Агонія ліберальнай дактрыны

Пасля таго, як нямецкія лібералы ўпершыню ў гісторыі не трапілі ў парламент, у краіне пачалася дыскусія наконт будучыні ліберальнай дактрыны ў ХХІ стагоддзі. Гісторыя рухаецца надзвычай хутка.



Яшчэ гадоў 15 таму ўсе штудзіравалі «Канец гісторыі» Фрэнсіса Фукуямы пра канчатковы прыход эры лібералізму. А цяпер, пасля краху на выбарах у Германіі, ужо самі лібералы задумаліся — ці не спіша новае стагоддзе іх у палітычны ўтыль? Лібералізм не карыстаецца попытам. Нагадаем, што Свабодныя дэмакраты, або FDP, набралі на выбарах 4,6 працэнта галасоў, хаця на папярэдніх выбараў у іх было больш за 14 працэнтаў.

Праўда, некаторыя палітолагі адмаўляюцца ставіць пытанне так глабальна. Па словах аптымістаў, 22 верасня мела месца толькі параза канкрэтнай партыйнай структуры, а не ўсёй ліберальнай дактрыны. Быццам, нямецкіх Свабодных дэмакратаў увогуле цяжка называць чыстымі лібераламі ў ідэйным плане. Напрыклад, якім бокам пасуе ідэям Адама Сміта і Жан Жака Русо салідарнасць з Садамам Хусейнам — такую лінію праводзіла FDP на пачатку нулявых, калі ёй кіраваў Юрген Мёлеман.

Па-другое, ёсць шмат прэтэнзій да ўжо былога старшыні партыі Філіпа Ростлера, які вёў FDP на апошнія выбары. Праўда, хутчэй крытыкуюць не саму выбарчую кампанію пад кіраўніцтвам Ростлера, а вынікі знаходжання лібералаў у кааліцыі з партыяй Меркель. У выніку аказалася, што за ўвесь час знаходжання ў складзе кабінета лібералы здолелі працягнуць ад сябе толькі адзін закон — пра зніжэнне падаткаў для гатэляў. Гэта адразу зрабіла ім імідж кліенцкай партыі, якая не здольная змагацца за тое, што абяцае выбаршчыку.

Аднак глабальныя пытанні так ці інакш усё роўна ўзнікаюць. Галоўнае з іх — як разумеюць ідэю асабістай і эканамічнай свабодаў — краевугольны камень лібералізму — людзі нашага часу. Абсалютную перамогу на апошніх выбарах атрымалі партыі, якія выступаюць за мадэль моцнай дзяржавы і за абмежаванне рынку.

Адзінае, што можа пацешыць лібералаў, — гэта відавочная супярэчнасць. Цяперашняя дзяржава, наадварот, намагаецца сысці са шматлікіх сфер грамадскай дзейнасці. У выніку ўзнікае парадокс, які фармулюе наступнае больш правакацыйнае пытанне. Калі электарат хоча моцнай дзяржавы, а дэмакраты яе даць не гатовыя, ці не звернуць увагу выбаршчыкі на аўтарытарныя палітычныя канцэпты?

Аднак вернемся да лібералаў, якім трэба шукаць сваю нішу ва ўмовах татальнага панавання этатысцкіх тэорый. Спробаў сфармуляваць адказ на выклік часу таксама хапае. Ад самых радыкальных — увогуле адмовіцца ад удзелу ў выбарах, каб вярнуць у шэрагі лібералаў ваяўнічы антыэтатысцкі дух, які, быццам, выветрыўся за 64 гады знаходжання FDP ва ўладных інстытутах. Да абсалютна капітулянцкіх — ліквідаваць партыю і шукаць прытулак як фракцыя ў лоне кансерватараў або Зялёных.

Асабліва шмат кажуць пра магчымую лібералізацыю Зялёных. Для гэтага шмат прычын. Па-першае, Зялёныя — адзіная вядучая партыя Германіі, чый праект патрабуе не пашырэння, а, наадварот, скарачэння палітычнай ролі цэнтру і функцыі дзяржавы ў сферы эканомікі. Па-другое, перад тым, як у 1979 годзе паўстала партыя Зялёных, продкі цяперашніх эколагаў спрабавалі стварыць фракцыю ўнутры FDP за кошт захопу мясцовых секцый.

