Адным мірам мазаныя

Ва Украіне заканчваецца прэзідэнцкая выбарчая кампанія, якая традыцыйна не абышлася без стварэння негатыўных вобразаў канкурэнтаў. Які кампрамат быў выліты на вядучых кандыдатаў і як гэта паўплывала на іх імідж? Пра гэта — меркаванне ўкраінскага палітолага Юрыя Дакукіна.



Ва Украіне заканчваецца прэзідэнцкая выбарчая кампанія, якая традыцыйна не абышлася без стварэння негатыўных вобразаў канкурэнтаў. Які кампрамат быў выліты на вядучых кандыдатаў і як гэта паўплывала на іх імідж? Пра гэта — меркаванне ўкраінскага палітолага Юрыя Дакукіна.

Кандыдат нумар адзін — Віктар Юшчанка. З палітыка, які меў рэйтынг 54 працэнта на пачатку 2005 года, ён ператварыўся ў «чалавека-кефір» (намёк на тое, што ягоны рэйтынг падобны на працэнт тлустасці кефіру — у межах трох працэнтаў). Аднак агрэсіўная кампанія прымушае ворагаў Юшчанкі разглядаць яго як сур’ёзнага праціўніка і, адпаведна, рэгулярна паліваць брудам. Для аранжавых ён чалавек, які прафукаў Майдан. Для бела-сініх — дасюль інкарнацыя ненавіснага Майдану. Новыя тэмы — Юшчанка нашчадак Кучмы. Інакш цяжка зразумець, як кажуць ягоныя ворагі, намаганні прэзідэнта напярэдадні выбараў унесці ў Канстытуцыю папраўкі і застацца пры ўладзе. Спробы распачаць праз пракуратуру справу супраць прэм’ера БЮТ, напрыклад, разглядае таксама як другую рэдакцыю кучмаўскай спробы засадзіць Цімашэнка за краты.

Другі кандыдат — Юлія Цімашэнка. Траекторыя вобразу Юліі ў агітацыі яе крытыкаў вельмі цікавая. За пяць гадоў яна ператварылася для сваіх праціўнікаў з нацыяналісткі ў пятую калону Крамля. Пра наяўнасць кантактаў з Крамлём, на думку яе апанентаў, кажуць рэгулярныя ваяжы ў Маскву, асцярожнае стаўленне да яе ў традыцыйна антыўкраінскіх маскоўскіх СМІ. Яшчэ ўвосень пайшлі чуткі пра тое, што Пуцін мае на Юлію кампрамат яшчэ з часоў, калі яна займалася экспартам газу. І цяпер Цімашэнка быццам на кручку. Развіваючы тэму, Юшчанка абвінавачвае Цімашэнка ў тым, што па заданню Масквы яна плаціць «Газпраму» сродкамі з нацыянальных золата-валютных рэзерваў. Януковіч заяўляе, што Юлія марыць устанавіць у краіне дыктатуру пуцінскай мадэлі. Хапае абвінавачанняў супраць Цімашэнка за выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу падчас выбараў і нават у запланаваных фальсіфікацыях.

Наступны кандыдат — Віктар Януковіч. Праз пяць гадоў пасля аранжавай рэвалюцыі Януковіч, здаецца, пазбавіўся іміджу агента Масквы. Яму нават рэдка згадваюць тое, што ён быў пратэжэ Кучмы. А вось пазбавіцца рэнаме данецкага бандыта ад палітыкі Віктару Фёдаравічу цалкам не ўдалося. Ён, як і раней, у вачах многіх украінцаў выглядае былым зэкам, што ахвотна мусіруецца ягонымі праціўнікамі. Натуральна, як буйному алігарху, яму трэба адказваць на абвінавачанні ў карупцыі. Прынамсі падчас выбарчай кампаніі ўсплыла тэма комплексу Міжгір’я, які дзіўным чынам перайшоў ва ўласнасць Януковіча. Бліжэй да выбараў Януковіча пачалі актыўна абвінавачваць у спробах паўтарыць электаральныя махінацыі 2004 года. Сярод новых пазіцый, з якіх крытыкуюць лідэра Партыі рэгіёнаў, — апартунізм. У час свайго прэм’ерства 2006 года ён не зрабіў нічога з таго, што абяцаў электарату. Рэваншу, які шмат хто чакаў, не атрымалася. Змен не было нават у культурнай сферы, якая быццам не тычылася важных для данецкай групоўкі эканамічных інтарэсаў. Маем на ўвазе абарону рускай мовы, супрацьстаянне ўкраінізацыі.

