Афрыканскае Прыднястроўе

У непрызнанай міжнародным грамадствам афрыканскай краіне Самалілэнд па выніках выбараў адбылася мірная перадача ўлады апазіцыі. Выпадак для афрыканскіх шыротаў незвычайны.



У непрызнанай міжнародным грамадствам афрыканскай краіне Самалілэнд па выніках выбараў адбылася мірная перадача ўлады апазіцыі. Выпадак для афрыканскіх шыротаў незвычайны.

Сітуацыя, сапраўды, не кла­дзецца ў рамкі звычайных катэгорый. Дзяржавы, якія не прызнае міжнародная супольнасць, як правіла, уяўляюць закамуфляваныя фармальным дэмакратычным заканадаўствам дыктатуры. У лепшым выпадку, аўтарытарныя рэжымы. Дастаткова згадаць Паўднёвую Асецію або Прыднястроўе. Самалілэнд таксама належыць да «чорных дзірак на мапе» — так у прэсе метафарычна называюць непрызнаныя краіны.

Увогуле, сваім з’яўленнем Самалілэнд абавязаны перш за ўсё брытанскай каланіяльнай культуры. Калі напрыканцы ХІХ стагоддзя ў рэгіён прыйшлі каланізатары (Вялікабрытанія і Італія), самалійскія мясцовыя плямёны былі больш-менш падобныя адзін на аднаго.

Іншаземцы падзялілі не толькі іх зямлю, аднак і стварылі два сацыя-культурныя тыпы самалійскага народа — паўночны і паўднёвы. На поўначы панавалі брытанцы. Для іх краіна Самалі не мела вялікага значэння. Хіба што кантроль над гэтай часткай Афрыкі павінен быў паслабіць геапалітычны ўплыў французаў на Чырвоным моры. Брытанская палітыка стаўлення да тутэйшых заключалася ў тым, каб адаптаваць іх архаічныя міжкланавыя механізмы падтрымання грамадскай стабільнасці да брытанскага права.

На поўдні панавалі італьянцы. Каланіяльная палітыка Рыму, асабліва ў часы Дучэ, была своеасаблівай кампенсацыяй за нізкі статус Італіі ў Еўропе. Італьянцы намагаліся адбудаваць вертыкальную структуру кіравання без хоць нейкай павагі да традыцыйных кланавых структур. Такое ўяўленне пра мадэль дзяржавы было прынятае і першымі туземнымі палітыкамі пасля абвяшчэння незалежнасці ў 1960 годзе.

Як толькі Поўнач і Поўдзень сталі свабоднымі, адразу ўзнікла ідэя Вялікай Самалі. Хутка ўніфікацыя экс-калоній адбылася. Аднак на гэтым будаўніцтва новай дзяржавы не прыпынілася. Яе бацькі-заснавальнікі заявілі, што не прызнаюць межаў дзяржаў, якія ўстанавілі каланізатары.

На думку самалійскага ўраду, у склад Вялікай Самалі павінен быў таксама ўваходзіць Агадэн (частка тэрыторыі Эфіопіі). У 1977 годзе пад кіраўніцтвам Махамеда Сіад Баррэ самалійцы справакавалі паўстанне народу Агадэна і аказалі яму вайсковую дапамогу. Вайна закончылася правалам. Каля мільёна бежанцаў, ахвяр канфлікту, пацягнуліся ў Самалі.

Не жадаючы прызнаць факт краху праекту Вялікага Самалі, Баррэ вырашыў ператварыць уцекачоў у зброю для рэваншу. Ён пасяліў іх на Поўначы краіны ў спецыяльныя лагеры, дзе яны павінны былі прайсці баявую падрыхтоўку. Часткова кошты за ўтрыманне лагераў пераклалі на паўночныя плямёны, што выклікала першыя прыкметы фронды.

