Ад крызісу выратуе манархія

У той час, як у суседняй Іспаніі рэйтынг каралеўскага двара імкліва падае (зараз Хуану Карласу давяраюць каля 40 працэнтаў іспанцаў), у суседняй Партугаліі, наадварот, назіраецца рост папулярнасці Дуартэ Піу — галоўнага нашчадка партугальскіх каралёў, якія былі пазбаўленыя трону ў выніку рэвалюцыі 1910 года.



Герцаг Браганса Дуартэ Піу з жонкай Ізабэль


Так здарылася, што абвяшчэнне рэспублікі не вырашыла эканамічных праблемаў краіны. Наадварот, пасля 1910 года партугальцы сталі жыць цыклічна — ад аднаго ўрадавага ці карупцыйнага скандалу да наступнага. У дадатак рэспубліканскі путч сімвалічна значыў канчатковы разрыў з імперскім мінулым Партугаліі, якая калісьці ўключала ў свой склад Бразілію, Анголу, Мазамбік, Макао, Гоа...


Не дзіўна, што мела месца некалькі спробаў рэстаўрацыі дынастыі, самай буйной з якіх быў мяцеж на поўначы краіны ў 1919 годзе. Паўстанцы трымаліся каля месяцу, аднак у выніку склалі зброю. Манархісты яшчэ нейкі час заставаліся ўплывовым рухам, пакуль у 1928 годзе ў краіне не быў усталяваны аўтарытарны рэжым — так званая «Новая дзяржава», лідар якой Антоніу дзі Алівейра Салазар запазычыў у манархістаў шмат іх фішак: нацыяналізм, клерыкалізм, імперская ідэя і г.д. І хаця дыктатар, як і Франка ў суседняй Іспаніі, не знайшоў агульнай мовы з манархістамі, ён час ад часу кідаў ім костку.


Пасля краху дыктатуры ў 1974 годзе прыхільнікі манархіі сфармавалі партыю Народны манархісцкі рух (PPM), якая спачатку карысталася падтрымкай выбаршчыкаў. PPM нават удзельнічаў у другім кааліцыйным кабінеце новай рэспублікі. Але на наступных выбарах электарат манархістаў пачаў галасаваць за правы цэнтр. Апошні раз дэпутат ад PPM быў абраны ў парламент дзесяцігоддзе таму. Шэсць гадоў таму апошні прадстаўнік палітычнага сямейства манархістаў быў заўважаны ў адным з гарадскіх муніцыпалітэтаў.


У такой сітуацыі манархісты вырашылі змяніць мадэль руху і зрабілі стаўку на грамадскую дзейнасць. Так узнікла «Раялісцкая асацыяцыя», галоўная мэта якой — папулярызацыя манархісцкай дактрыны. Самі манархісты дастаткова пазітыўна ацэньваюць вынікі сваёй дзейнасці.
Аднак цяпер прыходзіцца думаць пра больш глабальныя рэчы. Партугалія, як і сто гадоў таму, — нацыя-банкрут, і зноў у масах назіраецца вялікі недавер да рэспубліканскіх установаў і карумпаваных палітыкаў. Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, ідэя манархіі падабаецца прыкладна кожнаму трэцяму партугальцу. Не так даўно група манархістаў-інтэлектуалаў апублікавала свайго кшталту зварот да суайчыннікаў з заклікам адмовіцца ад рэспубліканскага ладу. На іх думку, адноўленае партугальскае каралеўства зробіцца перадумовай выхаду краіны з крызісу.


Праўда, пакуль канструктыўная праграма манархістаў гучыць вельмі абстрактна. Аўтары маніфесту пішуць: «Мы павінны запатрабаваць сапраўдную дэмакратыю, падмурак якой — баланс паміж правамі і абавязкамі для ўсіх грамадзян. І манархія, дзякуючы якой у нас будзе гістарычны каралеўскі інстытут, дазволіць глядзець на Партугалію комплексна. Манархія аб’яднае нас, партугальцаў, вакол агульнай мэты: павагі да нашай Радзімы. Гэта перадумова для дабрабыту кожнага з нас. Гэта прывядзе да адказнасці палітыкаў і ўраду! Гэта будзе праўдзівая сістэма правасуддзя, што цалкам незалежная ад партыйных разборак. Барацьба з карупцыяй пры любой манархіі — прыярытэт, таму гэта сапраўдная дзяржава дэмакратычнага права!»


