Агент пакаяўся

Самы буйны шпіёнскі скандал у Вялікабрытаніі за апошнія часы: сакрэтны агент брытанскай паліцыі прызнаўся, што быў інфільтраваны ў шэрагі эколагаў з мэтай дыскрэдытацыі іх руху.



Самы буйны шпіёнскі скандал у Вялікабрытаніі за апошнія часы: сакрэтны агент брытанскай паліцыі прызнаўся, што быў інфільтраваны ў шэрагі эколагаў з мэтай дыскрэдытацыі іх руху.

10 студзеня ў Вялікабрытаніі павінен быў стартаваць судовы працэс, якога чакала ўся краіна. Перад Фемідай мусілі паўстаць шэсць эколагаў, арыштаваных у снежні 2009 года ў адной са школ Нотынгема. Яны сабраліся, каб абмеркаваць акцыю пратэсту супраць вугальнай электрастанцыі Ratcliffe-on-Soar — трэцяга па колькасці выкідаў вуглякіслага газу ў краіне забруджвальніка паветра. Але да акцыі не дайшло — у той жа вечар усіх іх арыштавалі.

Эколагі, як сцвярджалі матэрыялы следства, планавалі вывесці аб’ект з эксплуатацыі з дапамогай акупацыі тэрыторыі станцыі і дыверсіі. Гэта павінна было прыпыніць працу электрастанцыі на некалькі дзён і прыцягнула б увагу грамадства да праблемы экалогіі і змянення клімату.

Але ў выніку чаканага працэсу не атрымалася. У абвінаваўчага боку не аказалася дастатковай базы доказаў. Абвінавачванне было пабудавана на сведчаннях сакрэтнага агента, які быў інфільтраваны ў шэрагі «зялёных». Прыкладна за месяц да пачатку працэсу агент нечакана адмовіўся сведчыць. Больш таго, раскрыў сваё імя і пакаяўся на публіцы за тое, што нарабіў.

З-за адсутнасці галоўнага сведкі абвінавачвання падазраваных у падрыхтоўцы тэракту эколагаў давялося ў выніку адпусціць на волю без суда.

Агента завуць Марк Кенэдзі, хаця сярод эколагаў яго ўсе ведалі пад прозвішчам Марк Стоўн. У задачу Марка ўваходзіла праца з эколагамі, прычым не толькі брытанскімі. Марк за гады сваёй службы (ён быў у шэрагах абаронцаў прыроды з 2000 года) наведаў 22 краіны, кантактуючы з рознымі экалагічнымі групоўкамі, складаючы на кожную з іх спецыяльнае дасье.

Зборам інфармацыі круг задач Марка не абмяжоўваўся. Ён удзельнічаў у планаванні шматлікіх радыкальных экалагічных акцый. Адказваў за іх лагістыку і пошук сродкаў. Грошы, якія ён знаходзіў, як правіла, яму кэшам выдавалі з паліцэйскай касы. Іншымі словамі, Марк Кенэдзі быў не пасіўным шпіёнам, а агентам-правакатарам. Па загаду начальства, ён правакаваў рух на радыкальныя ўчынкі, якія дыскрэдытавалі «зялёных» у вачах грамадства.

Менавіта Марк прапанаваў экалагічным актывістам абясточыць станцыю ў Нотынгеме. Менавіта ён аплаціў білеты ўдзель­нікаў фатальнай сустрэчы ў школе. У той калядны вечар у будынку школы сабралася 114 чалавек. Сам Марк на сустрэчу не прыйшоў. Затое нечакана ў памяшканне ўваліліся чатыры сотні паліцэйскіх, якія затрымалі ўсіх прысутных.