Ёсць яшчэ Сяргей Цыгіпка. Крытыкі падаюць яго як тэхнічнага кандыдата БЮТ, які павінен адвесці ад Януковіча частку яго ўсходнеўкраінскага электарату. Пасля таго, як Цыгіпка некалькі разоў выступіў супраць БЮТ, яму сталі ўзгадваць ягонае алігархічнае мінулае. Задавацца пытаннем, якім чынам былы вайсковец, якім быў Цыгіпка да перабудовы, скалаціў капітал у два з паловай мільярды долараў. Прыпомнілі яму і выпадак 2004 года, калі ў разгар аранжавай рэвалюцыі Сяргей пакінуў штаб Януковіча, дзе працаваў кіраўніком. Гэтыя ўцёкі разглядаюць як учынак труса. «Моцны прэзідэнт — гэта новая гандлёвая марка памперсаў для дарослых, якую рэкламуе драпаючы кандыдат», — адна з ацэнак, якую даюць Цыгіпку ягоныя праціўнікі. Сорамна, аднак не абышлося тут і без бытавога нацыяналізму. Цыгіпка мае малдаўскія карані, што адразу было выкарыстана супраць яго. Пайшлі ў ход шматлікія малдаўскія анекдоты і г.д.

Арсеній Яцэнюк — наступны кандыдат. Самая брудная кампанія была менавіта супраць яго. У яе цэнтры быў антысемітызм і агрэсіўны нацыяналізм. Пускалі чуткі пра яго быццам габрэйскае паходжанне. Антысемітызмам справа не абмежавалася. Звярнулі ўвагу на тое, што Яцэнюк з Букавіны, дзе шмат уніятаў. Узнікла новая нацыянальная ідэнтыфікацыя Арсенія «грэка-каталіцкі габрэй». У дадатак казалі, што ён тэхнічны кандыдат Цімашэнка, якога яна наняла, каб раскалоць электарат Юшчанкі ў Заходняй Украіне. Аднак, здаецца, шмат хто не прабачыў яму дастаткова маладога для ўкраінскага палітыкуму ўзросту.

Кандыдат у прэзідэнты Алег Цягнібок — правадыр вядучай нацыяналістычнай партыі «Свабода». Таму для большасці электарату з Усходняй Украіны ён — фашыст. Тут піяршчыкам яго праціўнікаў і працаваць было не трэба. Варта адзначыць, што амаль не было наездаў на Цягнібока з прычыны яго сувязяў з ценявым бізнесам, непразрыстай прыватызацыяй. Рэдкая справа для акцёраў украінскай палітыкі вышэйшага дывізіёну.

Нарэшце, Уладзімір Літвін, старшыня Вярхоўнай Рады. Яму спрабавалі прыпісаць удзел у выкраданні і забойстве журналіста Гангадзе. У той час, калі выбухнуў скандал, Літвін працаваў у камандзе Кучмы. Аднак галоўным чынам яму спрабавалі стварыць імідж слізкай асобы, інтрыгана.

Застаецца дадаць, што кампаніі па стварэнню негатыўнага вобразу і выкід кампрамату даўно сталі алгарытмам нашай украінскай палітыкі. Можна па-рознаму гэта разумець і разглядаць. Магчыма, гэта кагосьці і шакіруе. Але так ці інакш палітыкам даводзіцца рэагаваць на крытыку і выносіць нейкія ўрокі.

Каментаваць