Ад Мусаліні да Берлусконі

У Італіі самараспусцілася партыя Нацыянальны альянс (AN) — гістарычны нашчадак Саюза фашыстаў Беніта Мусаліні. Былыя сябры AN дружна вырашылі ўступіць у партыю кансерватараў.

Журналісты, якія пісалі рэпартажы з апошняга з’езду партыі Нацыянальны альянс, канстатуюць: дэлегаты не дэманстравалі ніякага пачуцця настальгіі або разгубленасці.



У Італіі самараспусцілася партыя Нацыянальны альянс (AN) — гістарычны нашчадак Саюза фашыстаў Беніта Мусаліні. Былыя сябры AN дружна вырашылі ўступіць у партыю кансерватараў.

Журналісты, якія пісалі рэпартажы з апошняга з’езду партыі Нацыянальны альянс, канстатуюць: дэлегаты не дэманстравалі ніякага пачуцця настальгіі або разгубленасці.

Нагадаем, што рашэнне пра самароспуск Нацыянальнага альянсу было, на першы погляд, прынята пад прымусам і дыктатам цяперашняга прэм’ера Сільвіа Берлусконі. Кавалер (мянушка палітыка) — галоўны спонсар і харызматычны лідэр італьянскай правай — заявіў, што не бачыць сэнсу ў будучым фармаваць шырокія выбарчыя кааліцыі. Зараз ён будзе ісці на выбары самастойнай партыяй — Popolo della Libertа (Народ свабоды).

«Хто не са мной, той супраць мяне», — фактычна даў зразумець Сільвіа сваім саюзнікам па ўраду: партыі Нацыянальны альянс і Лізе Поўначы. Пагроза заслугоўвае ўвагі. Берлусконі кантралюе амаль увесь медыярынак. Альянс не вытрымаў маральнага ціску і пагадзіўся на харакіры. Яго сябры ўвайшлі ў новы партыйны праект Берлусконі.

Для кожнага фанатыка мадэлі правага аўтарытарызму навіна пра роспуск AN гучыць як пахавальны звон па ўсёй традыцыі. Нацыянальны альянс — прамы гістарычны нашчадак Саюзу фашыстаў Беніта Мусаліні. Саюз быў забаронены пасля краху фашысцкага рэжыму, аднак пасля вайны ў 1947 годзе былыя фашысты змаглі сабрацца пад дахам новай партыі — Італьянскага сацыяльнага руху (MSI).

Ужо абрэвіятура партыі казала пра погляды яе заснавальнікаў. MSI — гэта скарочаная форма прозвішча Мусаліні. З тых часоў MSI стаў сапраўдным жупелам, крыніцай пагрозы асновам італьянскай рэспублікі. Місіні (так празвалі сяброў MSI) адкрыта сімпатызавалі рэжыму Франка, казалі, што дыктатура «чорных палкоўнікаў» у Грэцыі — прыклад для Італіі. На базе радыкальнага крыла MSI існаваў шэраг тэрарыстычных арганізацый, адказных за так званую «стратэгію напругі» — арганізацыю тэрарыстычных атак. Некаторыя сябры руху нават спрабавалі ўзняць паўстанне супраць рэспублікі.

Праўда, шмат хто бачыў у праекце MSI руку ЦРУ, якое баялася прыходу да ўлады папулярных на Апенінах камуністаў і актыўна фінансавала любыя антыкамуністычныя арганізацыі. Напрыклад, MSI, нягледзячы на шум вакол фашысцкіх герояў, якія памерлі за радзіму змагаючыся з амерыканцамі, падтрымала ўступленне Італіі ў блок NАТО. MSI нават заплюшчыла вочы на тое, што некаторыя артыкулы статуту NАТО супярэчылі прынцыпам руху. Напрыклад, Італія як сябра Паўночнаатлантычнага альянсу аўтаматычна адмаўлялася ад знешніх тэрытарыяльных прэтэнзій, прызнавала перадачу шэрагу гарадоў на беразе Адрыятыкі Югаславіі.

Нават пасля 1995 года, калі да кіраўніцтва MSI прыйшоў прагматычны Джанфранка Фіні, які перайменаваў рух у Нацыянальны альянс і нават зрабіў тур у Ізраіль, AN канчаткова не пазбавіўся іміджу партыі карычневых. Колькі Фіні не казаў партыйцам, што Мусаліні — гэта архаіка, тыя ўсё роўна кожны год святкавалі гадавіну Паходу на Рым.

І вось цяпер легендарная арганізацыя добраахвотна распускаецца, каб уліцца ў склад партыі, якая марыць стаць асновай кансерватыўнага лагеру. Больш таго, як паказвае настрой сяброў Нацыянальнага альянсу, яны абсалютна не супраць такога варыянту. «Нарэшце ў нас будзе сапраўдная партыя для італьянцаў», — было напісана на адным транспаранце ў зале, дзе адбываўся пахавальны з’езд AN. Такім чынам, відавочна, што, уступаючы ў партыю Берлусконі, экс-сябры альянсу пераследуюць нейкія стратэгічныя мэты. Якія?

Зараз у Італіі мае месца цікавая палеміка наконт будучага новай партыі. Як стануць будавацца адносіны паміж Фіні і Берлусконі? Хто ўрэшце займее больш пераваг ад гэтага аб’яднання?

Што ў выніку атрымае Берлусконі? 8–9 працэнтаў выбаршчыкаў італьянскага электарату — прыкладна столькі людзей зараз галасуюць за Нацыянальны альянс. Што атрымае Фіні і ягоныя прыхільнікі? Куды больш?

Партыя Берлусконі — партыя са слабым ідэйным рэнаме, якую вызначае выключна асоба яе лідэра. Былыя сябры Нацыянальнага альянсу лепш разумеюць, якое значэнне мае вайна дэфініцый, праца на культурным фронце. Напрыклад, дзякуючы міністрам AN дзяржаўныя чыноўнікі сталі выкарыстоўваць такія правыя паняцці, як «нацыянальная ідэнтычнасць». Левая прэса звярнула ўвагу на словы Берлусконі, якія ён сказаў падчас устаноўчага кангрэсу, што «прыйшоў час кансенсусу». Тэзісам «кансенсус» прыхільнікі фашызму называюць познія гады дыктатуры Мусаліні, якія папярэднічалі ўступленню Італіі ў вайну ў 1940 годзе. На гэтыя гады прыйшоўся зеніт яго дыктатуры: апазіцыя была знішчана, прэса манапалізавана, людзі не верылі, што можа быць нейкая альтэрнатыва.

Людзі Фіні канчаткова пазбаўляюцца іміджу фашыстаў. Былыя фашысты атрымліваюць пропуск ва ўплывовы еўрапейскі Інтэрнацыянал кансерватыўных партый, так званую Народную партыю.

У любым выпадку, роспуск Нацыянальнага альянсу — гэта не рэакцыя на крызіс іміджу або параза. Ніколі раней столькі правых не было ў прадстаўнічых органах Італіі. На думку шматлікіх экспертаў, Фініі і Берлусконі рухаюць агульныя тактычныя задачы. Апошнія красавіцкія выбары папросту знішчылі левы фланг італьянскай палітыкі. Бастыёны працоўнага руху ўпершыню прагаласавалі за правых. Правыя, адпаведна, намагаюцца хутчэй замацаваць і сцэментаваць палітычную і грамадскую гегемонію, «этнапалітызаваць» дыскусію, як сказаў адзін з італьянскіх левых палітыкаў.

Аднак мовы пра фашызм, што прызнаюць самі левыя, тут нават быць не можа.
 

Каментаваць