Але ў манархістаў ёсць значна больш важная праблема. Галоўны прэтэндэнт на трон, здаецца, займаць яго не жадае. Дуартэ Піу — 24-ты герцаг з роду Браганса (каралеўская дынастыя ў Партугаліі) прызнаецца большасцю галоўным нашчадкам трону. Ён нарадзіўся 15 мая 1945 года на тэрыторыі пасольства Партугаліі ў Берне (Швейцарыя). Ідэя нараджаць у пасольстве не была забабонам бацькоў Дуартэ. Каралём Партугаліі, адпаведна старадаўняму закону, можа быць толькі прадстаўнік, які нарадзіўся на партугальскай зямлі, а тэрыторыя пасольства фармальна лічыцца партугальскай. Хросным бацькам немаўляці быў, дарэчы, рымскі папа Пій XII.


У 1950-я гады сямейству Браганса было дазволена вярнуцца ў Партугалію. Там Дуартэ Піу атрымаў вайсковую адукацыю, пасля праходзіў ваенную службу пілотам у Анголе. У 1995 годзе Дуартэ Піу ажаніўся і цяпер мае траіх дзяцей.


Нашчадак трону далёкі ад ідэі зрабіцца каралём. Напрыклад, калі ён быў у Анголе, якую заваявалі яго славутыя продкі, Дуартэ дапамагаў тубыльцам зладзіць выбары ў першы ангольскі парламент.
У 1975 годзе ён арганізаваў кампанію за прызнанне незалежнасці іншай партугальскай калоніі — Усходні Тымор. Калі ў 1997 годзе гэтая краіна канчаткова стала незалежнай (пасля сыходу партугальцаў край захапілі войскі Інданезіі), кіраўніцтва краіны дало арыстакрату пашпарт Усходняга Тымора за яго заслугі ў справе дэкаланізацыі.


Дуартэ таксама ніколі не падтрымліваў манархісцкі палітычны рух, хаця самі манархісты нават прасілі ў парламенце ад ураду афіцыйна замацаваць за ім тытул нашчадка партугальскай кароны. Усе свае палітычныя амбіцыі дафін кампенсуе актыўнай грамадскай дзейнасцю. Ён узначальвае адзін з культурных фондаў і працуе ў апараце Садружнасці партугаламоўных краін (CPLP) — міжнароднай арганізацыі, што створаная 17 ліпеня 1996 года і аб’яднала краіны, у якіх партугальская мова з’яўляецца афіцыйнай.


Нядаўна «El Pais» апублікавала вялікі рэпартаж з яго рэзідэнцыі, дзе ў тым ліку запытала герцага наконт перспектываў рэстаўрацыі. Герой рэпартажу дыпламатычна адказаў, што галоўнае для яго і яго 16-гадовага сына, які цікавіцца біялогіяй, — не захапляцца абстракцыямі, а разумець адказнасць за сям’ю, якая амаль 500 гадоў была на троне.


Праўда, Дуартэ Піу не з’яўляецца прамым нашчадкам апошняга караля Партугаліі Мануэла II, які ў 1932 годзе памёр у выгнанні, не пакінуўшы дзяцей, братоў і сясцёр. Дуартэ Піу належыць да лініі роду былых бразільскіх імператараў, якія таксама былі з дому Браганса. І пытанне ў тым, што адзін з продкаў Дуартэ Піу афіцыйна пакляўся, што яго нашчадкі не будуць займаць партугальскі трон. Аднак пра тую клятву забылі, калі памёр Мануэл II. Існуюць таксама іншыя галіны дому Браганса, бліжэйшыя да галоўнай галіны, але па жаночай лініі, што тым не менш не выключае іх правоў на карону.


У сакавіку 2008 года на сайце Mona’rquicos.com з’явіўся фатаздымак, на якім разам выяўленыя абодва асноўныя канкурэнты Дуартэ Піу ў барацьбе за партугальскую карону. Меркавалася, што паміж імі існуе хаўрус супраць Дуартэ Піу, але далейшых пацверджанняў наконт гэтай кааліцыі не паступіла.

Каментаваць