Ад гарадоў да жукоў і парфумы

У Расіі ў продажы з’явіўся мужчынскі парфум «Уладзімір Пуцін». Iмёнамі дыктатараў і герояў называлі шмат чаго. Гарады, караблі, аэрапорты, стадыёны, вуліцы... —  гэта далёка не поўны спіс аб’ектаў, якія носяць імя нейкага дзеяча



 Фота www.rus.err.ee


Напрыклад, у прыродзе сустракаецца жук, названы ў гонар былога прэзідэнта ЗША Джорджа Буша. Палітызацыя свету энтамалогіі — заслуга навукоўца Квенціна Уілера. Ён кажа, што, будучы па палітычных поглядах кансерватарам, хацеў такім чынам выказаць сваю палітычную пазіцыю. Па словах Уілера, Буш падзякаваў за жука, які носіць яго імя.

Калі ўжо ў гонар палітыкаў называць жукоў, то кветкам, можна сказаць, было наканавана насіць гучныя назвы. Напэўна, самая славутая кветка, названая ў прыліве любові да палітыка, — кімчэнірхва. Гэта бягонія, якую вывеў у 1988 годзе адзін японскі прыхільнік Кім Чэн Іра з нагоды 45-га юбілею правадыра. Не дарма кімчэнірхва квітнее 16 лютага — у дзень нараджэння дыктатара. Кветка адразу стала сімвалам рэжыму.  Штогод у лютым у сталіцы КНДР Пхеньяне праводзіцца незвычайны фестываль кімчэнірхваў, выдаюцца навуковыя працы пра тое, як яе лепш разводзіць, у гонар кветкі нават складзена песня. 

У 2012 годзе ўлады Сінгапура назвалі новы спецыяльна выведзены гатунак архідэі імем канцлера Германіі Ангелы Меркель. У прэсе пішуць, што Меркель была вельмі расчуленая, пабачыўшы Dendrobium Angela Merkel — мятровую расліну з фіялетавымі кветкамі. У Сінгапуры з’явілася на свет і архідэя, прымеркаваная да 85-годдзя Маргарэт Тэтчэр.

Трэба падкрэсліць, што імёны палітыкаў розным раслінам пачалі даваць значна раней. На пачатку ХІХ стагоддзя адно з дрэваў у Паўночнай Амерыцы назвалі Франклінам у гонар прэзідэнта Франкліна, а нейкую чылійскую ліяну — Жазэфінай, каб засведчыць павагу да жонкі Напалеона.

У гонар правіцеляў называлі гарады, вуліцы і нават рэлігійныя ўстановы. Так, у Асманскай імперыі з’явілася традыцыя надаваць рэлігійным установам імёны султанаў і іх сямейнікаў. У нашы часы пра былыя звычкі султанаў узгадалі ў Чачні. Нядаўна ў горадзе Шалі пачалі будаваць мячэць імя дзеючага прэзідэнта Чачэнскай рэспублікі Рамзана Кадырава. Увогуле, сям’я Кадырава шырока прадстаўленая ў царкоўнай геаграфіі рэгіёну. Галоўная мячэць Грознага названая ў гонар Ахмата, бацькі Рамзана. Будуецца мячэць у Аргуне, што будзе насіць імя маці Рамзана — Айманам Кадыравай. У радавой вёсцы Кадыравых мясцовая мячэць носіць імя дзеда Кадырава — Абдул-Хаміда.

Калі ўжо гаворка пра мінулае, то варта нагадаць, што якраз у сярэднявечныя часы пачалі даваць імёны палітыкаў розным алкагольным напоям. Так, у Бельгіі ў гонар іспанскага імператара Карла, які тут нарадзіўся, быў звараны асаблівы гатунак піва. У Шатландыі мясцовага караля Роберта ўшанавалі з дапамогай названага ў яго гонар віскі. Гларыфікацыя палітыкаў праз алкаголь захавалася да нашага часу. Дастаткова ўзгадаць гарэлку «Ельцын». Праўда, у дадзеным выпадку ўлічвалася ў тым ліку тое, што экс-прэзідэнт Расіі часта быў не вельмі цвярозы на публіцы.

Аднак з улікам кан’яка «Напалеон», праслаўленне прозвішча правіцеля праз алкаголь выглядае не так ужо і кепска. Не дарма ў 2012 годзе ўлады партугальскага горада Санта-Комба-Дао вырашылі назваць новы гатунак чырвонага віна ў гонар экс-дыктатара Антоніа Салазара, а пасля пачаць нават выраб кілбасы пад тым жа брэндам. Такія планы выклікалі неадназначную рэакцыю насельніцтва.

У апошні час практыка называць нешта ў гонар палітыкаў пачала выкарыстоўвацца для іх кампраметацыі. Так, у 2013 годзе амерыканскія эколагі з руху «305 Movement» звярнуліся да Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі з прапановай даваць разбуральным ураганам імёны палітыкаў, якія грэбліва ставяцца да праблемы змены клімату на Зямлі. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра палітыкаў, якія лабіруюць інтарэсы нафтавых і вуглездабыўных кампаній. У прыватнасці, ураганы прапанавалася назваць у гонар Рыка Пэры, губернатара Тэхасу, які лічыў змяненне клімату «выдумкай навукоўцаў».

Нельга прайсці міма спробаў надаваць імёны палітыкаў чаму-небудзь дзеля кан’юнктуры. Так, некаторыя ўкраінскія палітычныя колы заклікаюць кіеўскую мэрыю перайменаваць Паветранафлоцкі праспект у гонар расійскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова. Прыхільнікі праспекту Нямцова лічаць, што змена назвы будзе моцным маральным ударам для кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, пасольства якой знаходзіцца якраз на гэтай вуліцы.

Практыка называць нешта ў гонар пэўнай асобы ўтрымлівае рызыкі. Пасля змены рэжыму, як правіла, рашэнне пра перайменаванне намагаюцца адразу адмяніць. Напрыклад, у Туркменістане пасля смерці Ніязава новае кіраўніцтва вырашыла вярнуць у каляндар старую назву месяцу «сту­дзень», які нябожчык пры жыцці паспеў перайменаваць у свой гонар: першы дзень новага года ў ніязаўскім Туркменістане называўся 1 туркменбашы. 

Думаецца, парфум імя Пуціна таксама ўвойдзе ў гісторыю як сімвал падхалімства. Прынамсі, нават на расійскіх інтэрнэт-форумах шмат жартаў наконт гэтага тавару. Некаторыя каментатары, напрыклад, здзіўленыя — чаму парфум не мае колеру крыві? Аднак, падаецца, эксперымент з парфумам у гонар палітыкаў яшчэ не закончаны. Уладзіслаў Рэкуноў, аўтар Пуцінскага водару, заявіў, што марыць стварыць парфум у гонар беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-01-19 15:59:15
Дзякуй, пазнавальна.

Каментаваць