Ад ведзьмакоў да кіроўцаў драконаў

Мой самы незабыўны эпізод гэтага лета — тусоўка на еўрапейскім сходзе шаманаў, ведзьмакоў і іншых аматараў акультных навук.
 

Шабаш, на які знаёмыя ўладкавалі мяне перакладчыкам, адбываўся каля гораду Ньюпарт, што на так званай бельгійскай Рыўеры (курортная паласа ўздоўж Паўночнага мора). Менавіта ідэя адпачыць на халяву на моры прымусіла мяне падмахнуць кантракт. Аднак па прыбыцці мяне чакаў аблом. Тая бельгійская Рыўера — бясконцыя шэрагі гатэляў і катэджаў паміж дзюнамі, адстойнае для адпачынку месца. Вада халодная, не пакупаешся, а публіка — сямейныя з дзяцьмі і пенсіянеры.

Аднак сумаваць па кастрах, гітарах, шашлыках, нудыстах і іншых забабонах нашага турызму не давялося. Усё гэта лёгка кампенсавалі зносіны з удзельнікамі канферэнцыі «Глабальная чалавечая інспірацыя», на якой давялося перакладаць.

Арганізатарам мерапрыемства выступіла Міжнародная сетка дыхання (IBF). IBF, або, як яны самі сябе называюць, «рэбёферы» (ад англійскага «rebirthing» —«перараджэнне»). Гэта адна з шматлікіх фракцый New Age — акультнага руху, які ўтварыўся ў другой палове ХХ стагоддзя. Галоўную мэту New Age — асабісты імклівы духоўны рост — заснавальнік IBF амерыканец Леанард Ор прапанаваў вырашыць праз дыханне. Ён прыдумаў метад дыхальнай псіхатэхнікі.

Асноўныя ідэі Ора — кожны чалавек перажывае пры нараджэнні псіхічную траўму, памяць пра якую хаваецца ў душы, а гэта мае негатыўны эфект на працягу ўсяго яго жыцця. Вызваленне ад схаваных негатыўных перажыванняў магчыма праз правільнае дыханне. Плюс, па меркаванні прыхільнікаў rebirthing, гэта мае дадатковы тэрапеўтычны эфект. Па словах крытыкаў Ора, увесь сакрэт у тым, што ў выніку змены тэмпу дыхання ў мозг паступае больш кіслароду, што выклікае галюцынацыі.

Хаця, калі верыць Вікіпедыі, дасюль няма пэўных кантраляваных клінічных даследаванняў, якія пацвярджаюць эфектыўнасць rebirthing, прыхільнікаў у гэтага вучэння хапае. У Ньюпарт іх з’ехалася каля 150 чалавек. Геаграфія — ад Новай Зеландыі і Эквадора да ЗША і Кеніі.

Аднак «рэбёферы» — гэта яшчэ не поўная «клініка», некаторыя сцэны сеансаў дыхання шакавалі. Па-першае, людзі ў выніку частага дыхання засынаюць, а ў некаторых выпадках сапраўды ўпадаюць у нейкі транс, падчас якога плачуць, енчаць і нават лезуць абдымацца. Па-другое, выклікаў усмешку аналіз сноў, якія праводзілі інструктары семінараў. Яны патрабавалі, каб удзельнікі мерапрыемства ўзгадвалі самыя малыя фрагменты сну. Пасля пабачаным у сне прадметам або выявам надаваўся глабальны сэнс. Так, поні чамусьці сімвалізаваў праблемы ў сям’і.

Аднак вернемся да тых, хто наведаў канферэнцыю. Паколькі rebirthing — дастаткова папулярны накірунак New Age, у Ньюпарт заявіліся прадстаўнікі амаль усіх секцый гэтага руху. Яны называлі сябе ведзьмакамі, ёгамі, шаманамі, самураямі, магамі. Адна бабулька з Бельгіі нават прадставілася як Баба Яга. Яна насіла сандалі рознага колеру і патрабавала, каб мы адмовіліся ад сваёй жаночай або мужчынскай прыроды на карысць інтэграцыі абодвух гендэрных полюсаў.

Госці адразу навязалі ўдзельнікам канферэнцыі свае шматлікія культы. Каму мы толькі не маліліся на працягу аднаго тыдня працы канферэнцыі! Кароткі пералік аб’ектаў рэлігійнай пашаны: маці-зямля, сусветны розум, усе чатыры напрамкі свету, бог народу майя з вельмі складаным імем, якое я забыў. Фінішам стаў семінар нейкай мексіканкі. Яна разбіла ўсіх прысутных на пары і прымусіла па чарзе кланяцца адзін аднаму як богу. Давялося і мяне нейкі час пабыць валадаром сусветаў. У прынцыпе, прыемна.