У 1981 годзе на Поўначы пачалося паўстанне. На дзесяць гадоў краіна пагрузілася ў хаос грамадзянскай вайны. Праз дзесяцігоддзе самалійскай дзяржавы дэ-факта больш не было. На яе месцы ўзнік кангламерат тэрыторый, кожную з якіх кантраляваў асобны клан або палявы камандзір. Наступствам адсутнасці ўраду стаў масавы голад, што прымусіла ЗША ў 1992 годзе з санкцыі ААН увесці сюды вайсковы корпус колькасцю 35 тысяч чалавек. Аперацыя «Restore hope», адпаведна плану, мела дзве фазы: поўная акупацыя Самалі і стварэнне падмурку для дзяржаўных інстытутаў.

Аднак нічога зрабіць не ўдалося. Праз два гады амерыканцы з’ехалі. З 1995 года было зафіксавана 14 спробаў (!) стварыць на Поўдні нейкае падабенства ўрадавай адміністрацыі. Усе яны закончыліся правалам.

А вось на Поўначы працэс дзяржаўнага будаўніцтва пачаўся. Лідэры паўночных кланаў аб’ядналіся ў shir (савет), які абвясціў пра стварэнне асобнай дзяржавы ў межах былой брытанскай Самалі. Дзяржава ўяўляе сабой гібрыдную сістэму праўлення. Канстытуцыя сумяшчае ў сабе традыцыі мясцовых звычаяў і заходнееўрапейскія нормы кіравання. Праз серыю міжкланавых сходаў і канферэнцый, кульмінацыяй якіх у 1993 годзе стала Бурамская канферэнцыя (па-англійску — Boorama Conference), была створана сістэма кіравання «кабіл» (самал. qabil — клан або супольнасць). Дадзеная сістэма складаецца з выканаўчага органа: прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, савета міністраў і незалежнай судовай сістэмы.

Урадам стала аснова кааліцыі пануючых кланаў, з месцамі ў верхняй і ніжняй палатах, роўна падзеленымі паміж кланамі ў адпаведнасці з выразна акрэсленай формулай. У 2002 годзе, пасля некалькіх пашырэнняў гэтай сістэмы ўнутранага кіравання, Самалілэнд нарэшце перайшоў да шматпартыйнай дэмакратычнай формы праўлення, з выбарамі раённага савета, які складаецца з шасці партый. Такая сістэма кіравання прызнана самай мірнай за апошнія дваццаць гадоў у Афрыцы.

Сітуацыю цяжка назваць ідэальнай, аднак нават па мерках некаторых усходнееўрапейскіх краін яна папросту звышліберальная. Так, 2009 годзе прэзідэнт Самалілэнда Рыйяль Кахін загадаў міністру абароны вывесці войскі на вуліцы сталіцы краіны, каб супрацьстаяць антыўрадавым маніфестацыям. Вайсковец пасля некаторай паўзы адказаў, што ў такім выпадку ягоныя ўчынкі будуць супярэчыць канстытуцыі. Прэзідэнт быў вымушаны абвясціць датэрміновыя выбары, на якіх улетку 2010 года прайграў. На днях новы прэзідэнт Ахмед Маха Сіланья заняў яго офіс.

Апошнія поспехі дэмакратыі Самалілэнда ставяць міжнародныя цэнтры — Лондан, Парыж і Вашынгтон — у тупік. З аднаго боку, ім было б лагічна падтрымаць востраў міра і стабільнасці. З іншага — яны не хочуць сварыцца з Егіптам. У Каіры і ў арабскім свеце недалюбліваюць хрысціянскую Эфіопію, якая мае традыцыйна добрыя адносіны з Самалілэндам. Раней у Самалілэндзе кіравала эфіопская дынастыя.

Таму арабы выступаюць за адраджэнне адзінага Самалі як патэнцыйнага саюзніка супраць Эфіопіі. Сварыцца з арабскім светам з-за Самалілэнда на Захадзе, натуральна, не збіраюцца.
 

Каментаваць