Ад піянеркі да першай лэдзі

У выпадку перамогі Дональда Трампа пасаду першай лэдзі ў ЗША можа заняць яго 45-гадовая жонка Меланія, вядомая мадэль, якая нарадзілася ў Славеніі. Пра тое, як успрымаюць феномен Меланіі Трамп на яе радзіме, распавядае славенскі выдавец Здэнка Кучан.


— Ці назіраецца ў цяперашняй Славеніі ўсплёск «меланіяманіі»?

— Безумоўна, у краіне сочаць за выбарчай кампаніяй у ЗША і за тым, што непасрэдна робіць або заяўляе Меланія. Яе выява не сыходзіць з вокладак мясцовых таблоідаў. Меланію называюць нават «самай вялікай дачкой нацыі». Ужо паўстала практыка экскурсій у Севніцу, дзе нарадзілася і вырасла Меланія. У Севніцы анансавалі перанайменаванне аднаго з тапанімічных аб’ектаў у яе гонар. Нешта я чула пра тое, што на рынку з’явілася віно «Меланія». Актыўна даюць інтэрв’ю ўсе, хто ведаў цяперашнюю місіс Трамп, пакуль яна не з’ехала з краіны ў 1996 годзе, у тым ліку яе суседзі і экс-бойфрэнды.

Праўда, інтарэс да выбараў у Штатах — не толькі праява нейкага гонару, што суайчыннік выбіўся так далёка наверх. Справа ў тым, што краіна дасюль знаходзіцца ў эпіцэнтры міграцыйнага крызісу. У мінулым годзе праз двухмільённую монаэтнічную краіну прайшоў караван у 500 тысяч чалавек. Гэта змяніла ўсё. Таму ваяўнічыя тэзы Дональда Трампа, што трэба ўвогуле не пускаць мігрантаў-мусульман, маюць пазітыўны рэзананс у Славеніі. Лозунг: «Дональд Трамп!» гучыць падчас вулічных маніфестацый правых. Прадаюцца бейсболкі з трампавым выбарчым лозунгам: «Make America great again». Падабаецца славенцам і тое, што Трамп крытыкуе Ангелу Меркель, якую народная думка зрабіла галоўнай адказнай за наплыў чужынцаў. Пры гэтым апускаецца пікантная дэталь: Меланія Трамп таксама ў свой час была эмігранткай, якая прыехала за акіян шукаць лепшай долі. Як і тыя, хто сёння намагаюцца прарвацца ў Еўропу праз нашу краіну.

— Еўрапейская прэса любіць іранізаваць наконт таго, што Меланія ў дзяцінстве, якое выпала на часы сацыялістычнай Югаславіі, паспела пабыць у шэрагах піянераў. Некаторыя пішуць, што ў Белым доме ўпершыню ў гісторыі можа з’явіцца камуністка.

— Наўрад ці сяброўства Меланіі ў шэрагах «Саюза піянераў Югаславіі» асабліва паўплывала на яе светапогляд. 1980-я гады, калі яна была піянеркай, былі эрай імклівай дэфрагментацыі мадэлі, якую пасля вайны пабудаваў Ціта. У грамадстве панавалі, галоўным чынам, індывідуальна-меркантыльныя настроі, набывалі моц сепаратысцкія ідэі, калі ўчорашнія чыноўнікі-камуністы масава перафарбоўваліся ў нацыяналістаў. Адным словам, для фармавання камуністаў грамадская атмасфера была не вельмі спрыяльнай. Увогуле, пры наяўнасці ў Меланіі камуністычных забабонаў, тыя так ці інакш былі ўжо агучаныя яе мужам. Яна кажа, што мае ўплыў на рэдакцыю тэкстаў прамоў Дональда. Аднак, як бачым, праграма ў Дональда Трампа, па вялікім рахунку, кансерватыўная.


Фота GettyImages.ru


— Ці спадзяюцца славенцы на рост ролі Любляны ў міжнароднай палітыцы ў выпадку перамогі Трампа?

— Фантазій на глебе таго, што Трамп-прэзідэнт, зрабіўшы вялікай Амерыку, кінецца рабіць вялікай Славенію, хапае. Напрыклад, мэр Севніцы сцвярджае, што краіну пасля перамогі Трампа чакаюць бязмежныя інвестыцыі. Аднак Славенія — занадта малая, каб уплываць на глабальны працэс нават у выпадку, калі асноўным дарадчыкам прэзідэнта ЗША будзе этнічная славенка. Мяркую, больш надзей на тое, што праз фігуру першай лэдзі ў свеце вырасце агульны інтарэс да Славеніі, што, у сваю чаргу, паспрыяе росту турсектару. Наступствам перамогі Трампа для лакальнай палітыкі можа быць рост уплыву правых, хаця, па шчырасці, практычна ўсе вядучыя палітыкі, у тым ліку і цяперашні сацыял-дэмакратычны прэзідэнт, ва ўнісон абяцаюць закрыць межы краіны для чужынцаў.

— Як часта сама Меланія Трамп бывае на радзіме або згадвае пра яе?

— Практычна адразу пасля эміграцыі яна намагалася як мага менш згадваць пра свае карані, нават прызнавалася, што ёй сорамна казаць, што яна славенка. Як правіла, яна распавядае пра бацькаўшчыну выключна як пра пройдзены этап сваёй біяграфіі. Зараз яна падтрымлівае камунікацыі з радзімай праз сваіх бацькоў, якія перыядычна наведваюць дачку ў Штатах.



— Ці ёсць у Славеніі тыя, хто негатыўна ставіцца да фенаменальнага палітычнага ўзлёту сваёй суайчынніцы за акіянам?

— Напэўна, я — адна з іх. Як аматару руху феміністаў, асоба Хілары Клінтан, якая мае шанец стаць першай жанчынай-прэзідэнтам ЗША, мне больш сімпатычная. Гэта добра паўплывае на актыўнасць жаночых арганізацый і ў Славеніі. Я таксама не хачу быць ахвярай дурных ілюзій пра магчымы бум амерыканскіх інвестыцый, разумеючы, што Славенія, мякка кажучы, не цікавая Вашынгтону. Наўрад ці амерыканцы ўвогуле ведаюць, дзе наша краіна знаходзіцца на мапе.

Я пагаджуся, што Меланія Трамп сёння найбольш вядомая ў свеце славенка, аднак наўрад ці самая адукаваная ў сферы амерыканскай палітыкі. Свежы доказ — скандальны выступ кандыдаткі ў першыя лэдзі на рэспубліканскай партыйнай канвенцыі, які, як высветлілася пазней, быў плагіятам старой прамовы Мішэль Абамы. Калі я натыкаюся на амерыканскіх інтэрнэт-форумах на выразы кшталту «ідыёт быў здольны знайсці жонку выключна сярод ідыётак», мне трошкі сорамна за наш народ. Аднак яшчэ больш няўтульна пры думцы, якіх дроў здольная наламаць Меланія, калі ўсё ж стане першай лэдзі.



Каментаваць