Ад Уладзівастоку да Лісабону

Альтэрнатыўная гісторыя зараз у модзе. Польскі часопіс «Tygodnik Powszechny» паспрабаваў пафантазаваць, як выглядала б Еўропа, калі б улетку 1920 года не было Цуду над Віслай. Прапануем скарочаную версію артыкула.

Лета 1920 года. Здавалася, нішто не можа выратаваць Польшчу. Пасля паразы пад Кіевам польская армія імкліва адыходзіць на захад. Пад Плоцкам Чырвоная армія нават фарсіравала Віслу.

Альтэрнатыўная гісторыя зараз у модзе. Польскі часопіс «Tygodnik Powszechny» паспрабаваў пафантазаваць, як выглядала б Еўропа, калі б улетку 1920 года не было Цуду над Віслай. Прапануем скарочаную версію артыкула.

Лета 1920 года. Здавалася, нішто не можа выратаваць Польшчу. Пасля паразы пад Кіевам польская армія імкліва адыходзіць на захад. Пад Плоцкам Чырвоная армія нават фарсіравала Віслу.

Асуджаных на фіяска палякаў выратавала памылка Сталіна, які на той час быў камандуючым паўднёвым фронтам. Джугашвілі накіраваў конніцу Будзённага на Львоў, марачы пра будучы кідок на Венгрыю (там нядаўна было задушана камуністычнае паўстанне). Гэта дало магчымасць польскай арміі сканцэнтраваць сілы на ўчастку галоўнага ўдару бальшавікоў і ў выніку перамагчы.

А што было б, калі б Вісарыёнавіч не памыліўся? У такім разе Чырвоная армія магла б бліскуча паўтарыць манеўр Паскевіча (царскага генерала, які браў Варшаву ў 1831 годзе). Замест таго, каб атакаваць польскую сталіцу з усходу, дзе знаходзілася галоўная лінія абароны, зайсці ў тыл з захаду. А далей? Як склаўся б у такім разе лёс усёй Еўропы?

Перш за ўсё, у выпадку падзення Варшавы бальшавікам удалося б надаць кастрычніцкай рэвалюцыі міжнародны характар, вывесці яе за межы былой Расійскай Імперыі.

Акрамя таго, вайна з палякамі была замахам на Версальскую сістэму, як, дарэчы, адзначаў Ленін. Крах Польшчы — аднаго з прадуктаў Версаля, мог бы значыць перагляд усёй геапалітычнай сістэмы, якая склалася пасля першай сусветнай вайны. Гэты момант значным чынам пашыраў сацыяльную базу падтрымкі чырвонай інтэрвенцыі ў Еўропе. Пра гатоўнасць тактычнага блакіравання з Леніным у імя знішчэння Версальскага міру адкрыта казалі нават правыя ў Германіі.

Таксама поспеху бальшавіцкага маршу на Захад спрыяла б псіхалагічная грамадская атмасфера таго часу. Людзі цалкам не адышлі ад вайны. Мільёны салдат, якія вярнуліся дахаты, адчувалі, што перамога не прынесла ім жаданага міру і шчасця. Хутчэй, наадварот, яны былі не інтэграваныя ў капіталістычныя правілы гульні і гатовыя падтрымаць любую палітычную авантуру. Тым больш, што ў мазгах панавала ўстаноўка пра тое, што нічога немагчымага няма. На вачах гэтай генерацыі за пару гадоў ператварыліся ў руіны імперыі, якія існавалі некалькі стагоддзяў.

У гэтым плане, калі б Тухачэўскі рэалізаваў свой намер — «праз польскі труп прайсці ў Германію», там яго чакаў бы вялікі поспех. У камуністаў і саюзных ім сацыял-дэмакратаў быў патэнцыял, каб забяспечыць лаяльнасць да новага парадку. Левыя ідэі былі вельмі папулярныя сярод немцаў. Дастаткова згадаць шэраг паўстанняў, якія камуністы і анархісты арганізавалі ў Германіі ў 1918–1919 гадах.

Можна прагназаваць, што ўжо да канца 1920 года Германія стала б камуністычнай. Саюзныя арміі Германіі і Расіі выйшлі б на Рэйн, рыхтуючыся да паходу ў Францыю. Мусім прызнаць, што французы ніякага супраціву, падобнага таму, які чынілі немцам у 1914–1918 гадах, ім не аказалі б. Не знайшлося б ужо ў нацыі сіл на такі вялікі чын. Не кажучы пра тое, што ў Францыі былі таксама распаўсюджаны левыя погляды. Асабліва ў сталіцы, дзе быў папулярны міф пра Парыжскую камуну.

