ААН: 230 мірных сірыйцаў загінулі ад авіяўдараў войскаў Асада і РФ

За апошні тыдзень ад удараў авіяцыі ўрадавых войскаў Сірыі і яе саюзнікаў ва Усходняй Гуце і Ідлібе загінулі 230 мірных жыхароў, заявіў вярхоўны камісар ААН па правах чалавека.

За апошні тыдзень у Сірыі загінулі 277 мірных жыхароў, 230 з іх — у выніку авіяўдараў урадавых войскаў і іх саюзнікаў. Такія дадзеныя ў суботу, 10 лютага, прадставіў у Жэневе вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зейд Раад аль-Хусэйн, паведамляе dw.com.

Па дадзеных ААН, яшчэ 812 мірных сірыйцаў атрымалі раненні. "Апошні тыдзень стаў адным з найбольш крывавых перыядаў за ўвесь час канфлікту", — адзначыў аль-Хусэйн. Большая частка авіяналётаў прыпадае на падкантрольныя сірыйскай апазіцыі тэрыторыі Усходняй Гуты пад Дамаскам і Ідліб на паўночным захадзе краіны.

"Бязлітасную прыроду гэтых нападаў адлюстроўваюць паведамленні аб тым, што ўдары авіяцыі прыйшліся па меншай меры на дзевяць медыцынскіх устаноў", — дадаў вярхоўны камісар ААН па правах чалавека. Зейд Раад аль-Хусэйн згадаў таксама пра ракетныя абстрэлы жылых раёнаў Дамаска з тэрыторый, якія ўтрымліваюцца апазіцыяй, у выніку чаго не менш за сем грамадзянскіх асоб былі забітыя і 18 параненыя.

Ён падкрэсліў, што бамбавання мірнага насельніцтва ва Усходняй Гуце, Ідлібе і Дамаску могуць быць аднесены ў разрад ваенных злачынстваў. "Пасля сямі гадоў паралічу ў Радзе Бяспекі ААН сітуацыя ў Сірыі патрабуе, каб яе разгледзеў Міжнародны крымінальны суд (у Гаазе. — Рэд.)", — сказаў на заканчэнне аль-Хусэйн.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць