Ад мора да мора 2.0

Brexit, з аднаго боку, астудзіў еўрафільскія настроі ўкраінцаў, а з іншага — выклікаў каласальны рост інтарэсу да праекту адраджэння Балта-Чарнаморскай садружнасці.


Хаця цалкам пра наступствы Brexit казаць рана, яго негатыўны ўплыў на ўкраінскі еўрааптымізм ужо відавочны. У гэтым сэнсе паказальны ўсплёск публікацый, якія агітуюць за новы геапалітычны вектар Украіны — стварэнне Балта-Чарнаморскай садружнасці (канфедэрацыі) па аналагу з сярэднявечнай Рэччу Паспалітай. Прычым агітуюць за такі саюз не толькі на старонках СМІ. Ідэі будаўніцтва новага альянсу агучваюцца на самым высокім узроўні. Напрыклад, «Міжмор’е» публічна падтрымаў дарадца прэзідэнта і кіраўнік Камітэта па пытаннях выведкі пры прэзідэнце Украіны Ігар Смешко.

Прыхільнікі новага блоку бачаць яго як вось «Кіеў—Варшава—Вільнюс». У іншыя патэнцыйныя сябры Балты-Чарнаморскага клубу запісваюць Латвію, Эстонію, Славакію, Венгрыю і нават Турцыю. Кандыдатура Беларусі таксама не выключаецца, аднак разглядацца ў межах футуралогіі.

А вось наконт фармату аб’яднання адзінства сярод яго аматараў няма. Частка экспертаў разглядае магчымы саюз як працэс паступовага ўмацавання двухбаковых адносін. Іншыя падтрымліваюць больш шчыльныя варыянты супрацоўніцтва: напрыклад, на аснове прынцыпу канфедэрацыі. Цікава, што адзін з аргументаў на карысць першага варыянту — магчымасць паступова ўцягваць у блок Беларусь. Акрамя таго, ужо ёсць канкрэтны досвед двухбаковай кааперацыі: агульная вайсковая брыгада, дзе служаць жаўнеры Польшчы, Украіны і Літвы.

Сцэнары стварэння Балта-Чарнаморскай садружнасці розныя. Ёсць думка, што фундаментам будаўніцтва можа выступіць Вышаградская група, у склад якой уваходзяць Польшча, Славакія, Чэхія і Венгрыя. «Вышаградцы» могуць узмацніць вайскова-палітычную кааперацыю, запрасіўшы ў свае шэрагі Кіеў і Вільню. Ёсць праект будаўніцтва саюза знізу (яго, дарэчы, ужо рэалізуе грамадзянская ініцыятыва «Балта-Чарнаморская канфедэрацыя»). План заключаецца ў тым, каб стварыць секцыі арганізацыі ў кожнай краіне будучага саюза, і праз іх прапагандаваць інтэграцыю ў грамадстве, ціснуць на палітыкум.

Натуральна, паўстае пытанне — з якога перапуду краінам рэгіёну блакавацца з Украінай? Асноўным фактарам называецца «рэгіянальная спецыфіка». «Як па мне, ёсць тры Еўропы. Гэта, уласна, «Старая Еўропа», што называюць «Саюз вугалю і сталі» — Францыя, Германія і ўсё, што вакол гэтага. Другая — «Скандынаўская Еўропа» на чале з Вялікабрытаніяй, англа-саксонская мадэль. І трэцяя — цэнтральнаеўрапейская, да якой туліцца Украіна, з цэнтрам у Польшчы: Балта-Чарнаморскае «Міжмор’е». Відавочна, што краіны маладой дэмакратыі будуць вымушаныя аб’ядноўвацца вакол самага моцнага ўдзельніка —  Польшчы», — кажа дыпламат, экс-пасол у Беларусі Раман Бяссмертны.

Імпульсам для інтэграцыі будуць агульныя выклікі — і перш за ўсё пагроза з боку Масквы, кажуць іншыя. Так, Gazeta.ua адзначае: «Падчас украінскага крызісу канчаткова высветлілася, што вядучыя ўдзельнікі NATO — Германія і Францыя — з’яўляюцца саюзнікамі Масквы. Краіны Балтыі і Польшча, якія з’яўляюцца чальцамі гэтага ваенна-палітычнага саюза, зразумелі: у выпадку расійскай агрэсіі іх ніхто не будзе бараніць, давядзецца спадзявацца на ўласныя сілы».

Трэба сказаць, што ў плану «Міжмор’я» хапае крытыкаў. Чамусьці гэта ідэя выклікала вельмі негатыўную рэакцыю сепаратысцкіх СМІ. «Паміж эканомікамі Украіны і Польшчы няма амаль ніякіх сувязяў, іх нічога не аб’ядноўвае (акрамя сезонных рабочых на клубніцы). Акрамя таго, у Польшчы вельмі моцныя забабоны супраць Бандэры, што непазбежна выкліча дадатковую канфліктнасць. А калі да ўсяго гэтага дадаць яшчэ і прыбалтыйскіх карлікаў, то гэта яшчэ больш знізіць стабільнасць дадзенай хімеры», — заключае маскоўскі публіцыст Аляксандр Роджэрс.

Ёсць у праекта крытыкі і сярод украінскіх нацыяналістаў, якія звяртаюць увагу на тое, што ідэя «Міжмор’я» ў Польшчы ў асноўным эксплуатуецца польскімі нацыяналістамі, і падаецца грамадству выключна як саюз, дзе дамінуе Польшча. Нездарма праект кааліцыі з Польшчай нават не разглядаецца ў Вільні — насуперак агульнай гістарычнай спадчыне.

Тут сапраўды ёсць закавыка. Многія ўкраінскія публіцысты гатовыя на сяброўства Украіны ў саюзе з Польшчай і Літвой выключна пры ўмове лідарства Кіева. «Ключавым гульцом Балта-Чарнаморскай садружнасці будзе Украіна, што выклікана яе цэнтральным размяшчэннем, прыроднымі рэсурсамі, пасіянарным насельніцтвам, эканамічным, тэхналагічным, навуковым і ваенным патэнцыялам», — марыць палітолаг Ігар Каганец.

Ці прапішацца ў палітычнай дыскусіі Украіны тэма Балта-Чарнаморскага саюза, сказаць цяжка. Але можна адзначыць, што ва Украіне паралельна праеўрапейскай запатрабаваныя і ёсць іншыя геапалітычная формулы.



Каментаваць