Алімпіяда і незалежнасць

Напярэдадні Алімпіяды ў Лондане нацыяналісты Шатландыі патрабуюць стварэння шатландскай алімпійскай зборнай.



Напярэдадні Алімпіяды ў Лондане нацыяналісты Шатландыі патрабуюць стварэння шатландскай алімпійскай зборнай.

Як вядома, на першых этапах свайго існавання алімпійскі рух быў мала падобны на цяперашні. Напрыклад, у афіцыйнай праграме спаборніцтваў быў незвычайны від спорту — лазанне па канатах на хуткасць. Яшчэ адна розніца паміж тымі і цяперашнімі алімпіядамі — склад камандаў-удзельніц спаборніцтваў. Так, на першых алімпіядах Шатландыя, якая на той час ужо не была незалежнай дзяржавай, мела права выстаўляць сваю зборную па некаторых відах спорту.

Напрыклад, у 1908 годзе падчас Алімпіяды ў Лондане шатландскія футбалісты і хакеісты гулялі асобна ад англічан і каманды Вялікабрытаніі. Пры тым, што ў гэтым жа годзе быў сфармаваны алімпійскі камітэт Вялікабрытаніі. Нягледзячы на гэта, у 1912 годзе на Алімпіядзе ў Стакгольме прысутнічала шатландская веласіпедная зборная, якая нават атрымала бронзу. Пасля Стакгольму шатландскія атлеты заўсёды былі толькі ў складзе алімпійскай зборнай Вялікабрытаніі.

Адзінае, што засталося ад тых часоў, — футбольная каманда: шатландская федэрацыя па футболу мае асобнае сяброўства ў ФІФА.

З часоў Алімпіяды 1908-га прайшло больш за сто гадоў, аднак шатландскія нацыяналісты не забыліся пра той славуты момант у гісторыі спорту і ганарацца ім. Справа не толькі ў тым, што шатландцы паказвалі дастаткова добры ўзровень — акрамя бронзы веласіпедыстаў, добра згулялі і футбалісты. У 1908 годзе яны падзялілі з іншай камандай трэцяе месца. З таго часу мара выставіць на Алімпіяду сваю каманду не пакідае незалежнікаў.

Таму, пачынаючы з 2005 года, калі да ўлады ў рэгіёне прыйшла Партыя нацыяналістаў Шатландыі (SNP), тут вядзецца сталая кампанія за шатландскае прадстаўніцтва на Алімпійскіх гульнях. А паколькі ў гэтым годзе Алімпіяда адбываецца ў Лондане, кампанія набыла новае дыханне. Яшчэ адзін немалаважны фактар — прызначаны на восень наступнага года рэферэндум аб пачатку выхаду Шатландыі са складу Аб’яднанага Каралеўства.

Нядзіўна, што нацыяналісты, якія кантралююць урад, спрабуюць выкарыстаць гульні ў якасці прапаганды суверэнітэту. Алекс Салманд, лідар нацыяналістаў і прэм’ер ураду шатландскай аўтаноміі, арганізаваў сапраўдны дэбош падчас знаходжання факела з алімпійскім агнём у Шатландыі. Тут факел быў амаль тыдзень. Па падліках, каля 400 тысяч чалавек павінны назіраць за ходам алімпійскай эстафеты. І напярэдадні старту эстафеты кіраўнік шатландскай аўтаноміі заклікаў суайчыннікаў сустракаць алімпійскі агонь не брытанскім сцягам, а шатландскім. Паводле рашэння шатландскага кабінета, было выдзелена недзе паўтары тысячы бюджэтных фунтаў на тое, каб наняць спецыяльных людзей для раздачы сцягоў мінакам і малявання ім на скуры колераў шатландскага сцяга.

На гэтым Салманд не супакоіўся. Ён патрабаваў, каб у час Алімпіяды над стадыёнам Hampden у Эдынбургу, дзе пройдзе восем матчаў Алімпіяды, развіваўся таксам шатландскі сцяг. Спачатку Лондан адмовіў Салманду, аднак пасля петыцыйнай кампаніі быў вымушаны саступіць.

Яшчэ больш радыкальнай аказалася кампанія ў Шатландыі за асобную алімпійскую зборную па футболу. Так, асацыяцыя шатландскіх футбольных балельшчыкаў, вядомая пад назвай Tartan Army, вырашыла байкатаваць выступы алімпійскай зборнай Вялікабрытаніі. Па словах галоўнага фаната зборнай Шатландыі, вітаць зборную Вялікабрытаніі — тое ж самае, што «вітаць з’яўленне ў сябе дома чорнай чумы».

Шатландская футбольная федэрацыя (SFA) планавала напярэдадні Алімпіяды ўвогуле забараніць мясцовым футбалістам удзельнічаць у складзе зборнай Вялікабрытаніі, што падалося занадта радыкальным крокам нават Салманду. Ён заклікаў федэрацыю не спяшацца з гэтым. Функцыянеры ж SFA, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што ўдзел у зборнай Вялікабрытаніі можа падарваць нацыянальны дух шатландскіх футбалістаў. Увогуле, па апытаннях, 60 працэнтаў шатландцаў выступаюць за сваю алімпійскую футбольную каманду.

Цікава, што кампанія ў Шатландыі мела водгук ва Уэльсе і ў самой Англіі, дзе таксама даўно існуе рух за стварэнне асобнай алімпійскай каманды, якая б выступала пад сцягам Святога Георгія (нацыянальны флаг Англіі). Ажывіліся і звычайна спакойныя уэльсцы. «Новы Час» ужо пісаў, што мясцовыя нацыяналісты патрабавалі ад Лондана рэфармаваць да старту Алімпіяды брытанскі дзяржаўны сцяг, на якім няма элементаў уэльскай сімволікі.

Цяжка сказаць, наколькі сур’ёзныя шансы ў шатландскіх нацыяналістаў займець сваю алімпійскую каманду. Аднак зразумела, што кампанія за алімпійскую зборную Шатландыі дапамагла Салманду ўзняць прывабнасць незалежніцкага праекту.

Не дарма апошнім часам англійскі палітычны істэблішмент актыўна выступае супраць сепарацыі Шатландыі. Так, 7 чэрвеня Эд Мілібэнд — лідар лейбарыстаў — патрабаваў праводзіць рэферэндум не толькі ў Шатландыі, аднак і ў Англіі. Логіка простая: англічане таксама маюць права вырашаць лёс саюзу. Заява Мілібэнда выклікала вялікі інтарэс, паколькі ніколі раней лейбарысты праблемамі англійскай нацыі не цікавіліся.

У гэтым плане, як адзначаюць каментатары, будучая лонданская Алімпіяда таксама стане бітвай за захаванне адзінства Вялікабрытаніі. Калі яе зборная здолее прыцягнуць сімпатыі шатландцаў, то шансы нацыяналістаў перамагчы на гістарычным рэферэндуме будуць не такія высокія.
 

Каментаваць