Абама: Настаў час для прэзідэнта Пуціна і Расіі адмовіцца ад стратэгіі, якой яны прытрымліваюцца

Прэзідэнт ЗША Барак Абама выступіў з афіцыйнай заявай наконт сітуацыі ва Украіне. Ён распавёў, што абмяркоўваў крушэнне "Боінга" з лідэрамі многіх краін. "Усе яны ашаломленыя — і ў той жа час усе ахоплены пачуццём абурэння", — адзначыў Абама.



— Нашы думкі і малітвы - з сем'ямі ва ўсім свеце, якія перажываюць неймаверныя пакуты. Я размаўляў з цэлым шэрагам сусветных лідараў-кіраўнікоў дзяржаў, грамадзяне якіх загінулі на борце гэтага самалёта, і ўсе яны ашаломленыя — і ў той жа час усе яны ахоплены пачуццём абурэння. Зараз перш за ўсё мы павінны вярнуць на радзіму целы загінулых, старанна расследаваць ўсе, што адбылося, і супаставіць ўсе факты. Наш абавязак — высветліць усю праўду і дамагчыся падсправаздачнасці.

Міжнародныя следчыя ўжо вылецелі на месца. Яны працуюць арганізавана. Я адправіў каманду нашых спецыялістаў, іншыя краіны паслалі сваіх. Яны добра падрыхтаваны і ведаюць, якія пратаколы неабходна выконваць, як шукаць і збіраць рэчавыя доказы, калі здараюцца падобныя міжнародныя інцыдэнты. Але цяпер яны маюць патрэбу ў неадкладным і поўным доступе да месца падзення. Яны павінны мець магчымасць правесці аператыўнае, поўнае, бесперашкоднае і транспарэнтнае расследаванне, — падкрэсліў прэзідэнт ЗША.

Барак Абама дадаў, што тэрыторыю, дзе ўпаў збіты самалёт, кантралююць  сепаратысты, якія падтрымліваюцца Расіяй. І гэта перашкаджае следству, міжнародным даследчыкам.

— Сепаратысты прыбіраюць рэчавыя доказы з месца падзення, і ўзнікае пытанне: што менавіта яны хочуць схаваць? — зазначыў Абама. — Больш за тое, прарасейскія сепаратысты вывозяць з месца падзення целы загінулых, часцяком без належнай клапатлівасці, што мусіць быць пры падобнай трагедыі. Тым самым наносіцца абраза сем'ям, якія страцілі сваіх блізкіх.

Лідар ЗША падкрэслівае значную ролю Расіі ў падзеях, што адбываюцца ва Украіне:

— Расія карыстаецца магутным уплывам на сепаратыстаў. Ніхто гэтага не адмаўляе. Расія іх натхніла. Расія іх навучыла. Нам вядома, што Расія іх ўзброіла, выдала ім таксама сродкі СПА. Вядучыя лідэры сепаратыстаў з'яўляюцца расійскімі грамадзянамі. Прымаючы пад увагу такі непасрэдны ўплыў на сепаратыстаў, Расія і асабліва прэзідэнт Пуцін нясуць прамую адказнасць за тое, каб запатрабаваць ад іх супрацоўнічаць са следствам. Гэта мінімум, што яны могуць зрабіць.

Прэзідэнт Пуцін заяўляе, што ён падтрымлівае поўнае і сумленнае расследаванне. Я цаню гэтыя словы, але яны павінны быць падмацаваныя дзеяннямі. На Расіі ляжыць адказнасць за тое, каб сепаратысты спынілі маніпуляцыі з рэчавымі доказамі, каб следчыя неадкладна атрымалі поўны і бесперашкодны доступ да месца падзення. Адказнасць за іх бяспеку ляжыць на сепаратыстах і іх расійскіх фундатарах. 

У больш шырокім сэнсе, як я ўжо адзначаў на працягу ўсяго гэтага крызісу і крызісу ў Украіне ў цэлым, я казаў наўпрост прэзідэнту Пуціну, а таксама ў маіх публічных выступах, што я па-ранейшаму аддаю перавагу дыпламатычнаму рашэнню ўкраінскага крызісу. Я веру ў тое, што гэта яшчэ можа адбыцца.

Аднак калі Расія будзе працягваць парушаць суверэнітэт Украіны і падтрымліваць сепаратыстаў, і калі гэтыя сепаратысты будуць станавіцца ўсё больш небяспечнымі, пагражаючы людзям не толькі ў Украіне, але і ў іншых краінах, Расія яшчэ больш ізалюе сябе ад міжнароднай супольнасці, і кошт гэтага будзе толькі расці.

Настаў час для прэзідэнта Пуціна і Расіі адмовіцца ад стратэгіі, якой яны прытрымліваюцца, і прыняць сур'ёзныя меры, каб дамагчыся спынення ваенных дзеянняў у Украіне, прызнаючы суверэнітэт Украіны і права украінцаў самастойна прымаць рашэнні, якія датычацца іх жыцця.

Час мае істотнае значэнне. Нашы сябры і саюзнікі павінны мець магчымасць сабраць астанкі загінуўшых. Гэта мінімум, што мы можам зрабіць. Гэта мінімальнае патрабаванне прыстойнасці. Сем'і заслугоўваюць таго, каб годна пахаваць сваіх блізкіх. Свет заслугоўвае ведаць, што ж адбылося на самай справе. А народ Украіны заслугоўвае магчымасці самастойна вызначаць сваю будучыню.

Каментаваць