Агонія «польскага лукашызму»

Як бы ні закончыліся прэзідэнцкія выбары ў Польшчы, ужо зараз відавочны катастрафічны правал на іх Анджэя Лепера — палітыка, якога ў свой час называлі польскім Лукашэнкам.

(На здымку: Погляды віцэ-прэм’ера Польшчы Анджэя Лепера (на першым плане) і прэм’ера Яраслава Качыньскага на будучыню краіны ў чаргова раз разышліся)



Як бы ні закончыліся прэзідэнцкія выбары ў Польшчы, ужо зараз відавочны катастрафічны правал на іх Анджэя Лепера — палітыка, якога ў свой час называлі польскім Лукашэнкам.

(На здымку: Погляды віцэ-прэм’ера Польшчы Анджэя Лепера (на першым плане) і прэм’ера Яраслава Качыньскага на будучыню краіны ў чаргова раз разышліся)


Напрыканцы красавіка адно з вядучых польскіх выданняў «Gazeta Wyborzca» апублікавала вынікі апытання грамадзян: «За каго вы б прагаласавалі, калі б заўтра было 20 чэрвеня?» (у гэты дзень у Польшчы адбудуцца прэзідэнцкія выбары).

Галоўнай сенсацыяй даследавання можна лічыць дастаткова вялікі адрыў Браніслава Камароўскага, кандыдата ад ліберальнай «Грамадзянскай платформы» (52 працэнты), ад Яраслава Качыньскага, які прадстаўляе партыю «Права і справядлівасць» (29 працэнтаў). Праўда, сам брат загінулага пад Смаленскам прэзідэнта абяцае хутка скараціць адставанне.

Аналізуючы вынікі зандажу грамадскай думкі, нельга не звярнуць увагу на мікраскапічны рэйтынг Анджэя Лепера, кандыдата ад партыі «Самаабарона». Ягоны рэйтынг ніжэйшы за адзін працэнт. Такія лічбы здаюцца дзіўнымі.

Па-першае, на двары эканамічны крызіс. У Польшчы каля двух мільёнах беспрацоўных, і гэта без уліку іншых ахвяр рэцэсіі. Праграма «Самаабароны» абяцае гэтым людзям залатыя горы ў выпадку, калі дарвецца да ўлады.

Па-другое, здзіўляюць тэмпы палітычнай маргіналізацыі «Самаабароны». Нават калі гаворка пра Польшчу, дзе перазагрузка палітычнай сцэны — звычайная з’ява.

Яшчэ тры гады таму Лепер быў віцэ-спікерам Сейма. У 2005 годзе ён набраў у першым туры прэзідэнцкіх выбараў 15 працэнтаў. «Самаабарона» мела сваіх міністраў, фракцыі ў рэгіянальных парламентах. Палітолагі дружна абмяркоўвалі феномен «Самаабароны», а некаторыя замежныя палітыкі адкрыта займаліся палітычным плагіятам. Так, Юры Луцэнка — адзін з лідэраў украінскіх аранжавых — назваў сваю партыю «Народная самаабарона». І вось цяпер папулярнасць Лепера стала ніжэйшай за адзін працэнт.

Увогуле, партыя «Самаабарона» ўзнікла ў 1992 годзе на базе сялянскага прафсаюза з аналагічнай назвай. Акрамя сялян у партыю ўвайшла група нацыяналістаў і супрацоўнікаў спартовых ведамстваў.

На першым этапе сябры партыі разглядалі сябе як палітычную надбудову прафсаюзу, які праславіўся акцыямі наўпроставага дзеяння супраць ліберальнай палітыкі правых кабінетаў Ганны Сухоцкай і Ежы Бузэка.

«Самаабарона» набыла вядомасць дзякуючы сваім акцыям кшталту блакады аўтамабільных трас. Адну з іх — траса нумар 39 — у народзе нават пачалі называць «лепераўка». Менавіта тады на рубяжы стагоддзяў Анджэй Лепер — былы фермер, які падаўся ў палітыку з-за таго, што ягоная гаспадарка ў выніку рэформаў аказалася на мяжы банкруцтва, стаў прыкметнай фігурай.