Да гонару Кенэдзі, у канцы мінулага года ён прызнаўся ў тым, што арганізаваў сход у школе па інструкцыі паліцыі. Ён таксама сказаў, што яму «сорамна за тое, што ён зрабіў», і за тое, што «прынёс людзям так шмат шкоды». Былы агент звярнуўся да адвакатаў абвінавачаных з прапановай дапамогі. Пасля прызнання Марка звольнілі з паліцыі, і ён адразу ж са сваёй сям’ёй паспяшаўся схавацца за мяжой.

Прыгоды Кенэдзі-Стоўна нарабілі шмат шуму. Прычым не толькі ў Англіі. Кенэдзі падарожнічаў па свеце з фальшывым пашпартам на імя Стоўна, уступаў у кантакты з грамадзянамі гэтых краін, штурхаў іх на экстрэмісцкія дзеянні.

Нямецкае МУС ужо запатрабавала ад брытанскіх калегаў дадатковай інфармацыі наконт таго, як іх супрацоўнік мог наведваць ФРГ па фальшывых дакументах. У сваю чаргу, група апазіцыйных дэпутатаў Бундэстага лічыць, што нямецкая паліцыя ведала пра тое, што брытанскі эколаг — таемны агент. Пры гэтым яны таксама карысталіся яго паслугамі для атрымання інфармацыі пра арганізатараў экалагічных пратэстаў у ФРГ.

Але і ў самой Брытаніі вакол справы Кенэдзі хапае эмоцый. Па-першае, усіх шакавала зарплата агента. Калі верыць яму самому, штогод Марк атрымліваў з бюджэту 250–300 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Акрамя таго, цалкам верагодна, што Марк быў не адзіным «засланым казачком». Сам ён сцвярджае, што асабіста ведае яшчэ некалькі супрацоўнікаў спецслужбаў, якія працуюць на радыкальнай экалагічнай глебе. У якую суму ўлятае падаткаплацельшчыку іх «праца»? — задаюцца пытаннем газеты.

Партыя Зялёных Англіі і партыя лейбарыстаў ужо прынялі спецыяльную заяву супраць практыкі шпіянажу за экалагічнымі і сацыяльнымі актывістамі.

«Кідацца такімі вялізнымі сумамі для таго, каб кантраляваць экалагічную грамадскасць, не што іншае, як пустая растрата грошай. Падобныя аператыўныя дзеянні не могуць ужывацца супраць людзей, якія не плануюць гвалтоўныя акцыі», — гаворыцца ў партыйнай заяве Зялёных.

Але самае галоўнае заключаецца ў тым, што правакатарская дзейнасць Марка і яму падобных з’яўляецца пагрозай для грамадскай актыўнасці. Любую грамадзянскую ініцыятыву такія людзі, як Кенэдзі, могуць лёгка дыскрэдытаваць. Менавіта так было ў выпадку з арыштам у Нотынгеме. Большасць з затрыманых падчас зачысткі ў школе былі звычайнымі эколагамі, якіх запрасілі на сход, на парадку дня якога не было пытання пра дыверсію на станцыі. Але ў выніку на ўсіх іх павесілі кляймо «арганізатар тэракту».

Таму апазіцыя запатрабавала ў дырэкцыі МУС справаздачы наконт агентурнай працы сярод абаронцаў прыроды і адказу на пытанне: чым жа займаюцца агенты — збіраюць інфармацыю або самі правакуюць арганізацыі?

Пакуль паліцыя і ўрад не каментуюць справу Марка Кенэдзі. Звычайна спісваюць інцыдэнт на «праклятую спадчыну» папярэдняга кабінета лейбарыстаў.

Зрэшты, адзін з паліцэйскіх бонзаў прызнаўся, што справа Кенэдзі прымусіць спецслужбы змяніць тактыку. Паводле яго слоў, пакаянне Марка — гэта нешта новае ў гісторыі тайнай паліцыі. Ніколі раней агент пад уплывам асяроддзя, у якое ён быў укаранёны, не пераходзіў на бок праціўніка.

«Экалагічныя ідэі — вельмі заразная рэч», — прызнае начальнік паліцыі.
 

Каментаваць