Адвакат Саўчанка: здароўе лётчыцы пагоршылася: арганізм не ўспрымае ваду (відэа)

Стан здароўя заключанай у Расіі Надзеі Саўчанка пагоршыўся, яе арганізм перастаў успрымаць ваду.



Фота Reuters


Пра гэта распавёў адвакат лётчыцы Мікалай Полазаў, які наведаў вязніцу ў СІЗА, перадае украінскі "5 канал".

Мікалай Полазаў адзначыў, што пасля прысуду Саўчанка піла толькі ваду. Яна адмовілася ад ўсялякія падтрымліваючых сумесяў, і гэтая вада, па сутнасці, вымывала з яе ўсе солі і неабходныя мінералы.

"На гэтым фоне пачалося пагаршэнне здароўя, пачало ванітаваць гэтай вадой. Цяпер яна п'е мінеральную ваду, што дазволіла стабілізаваць стан здароўя. Тым не менш, яна губляе каля 400–500 грамаў у дзень. Цяпер яна важыць 65 кілаграмаў", — кажа адвакат.

Нагадаем, учора, 28 сакавіка, некаторыя СМІ паведамілі, што расійскі бок прапанаваў ЗША абмяняць Саўчанка на групу расіян, у лік якіх уваходзяць Віктар Бут і Канстанцін Ярашэнка, што знаходзяцца ў амерыканскіх турмах. Бута, які ў заходніх СМІ фігураваў як "гандляр смерцю", амерыканскі суд прызнаў вінаватым па некалькіх пунктах, у тым ліку гаворка ішла пра продаж зброі арганізацыі "Рэвалюцыйныя сілы Калумбіі". А Канстанцін Ярашэнка быў арыштаваны ў Ліберыі па абвінавачванні ў падрыхтоўцы перавозкі буйной партыі какаіну. Пазней яго даставілі ў ЗША і ў 2011 годзе прысудзілі да 20 гадоў зняволення.

Сёння, 29 сакавіка, Вашынгтон адпрэчыў магчымасць абмену Саўчанка на Бута і Ярашэнка.

У сваю чаргу, прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што не мае інфармацыі аб магчымым абмене ўкраінскай лётчыцы на расіян Віктара Бута і Канстанціна Ярашэнку: "Я нічога пра гэта не чуў, я хоць і бачыў паведамленне ў СМІ, але якой-небудзь інфармацыі не маю", — сказаў Пяскоў.

Раней у МЗС РФ заявілі, што Расія не можа вызваліць Надзею Саўчанка па Мінскіх дамоўленасцях, паколькі не з'яўляецца суб'ектам здзелак і можа толькі аказваць ціск на бакі канфлікту, нагадвае УНІАН.

Каментаваць