АЭС больш небяспечная, чым бомба

Тэрарысты «Ісламскай дзяржавы» мараць пра ядзерную зброю — наконт гэтага шмат разважанняў у заходняй прэсе. Між тым, эксперты лічаць, што еўрапейскія АЭС не менш небяспечныя для грамадства, чым ядзерная зброя экстрэмістаў.

 Фота www. im1.kommersant.ru


Апошнія медыя-інсінуацыі пра бомбу «made in ISIS» мелі месца напярэдадні адкрыцця цяперашняй Алімпіяды. У пачатку жніўня бульварная прэса Захаду падзялілася сенсацыйнай навіной пра тое, што ў Рыа з Блізкага Усходу тайна транспартуюць так званую «брудную бомбу», якая выбухне ледзь не падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця Гульняў.

Хаця знешне ўсё гэта было падобна на журналісцкую плётку, па слядах публікацый у Бразіліі прайшла агульнанацыянальная паліцэйская антытэрарыстычная аперацыя. Гледзячы па ўсім, шукалі таксама і гэтую бомбу. Інакш нашто паліцыя пазычыла ў Міжнароднага атамнага агенцтва спецыяльныя дэтэктары, якія дапамагаюць выявіць наяўнасць радыяцыі? Бомбу ў выніку не знайшлі, аднак наўрад ці чуткі пра тое, што тэрарысты вось-вось атрыма­юць ядзерны арсенал, узнікнуць проста так.

Між тым, як лічаць эколагі, тэма «бруднай бомбы» ў руках ісламскіх тэрарыстаў дастаткова спекулятыўная. Тут некалькі прычын. Нават калі «Ісламская дзяржава» атрымае «брудную бомбу», няма гарантый, што выбух адбудзецца ў патрэбным месцы і ў патрэбны час. Механізм у такіх прыладаў вельмі не надзейны, і можа спрацаваць проста на базе тэрарыстаў. Існуюць тэхнічныя праблемы дастаўкі такой зброі ў Еўропу. Нарэшце, спецслужбам лёгка зразумець логіку злачынцаў і зрабіць адпаведныя захады, каб сарваць іх планы. Напрыклад, адмыслоўцы рэкамендуюць узяць пад кантроль навуковыя цэнтры ў экс-СССР і шэрагу азіяцкіх краін, кшталту Пакістана, супрацоўнікі якіх праз невялікія заробкі могуць прадаць ядзерныя матэрыялы і тэхналогіі «налева».

Хутчэй за ўсё, тэрарысты могуць зацікавіцца ўжо існуючымі атамнымі аб’ектамі ў Еўропе. Што яны, дарэчы, ужо робяць. Пасля сакавіцкіх тэрактаў у Брусэлі паліцыя па ходзе следства высветліла, што іх арганізатары актыўна шукалі доступ на тэрыторыю мясцовых АЭС (у Бельгіі працуе дзве атамныя станцыі — «Duel» і «Tihange»).

Вядома, што браты эль-Бакры, якія стаялі за тэрактамі, забілі супрацоўніка аховы «Tihange», каб атрымаць яго электронны пропуск, з якім можна было бесперашкодна прайсці на атамны аб’ект. У паліцэйскай зводцы спачатку гэта забойства праходзіла як «спроба рабавання», аднак у кантэксце тэракту 22 сакавіка яго перакваліфікавалі як «падрыхтоўку да атакі на АЭС». Таксама стала вядома, што экстрэмісты на працягу некалькіх месяцаў сачылі за галоўным ядзершчыкам Бельгіі, а праваахоўнікі сцвярджаюць, што даўно ведалі: тэрарысты рыхтуюць дыверсіі на атамных электрастанцыях.

Апісаны інцыдэнт выклікаў вялікія дэбаты наконт перспектыў развіцця атамнай энергетыкі ва ўмовах росту тэрарыстычных пагроз. Тым больш, што падчас дэбатаў узнік дадатковы важны аспект праблемы. Так, арганізацыя «Nuclear Threat Initiative» агучыла тэзіс: тэрарыстам нават не трэба рабіць на тэрыторыі цяперашніх АЭС нешта жудаснае. Дастаткова кінуць звычайную гранату, каб чуткі пра выбух на станцыі справакавалі масавую паніку сярод насельніцтва, якое не ведае дэталяў злачынства і сапраўдных маштабаў яго наступстваў.

Такая рэакцыя публікі звязаная з тым, што атамныя станцыі маюць татальна адмоўную рэпутацыю ў грамадстве. На згаданых станцыях адбывалася шмат аварый, у выніку якіх нават даводзілася збіраць калегіум міністраў энергетыкі краін ЕС. Акрамя таго, у 2015 годзе ўлады Бельгіі вырашылі падоў­жыць працу двух найстарэйшых блокаў на АЭС «Doel», у якіх скончыўся саракагадовы тэрмін іх тэхнічнай эксплуатацыі. Падоўжыць яшчэ на 10 гадоў — гэта значыць да 2025 года. Пры гэтым заканадаўцам давялося пераадолець уласныя абмежаванні на тэрмін службы атамных энергаблокаў, прыняўшы папраўку ў закон ад 2003 года, якая дазваляе двум рэактарам на «Doel», а таксама аднаму на станцыі «Tihange» працаваць да 50 гадоў.

Тая ж сітуацыя назіраецца і на іншых еўрапейскіх атамных аб’ектах. Па дадзеных міжнароднай арганізацыі «Greenpeace», з 151 дзеючага ў Еўропе рэактара (не ўлічваючы Расію) 67 працуюць ужо больш за 30 гадоў, 25 — больш за 35, і сем — больш за 40 гадоў. Атрымліваецца, што 44% еўрапейскіх рэактараў маюць «узрост» вышэй за 30 гадоў, а сярэдні — 29 гадоў. Пры гэтым варта адзначыць, што звычайна тэхнічная эксплуатацыя рэактараў разлічана ў дыяпазоне ад 30 да 40 гадоў.

«Гэты аналіз сведчыць, — адзначаецца ў справаздачы «Greenpeace», — пра магчымую эру ядзернай рызыкі ў Еўропе, калі ўрады еўрапейскіх краін не распачнуць захады, каб рэактары не працавалі за межамі свайго жыццёвага рэсурсу». Паколькі ва ўмовах крызісу гэта немагчыма, атамны сектар застаецца патэнцыйным дэтанатарам для выбуху масавага псіхозу.

З іншага боку, магчыма, сітуацыя не трагічная. Пра гэта ўскосна сведчыць досвед Украіны, дзе працуюць 4 атамныя электрастанцыі з 15 энергаблокамі. Нягледзячы на буйны рост крымінагеннай сітуацыі, наяўнасць у краіне паўлегальных узброеных груповак, ніякіх гучных інцыдэнтаў у сферы бяспекі на ўкраінскіх станцыях не было. Праўда, адна справа — злачынцы, а іншая — арганізаваныя і матываваныя на максімальныя разбурэнні фанатыкі-экстрэмісты.



Каментаваць