Абамы знайшлі сабе працу: былая прэзідэнцкая пара падпісала кантракт з Netflix

Барак і Мішэль Абама падпісалі шматгадовы кантракт з кампаніяй Netflix, якая займаецца вытворчасцю і паказам у інтэрнэце фільмаў і тэлепраграм.
Фота: GETTY IMAGES

Фота: GETTY IMAGES

44-ы прэзідэнт ЗША і яго жонка будуць здымаць для Netflix фільмы і серыялы на самыя разнастайныя тэмы, у тым ліку, магчыма, зоймуцца дакументальным і навукова-папулярным кіно, а таксама серыяламі і экранізацыяй літаратурных твораў.

Спецыяльна для гэтага Абамы заснавалі ўласную кампанію пад назвай Higher Ground Productions, якая і падпісала кантракт з Netflix.

«У часы, калі мы працавалі ў дзяржаўным апараце, адной з самых простых радасцяў для нас было сустракаць неверагодных людзей з усіх сфер жыцця, дапамагаць ім дзяліцца сваім вопытам з шырокай аўдыторыяй, — гаворыцца ў заяве Барака Абамы. — Таму мы з Мішэль так натхнёныя нашым партнёрствам з Netflix і спадзяемся, што зможам дапамагчы выгадаваць таленавітыя, творчыя галасы, якія здольныя прасоўваць ідэі спагады і разумення паміж людзьмі, дапамагаць ім дзяліцца сваімі гісторыямі з астатнім светам».

Паведамляецца, што Абамы будуць працаваць не толькі за кадрам, але і ў кадры. Разам і паасобку.

Мішэль Абама, у сваю чаргу, адзначыла, што яны з мужам заўсёды верылі ў сілу апавядальнікаў: «Яны натхнялі нас, прымушалі па-новаму зірнуць на свет навокал і дапамагалі адкрыць іншым нашы думкі і нашы сэрцы».

Прадстаўнік Netflix Тэд Сарандос пацвердзіў факт падпісання кантракту. Паводле яго слоў, Барак і Мішэль Абама — адны з самых паважаных і шырока вядомых у свеце публічных фігур, і ў іх ёсць унікальная магчымасць даследаваць і адзначаць гісторыі людзей, якія ўнеслі значны ўклад у сваю сацыяльную групу — тых, хто імкнецца змяніць свет да лепшага.

«Мы неверагодна ганарымся, што яны [Барак і Мішэль Абама] выбралі Netflix ў якасці пляцоўкі для рэалізацыі сваёй неверагоднай здольнасці распавядаць гісторыі», — заявіў Сарандос.

Былая асабістая памочніца Барака Абамы ў часы яго працы ў Белым доме, Фірыял Гавашыры, таксама працуе ў Netflix — яна адзін з топ-мэнэджараў кампаніі.

Фільмы, якія ўжо ў найбліжэйшай будучыні плануецца зняць пры ўдзеле былога прэзідэнта ЗША і яго жонкі, будуць даступныя ўсім 125 мільёнам падпісчыкаў Netflix ў 190 краінах свету.

Сэрвіс вядомы сваімі тэлесерыяламі, дакументальнымі і навукова-папулярнымі фільмамі аб розных сферах жыцця.


Паводле bbc.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць