Ад Sortu да Bildu

У дзявяты раз Мадрыд адмовіў баскскім левым нацыяналістам у рэгістрацыі партыі. Нацыяналісты, як “нармальныя героі, вырашылі пайсці ў абыход.

На 22 мая ў аўтаномнай Краіне Баскаў прызначаныя мясцовыя выбары. Іх вынікі ні для каго не мелі ніякага значэння. Галоўная інтрыга заключалася ў тым, ці будзе ўдзельнічаць у выбарах “Izquierda abertzale — так называюць лагер баскскіх левых нацыяналістаў.



У дзявяты раз Мадрыд адмовіў баскскім левым нацыяналістам у рэгістрацыі партыі. Нацыяналісты, як “нармальныя героі, вырашылі пайсці ў абыход.

На 22 мая ў аўтаномнай Краіне Баскаў прызначаныя мясцовыя выбары. Іх вынікі ні для каго не мелі ніякага значэння. Галоўная інтрыга заключалася ў тым, ці будзе ўдзельнічаць у выбарах “Izquierda abertzale — так называюць лагер баскскіх левых нацыяналістаў.

Яшчэ ў 2003 годзе іх вядучая партыя “Batasuna была забароненая за сувязь з тэрарыстамі з групоўкі ЕТА. З таго часу восем разоў сябры былой “Batasuna спрабавалі пад рознымі назвамі вярнуцца ў вялікую палітыку, аднак усё дарэмна. Вярхоўны суд з падачы МУС раз за разам прызнаваў створаныя фармацыі нелегальнымі з-за таго, што іх актыў быў заўважаны ў кантактах з “Batasuna.

Патавая сітуацыя, здавалася, пачала мяняцца ўвосень мінулага года, калі тэрарысты з ЕТА заявілі пра аднабаковае спыненне вайсковых дзеянняў. Пазней яны ўвогуле адмовіліся ад метадаў гвалту. Грамадства ў цэлым вітала крокі ў напрамку заканчэння вайскова-палітычнага канфлікту, які цягнецца ў Краіне Баскаў з 1950-х гадоў.

У такой грамадскай атмасферы “Izquierda abertzale паспрабавала вярнуцца ў палітыку (ходзяць чуткі, што менавіта яе людзі і прымусілі ЕТА пайсці на міравую). Так ці інакш, у снежні актывісты “Izquierda abertzale заявілі пра стварэнне новай партыі “Sortu (“Паўстань!), якая адразу абвясціла пра намер удзельнічаць у майскіх выбарах.

Як і трэба было чакаць, новая арганізацыя адразу апынулася ў фокусе інтарэсу кампетэнтных органаў. Праз нейкі час паліцэйскае ведамства запатрабавала забароны “Sortu па той жа прычыне — паводле наяўнасці ў яе кіраўніцтве значнай колькасці былога кіраўніцтва “Batasuna.

З іншага боку, так проста “Sortu забараніць было нельга. Заснавальнікі партыі зрабілі ўсё, каб іх не ідэнтыфікавалі з ЕТА. Галоўная саступка — рэвалюцыйны пункт у партыйнай праграме, які асуджвае метады гвалту ў барацьбе за дасягненне незалежнасці краю. Акрамя таго, у “Sortu знайшлося моцнае лобі ў выглядзе групы дэпутатаў Еўрапарламенту і шэрагу міністраў Паўночнай Ірландыі. Нават баскская секцыя ўрадавай Іспанскай сацыялістычнай працоўнай партыі (PSOE) схілялася да таго, каб падтрымаць фракцыю “галубоў, якая задае тон у “Izquierda abertzale.

Калі ў “Izquierda abertzale пануюць “галубы, то ў Мадрыдзе — “ястрабы. Сярод кіраўніцтва краіны папулярная думка пра тое, што саступкі з боку нацыяналістаў — следства шэрагу апошніх удалых паліцэйскіх аперацый супраць кіраўніцтва ЕТА. Таму, па логіцы міністраў, час дабіваць ворага, а не шукаць з ім кампрамісу. У выніку Вярхоўны суд вынес рашэнне пра забарону “Sortu.

Рэакцыя на вердыкт дастаткова супярэчлівая. Адназначна яго вітаюць толькі кансерватары. Нават сярод сацыялістаў няма адзінства на гэты конт. Катэгарычную пазіцыю супраць занялі прафсаюзы і шматлікія баскскія арганізацыя кшталту Асацыяцыі баскскай мовы. Таксама рашэнне суду не спадабалася Еўропе. Прыкметай таго стала пашырэнне колькасці сяброў Міжнароднай кантактнай групы (дэпутаты парламенту ЕС, якія выступаюць за дыялог). Асноўны аргумент крытыкаў іспанскай Феміды — “Sortu была забароненая не па факту парушэння заканадаўства, а ў якасці прэвентыўнай меры, што супярэчыць прынцыпам права.

Між тым, праз 4 дні пасля забароны нечакана з’явілася новая заява ЕТА наконт палітычнага моманту. Тэрарысты пацвердзілі намер прыпыніць тэракты і заклікалі да стварэння міжнароднай камісіі па кантролю над сваім раззбраеннем. Гэта кажа, што сярод “Izquierda abertzale пераважае ідэя спрыяць далейшай легітымізацыі руху.

Аднак значна большую цікавасць у публікі выклікала заява сацыял-дэмакратычнай партыі “Eusko Alkartasuna (EA) і групы “Alternatiba. Іх лідары абвясцілі пра стварэнне выбарчай кааліцыі “Bildu (“Аб’яднацца). Галоўныя задачы блоку — даць імпульс барацьбе за суверэнітэт Краіны Баскаў і змаганню за сацыяльную справядлівасць.

Хаця ЕА з’яўляецца старым суб’ектам баскскай палітыкі (ЕА — левы адкол 1986 года ад старой Партыі баскскіх нацыяналістаў) інфармацыю пра стварэнне “Bildu ўлады сустрэлі вельмі падазрона. Усе згадваюць, як яшчэ ў снежні мінулага года стваральнікі “Sortu казалі, што ў выпадку правалу рэгістрацыі маюць план “В для ўдзелу ў выбарах.

Пра дэталі плану “В яны не казалі, аднак большасць экспертаў дапускала, што размова ідзе пра тое, каб зарэгістравацца ў якасці незалежных кандыдатаў у рамках якой-небудзь кааліцыі, створанай на базе ідэйна блізкіх да іх партый — закон дазваляе грамадзянам быць кандыдатамі ад такіх міжпартыйных картэляў, не будучы пры гэтым сябрамі партыі, якія яго ствараюць. Гэтую дзірку ў заканадаўстве і збіраюцца, на думку аналітыкаў, выкарыстаць нацыяналісты.

Здаецца, нешта падобнае і адбываецца. Інакш бы лідары “Bildu не заявілі, што будуць дабівацца пашырэння сваіх шэрагаў за кошт новых саюзнікаў. Інакш бы ЕА не асудзіла забарону “Sortu і не заклікала да агульнанацыянальнай маніфестацыі пратэсту ў Більбаа. У сваю чаргу, Альфрэда Рубакальба, першы намеснік прэм’ера, паведаміў пра тое, што ўрад будзе адсочваць усе спробы “Sortu пралезці на выбары праз іншыя структуры. Ці значыць гэта таксама пераслед усіх партый, якія ўвойдуць у склад кааліцыі “Bildu, пакажа бліжэйшы час.

Каментаваць