніхто не ведаў, паколькі прырода віруса на той час была не вядомая. Гэты аспект надаў новы фармат вячэрнім палітычным праграмам. Звычайна, украінскі вячэрні эфір — гэта дэбаты вядомых палітыкаў і палітолагаў па актуальных праблемах. Аднак на гэты раз справа не тычылася старых пытанняў — NАТО, крызіс, газ, — на якія ўсе даўно ведаюць адказы.

Паказалі Цімашэнка. Адзінае, што яна змагла, некалькі разоў падзяліцца важнай і мудрай думкай: «Трэба цяплей апранацца».

Апазіцыя ў той жа час на другім канале штурхала больш жудасную версію. Ірына Багаслоўская заявіла, што людзей косіць не грып, а лёгачная чума.

Наступны дзень аказаўся судным. Прыкладна а дзесятай урад зрабіў заяву — у краіне эпідэмія свінога грыпу. Каля 40 чалавек ужо памерла. 130 — у цяжкім стане. У ста тысяч дыягназ ВРВІ. Дзевяць абласцей зачыняюцца на каранцін. Заняткі ў школах і ВНУ прыпыняюцца на тры тыдні.

Адразу атмасфера змянілася. Стала сапраўдны не па сябе. Пачалася паранойя. Некаторыя з сяброў прызнаваліся, што ім страшна ездзіць у метро і на маршрутках. Мне, прызнаюся, таксама.

Цяпер, безумоўна, грып ва Украіне — тэма нумар адзін. Шмат спекуляцый наконт крыніц паходжання эпідэміі, у тым ліку ідыёцкіх. Папулярная думка, што грып у Заходняй Украіне выклікалі расіяне, каб адпомсціць мясцовым нацыяналістам. Быццам вірус пранік у Галіцыю праз гастарбайтэраў, якія працуюць у Маскве.

Адразу нехта паспрабаваў выкарыстаць тэму грыпу для выбарчай кампаніі. Праціўнікі Юліі Цімашэнка сур’ёзна кажуць пра тое, што адказнасць за вірус нясе жанчына з касой. Быццам вірус пайшоў гуляць пасля таго, як 25 кастрычніка яна арганізавала на Майдане буйны мітынг, на які прывезлі з самых далёкіх куткоў Заходняй Украіны 150 тысяч чалавек. Быццам у тым натоўпе вірус і выйшаў на волю.

Больш сур’ёзная аналітыка звяртае ўвагу на тое, што ўвесну ўрад выдаткаваў на прафілактыку свінога грыпу 50 мільёнаў грыўняў. Куды яны падзеліся, ніхто не ведае. Савет бяспекі ўжо заявіў, што пачынае следства.

Як лячыцца — другая важная тэма. Якіх толькі эфектыўных рэцэптаў ні пачуеш ад жыхароў Кіеву: «Піце гарэлку з часнаком», «Заняткі сексам павышаюць імунітэт. Я вам кажу. Гэта факт». «Смятана. Кажу вам, што смятана дапамагае».

Украінцы любяць гумар. Не паспеў вірус з’явіцца, як пра яго пайшлі гуляць жартачкі. Чымсьці яны нагадваюць жанр нашых чарнобыльскіх анекдотаў. На форумах можна пабачыць «сур’ёзныя» парады кшталту «пакуль не захварэў грыпам, раю прадаць органы». Або такія разважанні: «Маскі — гэта не эфектыўна. Лепшы сродак — паліць. У цыгарэтах — самы добры фільтр».

Першыя звесткі на конт таго, хто перамагае: вірус або ўкраінцы, будуць вядомыя напрыканцы гэтага тыдню. У аўторак — сераду, па словах медыкаў, эпідэмія паспрабуе штурмаваць Кіеў.

Каментаваць