Нарэшце, самі Зялёныя (прынамсі іх частка) не супраць заняць вакантнае месца партыі цэнтру. Цяперашняя ніша Зялёных (у палітычным спектры) — партыя лявей эсдэкаў, аднак правей за камуністаў — вельмі не зразумелая і, на думку шмат каго, у працяглым часе бесперспектыўная. «Месца цэнтрысцкай базіснай дэмакратычнай партыі, якая абараняе грамадзянскія свабоды, цяпер вольнае», — увесь час кажа адзін з зялёных лідараў Катрын Гёрынг-Экарт.

Цяжка сказаць, наколькі верагодная міграцыя Зялёных у палітычны цэнтр, аднак уся гэтая дыскусія стварае адпаведны фон для цяперашніх кансультацый аб стварэнні ўраду. Як вядома, пасля таго, як праваліўся перш раунд перамоваў з удзелам эсдэкаў, Ангела Меркель спрабуе дамовіцца з Зялёнымі.

Таксама часткай лібералаў разглядаецца ідэя перажыць цяжкія для FDP часы пад дахам кансерватараў. Стварэнне ліберальнага крыла ўнутры хрысціянска-дэмакратычнага саюзу (CDU), быццам, узмацніць самаідэнтычнасць партыі адносна больш кансерватыўнага хрысціянска-сацыяльнага саюзу (CSU).

Як не дзіўна, аднак варыянт таго, што лібералізм не будзе мець сваёй палітычнай вітрыны, цалкам рэальны з улікам паслявыбарчых дэбатаў сярод свабодных дэмакратаў. Частка з іх (групоўка былога міністра фінансаў Франка Шафлера (Frank Schäffler) лічыць перспектыўнай эксплуатацыю тэмы незадаволення немцаў знаходжаннем краіны ў складзе Еўразоны. Іх натхняе трыумфальны старт маладой партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD). На патрабаваннях за выхад ФРГ з зоны еўра палітычныя неафіты атрымалі 4,9 працэнтаў.

440 тысяч выбаршчыкаў «Альтэрнатывы для Германіі» на папярэдніх выбарах галасавалі за лібералаў. Таму Шафлер мае намер вярнуць іх за кошт стварэння нешта накшталт AfD-light. Гэта значыць, што FDP не будзе, як «Альтэрнатыва для Германіі», выступаць за вяртанне нямецкай маркі, а толькі за тое, каб замарозіць дапамогу ў зоне эўра краінам-банкрутам. Антыеўрапейская рыторыка выклікала шок у старой гвардыі. Пра свой намер пакінуць яе шэрагі заявіў Ханс-Дзітрых Геншэр, легендарны экс-міністр замежных спраў ФРГ часоў Гельмута Коля.

Праўда, частка партыі назвала заяву Геншэра шантажам і замахам на свабоду выказвання думак унутры партыі. Гэта яшчэ больш падліла алею ў полымя. Упершыню ў нямецкай прэсе кажуць пра магчымы раскол FDP, што можа паставіць крыж на партыі, якая вядзе сваю гісторыю з сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Праціўнікам Шафлера выступае Крысціян Лінднер — лідар лібералаў зямлі Ніжні Рэйн-Вестфалія. Хутчэй за ўсё, на бліжэйшых партыйных зборах яму і даручаць стаяць за партыйным штурвалам.

Але пакуль яго альтэрнатыва еўраскептыкам не вельмі зразумелая. Лінднер кажа пра неабходнасць аднавіць сталыя кантакты з грамадзянскім рухам і рэабілітаваць імідж партыі сярод жанчын. Гэты летам партыя стала ахвярай буйнага скандалу, калі адзін з яе рэгіянальных баронаў спрабаваў заляцацца ў бары да журналісткі, што пазней выклала гэтую гісторыю ў СМІ.

Каментаваць