Абхазія — не Майдан, а тупік

Датэрміновыя прэзідэнцкія выбары ў Абхазіі прызначаны на 24 жніўня, а да таго часу абавязкі кіраўніка рэспублікі будзе выконваць спікер парламента Валерый Бганба. Пратэсты ў Абхазіі сведчаць пра сістэмны крызіс мадэлі т. зв. “непрызнаных дзяржаў”, якія Расія стварае ўздоўж сваіх кардонаў. 



Фота russian.rt.com


Пры ўсіх знешніх падабенствах на Майдан (захоп маніфестантамі будынку адміністрацыі, уцёкі гаранта, абвяшчэнне апазіцыйнага ўраду) апошнія падзеі ў Абхазіі не з’яўляюцца рымэйкам кіеўскай лютаўскай рэвалюцыі. Пра гэта лепш за ўсё сведчыць спакойны тон каментараў расійскай прэсы.

Інфармацыя падаецца без эмацыйный нотак, перакосаў у бок падтрымкі Александра Анкваба — абхазскага Януковіча. Відавочна, што ў Маскве не разглядаюць абхазскі Майдан як выклік свайму дамінаванню ў гэтым рэгіёне. Агульнае рэзюмэ маскоўскіх СМІ — мясцовыя папросту нешта не падзялілі, а падзеі ва Украіне хутчэй сталі для незадаволеных прыкладам таго, як трэба дзейнічаць.

“Не падзяліць” абхазы маглі перш за ўсё расійскія датацыі (каля 1 мільярда долараў штогод), з якіх на 70 працэнтаў фармуецца рэспубліканскі бюджэт. Апазіцыя ўвесь час кажа пра тое, што дапамога раскрадаецца, што мае месца практыка нямэтавага выкарыстання грошай. Сярод абхазаў папулярны жарт: "Прэзідэнт рэспублікі вырашыў праблему старых дарог, купіўшы новыя пазадарожнікі".

У якасці падстаў для бунту называюць суб’ектыўны момант — таталітарызм Анквабы. Адзін са шматлікіх раздражняльнікаў — этычны кодэкс прэзідэнта. Ён першым сярод лідараў рэспублікі пачаў ездзіць на картэжы з мігалкамі, што выглядае дзіўна ў краіне, дзе практычна ўсе аднаго ведаюць. Асабліва на фоне разбураных будынкаў. Як сведчыць прэса, Сухумі дасюль месцамі нагадвае Сталінград  пасля вайны: тут так нічога цалкам і не адбудавалі. Сярэдні заробак у Абхазіі ў доларавым эквіваленце — 250–300.

Ёсць і нацыяналістычны фактар для незадаволення. Анкваб быў не супраць, каб грамадзянамі Абхазіі сталі каля  26 тысяч мясцовых этнічных грузінаў.  Частка грамадства, асабліва ветэраны вайны з Грузіяй, якія займаюць камандныя пасады ў вертыкалі, выступілі супраць пашпартызацыі грузін.  

Дарэчы, афіцыйны Тбілісі заняў нейтральную пазіцыю адносна сухумскіх пратэстаў.

А вось апазіцыя, блізкай да экс-прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, лічыць, што падзеі ў Сухумі — шматхадоўка Пуціна. Яе канчатковая мэта — давесці сітуацыю да поўнага хаосу і пад соўсам стабілізацыі дамагчыся інкарпарацыі Абхазіі ў склад Расіі. Аднак пакуль сацыялогія не на карысць такой версіі: толькі 26 працэнтаў абхазаў за далучэнне да РФ.

Усе гэтыя чыннікі — аўтарытарызм, карупцыя і тэма пашпартоў, у выніку і стварылі пратэстную атмасферу, якой скарысталася мясцовая апазіцыя. Яшчэ напрыканцы красавіка каардынацыйны савет апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый склаў спіс патрабаванняў да прэзідэнта. Праціўнікі  запатрабавалі  адправіць у адстаўку кабінет міністраў, на працягу месяца сфармаваць і ўзгадніць пакет паправак да канстытуцыі аб перадачы часткі паўнамоцтваў прэзідэнта парламенту і ўраду рэспублікі, а таксама вызваліць ад пасад генеральнага пракурора і кіраўнікоў адміністрацый некалькіх раёнаў.

