Абама пашырае санкцыі супраць Расіі

Прэзідэнт ЗША Барак Абама пашырыў санкцыі супраць Расіі ў сераду. Яны скіраваныя на шэраг буйных банкаў, энергетычных і абаронных фірмаў у тое. У прыватнасці яны закрануць «Газпромбанк»«Роснефть», ВЭБ, Уралвагонзавод і канцэрн «Калашнікаў».   



Хаця гэта не зусім тыя «сектаральныя санкцыі», якімі Пуціну пагражалі раней, усё-ткі дзеянні амерыканскай адміністрацыі ідуць значна далей фінансавых і турыстычных абмежаванняў, якія былі накладзеныя да гэтага часу на некалькі дзесяткаў асобаў ды іх бізнэсы. Новыя меры будуць строга абмяжоўваць доступ да амерыканскіх даўгавых рынкаў для мэтавых кампаній. 
 
 
Гэтыя крокі былі скаардынаваныя з еўрапейскімі лідэрамі, якія сустракаліся ў Брусэлі ў сераду, каб разгледзець іх уласны пакет санкцый супраць Расіі. Еўрапейцы адмовіліся пайсці так далёка, як Злучаныя Штаты, засяродзіўшы ўвагу на намерах блакаваць крэдыты на новыя праекты ў Расіі. 
 
 
Паміж Вашынгтонам і Брусэлем існуюць рознагалоссі наконт таго, наколькі жорстка трэба паводзіцца з Расіяй. Але, як кажуць амерыканскія чыноўнікі, тое, што Еўропа прасунулася наперад у пытанні ўласных санкцыяў, варта разглядаць як прыкмету салідарнасці перад тварам расійскай правакацыі ва Украіне. 
 
 
«Мы казалі на працягу досыць доўгага часу, што адмова Расіі зрабіць крокі, якія б прывялі да дээскалацыі канфлікту ва Украіне, ставіць іх пад пагрозу большай ізаляцыі і эканамічных наступстваў»— сказаў Джош Эрнэст, прэс-сакратар Белага дома, журналістам на брыфінгу за некалькі гадзін да таго, як новыя санкцыі мусілі быць абвешчанымі. 
 
 
Крокі, зробленыя ўладамі ЗША, грунтаваліся на высновах амерыканскіх спецслужбаў, што Расія не спыніла паток баевікоў і зброі праз расійска-украінскую мяжу. 
 
 
Белы дом склікаў паслоў Еўрасаюза ў панядзелак на брыфінг, на якім былі прадэманстраваныя свежыя разведдадзеныя аб датычнасці Расіі да падзеяў на ўсходзе Украіны, і настойваў на прыняцці больш рашучых мераў. Расчараваныя пасля чакання на працягу некалькіх тыдняў таго, што еўрапейцы нарэшце выканаюць пагрозы новых санкцыяў, амерыканскія афіцыйныя асобы далі зразумець, што прэзідэнт Абама гатовы дзейнічаць у аднабаковым парадку, калі гэта неабходна. 
 
 
Еўрапейскія чыноўнікі пакуль не гатовыя да прыняцця аналагічных санкцыяў, улічваючы іх значна больш шырокія эканамічныя сувязі з Расіяй.
 
 
У некаторых еўрапейскіх краінах, у прыватнасці ў сферы колішняга дамінавання СССР, выступалі за больш жорсткія меры, але дасягнуць кансэнсусу паміж усімі 28 членамі Еўрасаюзу аказалася праблематычным. 
 
 
Паводле nytimes.com

Каментаваць