На выбарах 2001 года ў Сейм «Самаабарона» сабрала добры ўраджай — 10 працэнтаў галасоў, што дало партыі 53 мандаты. Па выніках 2005 года партыя ўвогуле стала трэцяй палітычнай сілай у краіне.

Апынуўшыся ў парламенце, самаабаронаўцы спачатку разглядалі сябе партнёрамі Саюза левых дэмакратаў (SLD). Але ў 2003-м партыя рэзка змяніла курс. Лепер гучна пасварыўся з прэм’ерам Лешэкам Мілерам (SLD) па пытанню адпраўкі палякаў у Афганістан і Ірак і разарваў усе кааліцыі з SLD на месцах. А пасля пачаў актыўна ўдзельнічаць у працы камісіі, якая займалася аферай Рывіна (буйны карупцыйны скандал з удзелам кіраўніцтва SLD). У экстазе нянавісці да левых Лепер падтрымаў кандыдатуру Леха Качыньскага ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў 2005 года.

Пачалася эра супрацоўніцтва з кансерватарамі. Лепераўцы ўвайшлі ў кабінет Яраслава Качыньскага, атрымаўшы там тры міністэрскія партфелі. Аднак як толькі папулярнасць Качыньскага пачала падаць, «Самаабарона» зноў распачала скандаліць — выйшла з ураду, каб пазней туды вярнуцца, а пасля зноў думаць, ці не адправіцца ў аўтаномнае плаванне.

Калі ў 2007 годзе надышоў час парламенцкіх выбараў, партыя Лепера пайшла на іх пад левымі лозунгамі. Аднак такі крэн налева не даў вынікаў: атрымаўшы 1,5 працэнта, партыя апынулася па-за Сеймам.

Такі правал, праўда, можна часткова было спісаць на гучны сексуальны скандал з удзелам старшыні партыі. У 2006 годзе адна з партыйных клеркаў заявіла журналістам, што атрымала пасаду за тое, што аказвала Леперу і іншаму партыйнаму функцыянеру «сексуальныя паслугі».

Лепер трактаваў споведзь як частку змовы супраць яго намераў пазнаёміць грамадства з некаторымі афёрамі 1990-х гадоў. Аднак яго калега рэагаваў інакш — адразу падаў у адстаўку. Хутка на Лепера завялі справу. Увогуле, наш герой быў фігурантам 139 судовых працэсаў. Але судзілі яго звычайна не за секс з сакратаркамі, а за арганізацыю нелегальных акцый, бойкі з паліцыяй або брудныя словы на адрас палітыкаў з істэблішменту.

Аднак захад «Самаабароны» пачаўся яшчэ ў 2007 годзе, калі частка кіраўніцтва партыі пасля сексуальнага скандалу паклала партбілеты на стол. Заставалася яшчэ нейкая надзея на выбары ў Еўрапарламент 2009 года, але яны хутчэй замацавалі тэндэнцыю — «Самаабарона» атрымала на іх 1,4 працэнта. Для параўнання, у 2005-м на выбарах у парламент ЕС у партыі было 10,7 працэнта.

Ужо ёсць падставы казаць: праект «Самаабароны» праваліўся, і шукаць прычыны яго правалу трэба не толькі ў тым, што Лепера злавілі на інтыме.

Калапс «Самаабароны» — гэта відавочна крах мадэлі палітычнага папулізму, які ўзнік пасля развалу СССР у краінах Усходняй Еўропы. Не дарма стыль і рыторыку Лепера часта параўноўвалі з Лукашэнкам або Вітрэнка. Складнікамі гэтага стылю была харызматычнасць, імправізацыя, гульня на настальгіі і фобіях да ўсяго новага. Цяперашняя актыўная частка грамадства вырасла на іншых культурных фішках і каштоўнасцях.

Наўрад ці папулізм цалкам знікне як феномен усходнееўрапейскай палітыкі, аднак час Лепера і яму падобных палітыкаў дакладна мінуў.
 

Каментаваць