Як бачым, у спісе патрабаванняў няма ніводнага лозунгу пра неабходнасць пошуку геапалітычнай альтэрнатывы Маскве. Больш таго, як кажа адзін з лідараў апазіцыі паэт Уладзімір Зантарыя ў інтэрв’ю "Интерфаксу", "адносіны паміж Абхазіяй і Расіяй для нас святыя. Наадварот, мы вінавацім, і пра гэта гаварылася на мітынгу сёння, цяперашнія ўлады Абхазіі ў недастатковай інтэграцыі з Расіяй".

Паколькі абодва бакі ў канфлікце арыентуюцца на Маскву, яна так ці інакш вымушана браць на сябе ролю мадэратара. Прычым не ў першы раз. У 2004 годзе,  пасля выбараў прэзідэнта, супрацьстаянне паміж кандыдатамі ледзь не прывяло да грамадзянскай вайны. Маскве прыйшлося тэрмінова ўмешвацца. У выніку апаненты пагадзіліся лічыць выбары несапраўднымі і пайшлі на перагаласаванне. Большасць назіральнікаў лічаць, што цяперашняя канфрантацыя закончыцца таксама мірным пактам пад пільным вокам эмісараў з Масквы.

У дадатак Расія, якая ўцягнутая ва ўкраінскі крызіс, цяпер не зацікаўленая ў дэстабілізацыі на Паўночным Каўказе. Як піша часопіс "Эксперт", "Абхазія — вельмі маленькая рэспубліка. Аднак досвед паказвае, калі гаворка ідзе пра здольнасць генераваць вялікія праблемы, то памер дзяржавы не мае асаблівага значэння. Калі смуту ў Абхазіі ўдасца хутка спыніць, то мы зможам зноў надоўга забыцца прозвішчы мясцовых палітыкаў. Але калі смута зацягнецца, то можа адбыцца ўсё, што заўгодна, — аж да самых непрыемных для Расіі сцэнарыяў. Лепш да гэтага справу не даводзіць".

Тым больш, што мірны сцэнар будзе падтрымана абарыгенамі. Яны жадаюць хуткага міру, паколькі на носе курортны сезон, а беспарадкі могуць перапужаць турыстаў. 

Нягледзячы на прагназаванае ўсімі хуткае мірнае заканчэнне супрацьстаяння, у абхазскай гісторыі ёсць адзін цікавы аспект. Крызіс у Сухумі прымушае задумацца аб палітычных тэндэнцыях у створаных пад патранатам Масквы непрызнаных дзяржавах — Прыднястроўі, Паўднёвай Асеціі, Абхазіі (магчыма, у бліжэйшы час гэты клуб папоўніцца Данбасам).

Аналізуючы прычыны абхазскага крызісу, нельга не заўважыць, што для краіны, як і для іншых непрызнаных пратэктаратаў Крэмля, характэрны высокі ўзровень карупцыі, эканамічная турбулентнасць, кланавасць, што перыядычна выліваецца ў канфлікты. Расійскія мільярды не дапамаглі ніводнай з гэтых дзяржаў пабудаваць працуючую эканоміку.

Такая мінорная сітуацыя звязана шмат у чым з формай палітычнага рэжыму. Значная частка грамадства той жа Абхазіі патрабуе рэалізацыі дзяржаўнага праекта ў поўнай меры, што немагчыма, паколькі ўсё стратэгічныя і нават тактычныя рашэнні прымаюць за мяжой. Пры гэтым у Маскве выпрацавалі сваю формулу кіраўніцтва такімі тэрыторыямі, у аснове якой — стаўка на кланы. "Стаўка робіцца або на бандытаў, або на жулікаў. На Данбасе нашы стаўленікі — гэта ўсялякія гопнікі. У Крыму прызначаем прэм'ерам Аксёнава па мянушцы "Гоблін". У Абхазіі ўладу які год дзеляць два кланы. Мітынгуюць, інтрыгуюць, ладзяць вось такія спробы пераваротаў. Растрата, крадзеж, карупцыя. На змену адным прыйдуць іншыя, і пра іх скажуць тое ж самае, і зноў павядуць людзей на плошчу крычаць пра карупцыю і крадзеж. А мы павінны выбіраць, які клан нас цяпер больш задавальняе", — адзначае радыё "Эхо Москвы".

Думаецца, па ходу таго, як Масква будзе пагружацца ва ўкраінскі канфлікт, і, адпаведна, будзе вымушана скарачаць траншы для Сухумі, Цхінвалі і Ціраспалю, сістэмныя праблемы ў непрызнаных дзяржавах пачнуць імкліва абвастрацца. 

Каментаваць