Увесь гэты відавочны сінкрэтызм чамусьці не выклікаў пратэстаў прысутных. Аматары маці-зямлі маліліся агню, які запалілі на адкрыцці сустрэчы, і наадварот. Склалася ўражанне, што для прысутных гэта своеасаблівая гульня.

Увогуле, прыхільнік эзатэрычных культаў у Еўропе, калі аналізаваць па Ньюпарту, належыць да ніжэйшай часткі сярэдняга класа. Шмат было жанчын сярэдняга ўзросту, якія шукаюць з дапамогай эзатэрыкі і, асабліва, астралогіі сваю другую палову або вырашаюць сямейныя праблемы. Складаецца ўражанне, што асноўная кліентура эзатэрычных кантор знаходзіцца на Захадзе. Моладзі было няшмат. Здаецца, сэнс жыцця ў маладым узросце знайсці прасцей.

Увогуле, аказваецца, метафізіка ў Еўропе — вялікі бязмежны рынак. На продаж ідзе ўсё — ад талісманаў для зняцця чараў да барабанаў афрыканскіх шаманаў. З Галандыі прыехала каманда радыёстанцыі, якая асвятляе выключна гэту тэматыку. Нарэшце, канферэнцыя была папросту завалена рэкламнымі праспектамі розных гуру, якія за невялікую суму абяцалі адкрыць сэнс жыцця і зрабіць вас абсалютна шчаслівым.

Якія толькі фокусы ні выкарыстоўваюць пры гэтым! Прымушаюць лезці голым у нейкую юрту і гадзінаў пяць сядзець унутры, разважаючы пра глабальныя праблемы быцця. Або, напрыклад, танчыць танга з заплюшчанымі вачыма. Стваральнік гэтай школы — немец з Франк­фурта-на-Майне — кажа, што сляпое танга дапамагае пабачыць продкаў. Жанчын прымушаюць класціся на рукі мужчын ды плакаць і г.д.

На жаль, не давялося наведаць усе семінары. Так, з-за неабходнасці ўвесь час перакладаць, так і не дайшоў да семінару «Як стаць кіроўцам сваіх драконаў». Думаю, гэта было яшчэ тое шоў. Вядучая семінару хадзіла ў японскім кімано і насіла з сабой самурайскія мячы. А вось на семінар, арганізатар якога абяцаў навучыць цела з дапамогай індзейскіх практык пераносіць холад, як сабака, я сам не пайшоў: быць марозаўстоўлівым, нібы барбос, пачыналі вучыць а 6-й раніцы.

Яшчэ на адзін семінар мяне не пусцілі з-за палавой сегрэгацыі. Жанчыны правялі вядзьмарскі шабаш. Шабаш меў высакародную задачу — супакоіць душы жаўнераў, якія загінулі ў Першай сусветнай вайне. Ньюпарт, для даведкі, знаходзіўся ў 1914–1918 гадах роўна на лініі фронту паміж немцамі і Антантай. Побач з месцам правядзення канферэнцыі — вядомы са школы горад Іпр, дзе ўпершыню ў гісторыі адбылася хімічная атака. Было цяжка ўявіць, што на месцы, дзе зараз спяваюць нейкія шаманскія мелодыі, калісьці праходзілі траншэі. Хаця тэма ведзьмаў Ньюпарту блізкая. Якраз напярэдадні канферэнцыі ўлады Ньюпарта рэабілітавалі шэсць жанчын, якія ў сярэднявечныя часы сталі ахвярамі палявання на ведзьмаў.

Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, людзі на канферэнцыі пакінулі добрае ўражанне. Падчас фінальнага капусніка яны нават жартавалі з сябе, абыгрываючы падабенства абрэвіятур IBF і FBI — славутай амерыканскай Федэральнай службы вышуку. Па сюжэту мініяцюры агенты ФБР прымушалі нейкага чалавека з дапамогай метадаў спецслужбаў правільна дыхаць. Падчас фінальнага шоу ў зале адчувалася добрая сяброўская атмасфера. З’явілася думка — прысутных ведзьмаў і шаманаў (як правіла, немаладых ужо людзей) сабрала не магія, а банальная патрэба быць у добрай кампаніі.

А ў наступным годзе канферэнцыя IBF пройдзе ў Індыі. Рашэнне пра яе правядзенне прымалі вельмі весела. Адзін з галасуючых перад тым, як прагаласаваць, папрасіў паўзу, каб паслухаць, што яго цела думае наконт паездкі ў Дэлі. Цела трошкі падумала і, як сказаў яго ўладальнік, прагаласавала «за».
 

Каментаваць