Пасля захопу Францыі камунізм выйшаў бы на бераг Атлантыкі. Адначасова, напэўна, у зону яго ўплыву перайшлі б усе краіны цэнтральнай Еўропы, якія паўсталі на базе былой імперыі Габсбургаў. Прыклад Венгерскай сацыялістычнай рэспублікі, якая варта трымалася некалькі месяцаў супраць войскаў Антанты, дэманструе, што тутэйшае грамадства было цалкам гатовае прыняць чырвоны сцэнар. Рухаючыся з Венгрыі, чырвонае цунамі лёгка пакрыла б Балканы і перайшло праз Альпы.

Італія, дзе на той час панаваў татальны палітычны хаос, і так рухалася ў бок дыктатуры, якую, як мы ведаем, устанавіў у 1922 годзе Мусаліні. Аднак з’яўленне ў Падуанскай даліне Чырвонай арміі магло б змяніць расклад: ініцыятыва цяпер належала б не фашыстам, а камуністам.

З тых жа прычын — высокая ўнутраная палітычныя напружанасць — таксама не мела б шансаў выстаяць супраць навалы з Усходу ў Іспаніі і Партугаліі. Праўда, з улікам аўтарытэту, які тады на Пірэнеях меў касцёл, тут дакладна ўзнік бы моцны антыкамуністычны супраціў. Для канчатковага ўстанаўлення камуны спатрэбіўся б нейкі час — да пачатку 1930-х гадоў. Аднак перавага ў грамадзянскай вайне за кошт людскіх і эканамічных рэсурсаў з Еўропы была б відавочна на баку Камінтэрну.

Магчыма, толькі Вялікабрытанія пазбегла б лёсу кантыненту. Усё за кошт праліву Ла Манш, які, як бывала ўжо і раней у гісторыі, выступіў бы прыроднай перашкодай для наступу на Лондан. Але і тут няма пэўнасці. Самая старая дэмакратыя ў свеце на той час таксама была не ў лепшым стане. Лейбарысты рыхтаваліся да таго, каб першы раз узначаліць кабінет яе Вялікасці.

Парадаксальна, аднак такая схема мае пазітыўныя бакі. Калі б бальшавікі захапілі Еўропу, чалавецтва ніколі не даведалася, што такое фашызм і Халакост. Канцэпцыі піянераў карычневай ідэі выглядалі б маргінальнымі. Мусаліні з яго радыкальным італьянскім нацыяналізмам лічыўся б вар’ятам. Гітлер, які будаваў сваю праграму на рэвізіі мадэлі Версалю, напэўна, зводзіў бы канцы з канцамі за кошт продажу малюнкаў турыстам.

Хаця, як добрыя дэмагогі, Беніта і Адольф мелі б шансы зрабіць кар’еру нават у часы татальнага трыумфу ідэй марксізму-ленінізму. Першы мог стаць, напрыклад, загадчыкам аддзелу прапаганды рымскага райкаму партыі, а другі — мастацкім кіраўніком нейкага ДК.

А вось пазбегнуць другой сусветнай вайны наўрад ці ўдалося б. Праўда, была б яна значна менш маштабнай і, хутчэй за ўсё, яе выклікаў бы канфлікт з ЗША і Японіяй. Найбольш верагодна, што полем канфлікту стаў бы Кітай. У такім разе Мао Цзэ Дун абвясціў бы пра стварэнне Кітайскай Народнай Рэспублікі не ў 1949 годзе, а значна раней.

Хто б перамог у вайне, залежала ад працэсаў унутры СССР, які ўключаў не толькі БССР або УССР, аднак таксама Французскую ССР або Бельгійскую ССР. У перспектыве камуністычным лідэрам Францыі, Германіі, Іспаніі, хутчэй ха ўсё, не спадабаўся б статус васала Масквы. І, як Дубчак у Чэхаславакіі або Ціта ў Югаславіі, яны арганізавалі б нейкую фронду, што пачыналася б як рух за сапраўдны ленінізм, а закончылася б, напэўна, банальным нацыяналізмам, які мы сёння назіраем у Кітаі.

Што да Польшчы, то, з улікам яе тагачаснай сітуацыі, яна ператварылася ў нешта падобнае на Беларусь або Украіну ў складзе СССР. А калі б Германія засталася б у межах 1920 года, а крэсы адышлі да Беларусі, Літвы і Украіны, памер савецкай Польшчы быў бы роўны Варшаўскаму каралеўству 1809 года.

Горш, аднак, было б тое, што палякам давялося б перажыць усе савецкія эксперыменты: калектывізацыю, кампанію супраць рэлігіі, русіфікацыю. Вынікам былі б буйныя палітычныя рэпрэсіі, хаця да перасялення польскай нацыі ў Казахстан наўрад ці дайшло б.

Артыкул у чаоспісе «Tygodnik Powszechny» заканчваецца словамі: «Ад усіх гэтых бедаў Польшчу і ўсю Еўропу ўратавалі самі палякі ў вайне з Саветамі ў 1920 годзе. Вельмі рэдка бывае, што ў нашых справах вырашаецца лёс усяго свету, хаця на той час ніхто гэтага, натуральна, не разумеў».

Каментаваць