Акцыі пратэсту ў Будапешце будуць працягвацца (+ відэа)

Два дні запар у цэнтры Будапешта праходзілі акцыі пратэсту супраць увядзення падатку на інтэрнэт, які плануецца ўвесці ўжо ў 2015 годзе.



У суботу ў акцыі пратэсту прыянлі ўдзел каля 10 тысяч чалавек. Першапачаткова мітынг перад будынкам міністэрства эканомікі быў мірным, але неўзабаве да пратэстоўцаў далучыліся тыфозі. Яны рушылі да штаб-кватэры кіруючай партыі "Фідэс"  і пачалі закідваць будынак дэталямі састарэлых кампутараў і цэлымі наўтбукамі, а некаторыя нават здолелі забрацца на балконы.
Паліцыі ўдалося пераканаць людзей мірна разысціся.

У нядзелю тысячы чалавек зноў выйшлі на вуліцы Будапешта. Але гэтым разам акцыя мела выключна мірны характар. Канчатковай мэтай маршу пратэсту быў «нулявы кіламетр» ў цэнтры Будапешта. Гэта сімвал таго, што толькі «нулявы падатак» задаволіць маніфестантаў. Пратэстоўцы запэўнілі ўлады, што зноў выйдуць на вуліцы, калі за двое сутак ўрад не адмовіцца ад сваіх планаў.

 

Падатак на сеткавы трафік плануецца ўвесці ўжо ў 2015 годзе. Ён, як мяркуецца, складзе 150 форынтаў (49 еўрацэнтаў) за гігабайт і будзе спаганяцца з інтэрнэт-правайдэраў, якія, у сваю чаргу, паабяцалі павысіць цэны на паслугі. Праціўнікі законапраекта асцерагаюцца паралічу ў венгерскім сегменце інтэрнэту і заяўляюць, што ад гэтага пацерпяць высокатэхналагічныя галіны.

 

Кабінет Віктара Орбана за апошнія гады ўвёў некалькі дадатковых падаткаў у сферах банкаўскай справы, рознічнага гандлю і энергетыкі. Такім чынам урад спрабуе справіцца з бюджэтным дэфіцытам.



«Падатак на інтэрнэт ставіць пад пагрозу не толькі развіццё глабальнай сеткі, але і свабоду інфармацыі», — лічыць адзін з пратэстоўцаў. «Несумненна, што такія рашэнні ўрада абураюць людзей. Мяне абурае не толькі гэта падатак, але і наогул амаль ўся іх дзейнасць», — падкрэслівае другі.

 

«Пакуль арганізатары пратэсту не назвалі дату наступнай дэманстрацыі; аднак яны заявілі, што калі парламент ўхваліць законапраект, то яны сапраўды зноў выйдуць на вуліцы».

Паводле венгерскіх СМІ і "Еўран'юс"

Каментаваць