Ахвярамі тэрарыстаў у 2014 годзе ў свеце сталі 32,6 тысячы чалавек

Колькасць ахвяр тэрарызму вырасла на 80% у параўнанні з папярэднім годам і ацэньваецца ў 32,6 тысячы чалавек.



© AP Photo/Petr David Josek


"Глабальны рэйтынгу тэрарызму 2015" быў апублікаваны у аўторак у Лондане Інстытутам эканомікі і міру (The Institute for Economics and Peace). У ім адзначаецца, што колькасць ахвяр тэрарызму ў свеце на фоне распаўсюджвання ўзброеных канфліктаў, вырасла ў 2014 годзе на 80% у параўнанні з папярэднім годам, што стала найбольшым павелічэннем гэтага паказчыка за апошнія паўтара дзесяцігоддзі, паведамляе ТАСС.

Даследаванне аналізуе сітуацыю ў 162 краінах, у якіх пражывае 99,6% насельніцтва планеты. У мінулым годзе ахвярамі тэрарыстаў сталі 32 658 чалавек. Гэта ў дзевяць разоў больш, чым у пачатку XXI стагоддзя, адзначаюць аўтары дакладу, бо, напрыклад, у 2000 годзе ад тэрору ў свеце загінулі 3329 чалавек.

Найвышэйшая тэрарыстычная актыўнасць сканцэнтраваная ў пяці дзяржавах: Іраку, Нігерыі, Афганістане, Пакістане і Сірыі.

Гэтыя краіны адказваюць за 78% ахвяр тэрарызму ў 2014 годзе. Яны ж ўзначальваюць рэйтынг. У першую дзясятку краін патрапілі таксама Індыя, Емен, Самалі, Лівія і Тайланд. Усяго ж у свеце ў 2014 годзе налічвалася 67 краін, у якіх у тэракце загінуў хаця б адзін чалавек

Толькі 0,5% тэрактаў здзяйсняюцца на Захадзе.

Эксперты Інстытута эканомікі і міру адзначаюць, што, калі не ўлічваць трагічныя падзеі 11 верасня 2001 года ў ЗША, усяго 0,5% тэрактаў за апошнія 15 гадоў былі здзейснены ў краінах Захаду.

Пры гэтым у 70% выпадкаў, калі разглядаць статыстыку з 2006 года, іх выканаўцамі станавіліся "ваўкі-адзіночкі". Прычым у чатырох выпадках з пяці яны кіраваліся не ідэямі ісламскага фундаменталізму, а вызнавалі вельмі правыя погляды ці бралі на ўзбраенне нацыяналістычныя, антыўрадавыя ідэі, а таксама розныя тэорыі палітычнага экстрэмізму.

"Эканамічная шкода" ад тэрарызму дасягнула найвышэйшага ўзроўню ў 2014 годзе і склала $ 52,9 мільярда.

У якасці тлумачэння прычын тэрарыстычнай актыўнасці аўтары даследавання вылучаюць два фактары, якія з'яўляюцца яе асноўнай рухаючай сілай. Гэта палітычны гвалт з боку дзяржавы, а таксама наяўнасць поўнамаштабнага збройнага канфлікту. Як падкрэсліваецца ў дакладзе, на працягу апошніх 25 гадоў першы фактар вінаваты ў 92% тэрактаў, а другі — у 88%. Як гаворыцца ў дакладзе, "сувязь паміж гэтымі двума фактарамі і тэрарызмам настолькі моцная, што ўсяго толькі менш 0,6% усіх тэрарыстычных нападаў адбыліся ў краінах, дзе няма ніякага збройнага канфлікту або ніякай формы палітычнага тэрору".

Як прыклад прыводзіцца Сірыя, у якой больш за 4 гады не спыняецца грамадзянская вайна. Сітуацыю пагаршаюць замежныя найміты. Як гаворыцца ў дакладзе, з 2011 года ў Сірыю і суседні Ірак прыбылі ад 25 да 30 тысяч наймітаў з 100 краін свету. Гэтая тэндэнцыя працягнулася і ў 2015 годзе, калі за паўгода колькасць наймітаў, якія прыехалі ў гэтыя краіны, склала каля 7 тысяч чалавек.

Што да самых буйных тэрарыстычных арганізацый у свеце, то ў 2014 годзе больш за ўсё людзей загінула ад рук фанатыкаў з нігерыйскай арганізацыі "Бока харам" — 6 644, што на 317% больш, чым годам раней. На руках экстрэмістаў з тэрарыстычнай арганізацыі "Ісламская дзяржава", якія паставілі сабе на мэце стварэнне халіфата на Блізкім Усходзе, кроў 6 073 чалавек, якія загінулі ў тэрактах. У той жа час, як гаворыцца ў дакуменце, ІД адказная за гібель, як мінімум, 20 тысяч чалавек падчас ваеннага канфлікту.

Каментаваць