Альпійская балада

У аўстрыйскай правінцыі Ціроль закончыўся год святкавання 200-й гадавіны паўстання Андрэаса Гофера. Свята стала падставай для экстрэмістаў, каб узняць праблему Паўднёвага Ціролю.

(На выяве: Андрэас Гофер)



У аўстрыйскай правінцыі Ціроль закончыўся год святкавання 200-й гадавіны паўстання Андрэаса Гофера. Свята стала падставай для экстрэмістаў, каб узняць праблему Паўднёвага Ціролю.

(На выяве: Андрэас Гофер)


Год Андрэаса Гофера афіцыйна закончылі святкаваць у мінулыя выходныя. Увогуле, Андрэас Гофер — арганізатар трох паўстанняў супраць французаў і баварцаў у пачатку ХІХ стагоддзя. Пасля паразы Аўстрыі ў вайне з Напалеонам цірольскія землі сталі часткай Баварыі. Новыя ўлады пачалі зямельную і царкоўную рэформы. Гэта і выклікала бунт, які, дарэчы, праходзіў пад клерыкальнымі і кансерватыўнымі лозунгамі. Так, Гофер забараніў жанчынам насіць папулярныя па ўсёй Еўропе фасоны адзення, якія ён палічыў занадта эпатажнымі. На тэрыторыях, захопленых паўстанцамі, былі забароненыя балы і танцы. Так ці інакш, паўстанне доўжылася дастаткова доўга, пакуль французы нарэшце не злавілі і не закатавалі яго лідэра.

Пра Андрэаса Гофера, аднак, не забылі. Ён стаў нацыянальным героем — падчас святкаванняў на вуліцах Інсбруку (сталіца Ціроля) сто тысяч чалавек выйшлі, каб згадаць ягоны чын. Сярод прысутных на свяце былі такія важныя персоны, як федэральны прэзідэнт і прэм’ер.

Аднак не ўсё было так мірна. З самага пачатку святкавання года Гофера стала зразумела, што мерапрыемствы будуць выкарыстаны радыкаламі, каб узняць пытанне Паўднёвага Ціролю. Праблема ўзнікла ў 1919 годзе. У той час Паўднёвы Ціроль паводле дамовы, падпісанай у Сэн-Жэрмене (Францыя), адышоў Італіі.

Ужо тады інкарпарацыя рэгіёну ў склад Італіі выклікала шмат пратэстаў. Па-сутнасці, такі крок супярэчыў 14-ці пунктам амерыканскага прэзідэнта Вудра Вільсана, на базе якіх мусіў будавацца свет пасля першай сусветнай вайны. Адзін з галоўных пунктаў праграмы гарантаваў нацыям права на самавызначэнне. У выпадку Ціроля парушэнне гэтага правіла было відавочным. 89 працэнтаў цірольцаў былі аўстрыйцамі.

У той час у Германіі і Аўстрыі назіралася цікавая форма салідарнасці з цірольцамі. Кожны горад называў якую-небудзь плошчу Плацам Паўднёвага Ціролю.

Натуральна, для італьянскіх фашыстаў Паўднёвы Ціроль стаў аб’ектам нянавісці. У 1922 годзе прыкладна 700 сяброў баявых фашысцкіх атрадаў адправіліся туды, каб давесці, што Паўднёвы Ціроль — гэта частка Італіі.

Пазней Рым пачаў палітыку «італізацыі». Імёны цірольцаў былі перапісаныя на італьянскі манер. Нават сама назва «Ціроль» была забаронена. Цяпер гэта правінцыя называлася Боцэн. Пазней у рамках асіміляцыі была забаронена і нямецкая мова. У адказ узніклі падпольныя класы.

У 1928 годзе пачалася новая фаза каланізацыі. Мусаліні стварыў тут нешта кшталту Свабоднай эканамічнай зоны. Прадпрымальнікі, якія жадалі інвеставаць у мясцовую гаспадарку, атрымалі вялікія бонусы. Наступствам стала вялікае перасяленне італьянцаў. Так, насельніцтва сталіцы Боцэна вырасла ў 1930-я гады ў чатыры разы.

Пасля прыходу да ўлады Гітлера, які называў сябе фюрэрам усіх немцаў (сюды ён запісаў і аўстрыйцаў), сітуацыя стала папросту камічнай. З аднаго боку, Берлін вымагаў абароны правоў сваіх землякоў, аднак з другога — сварыцца з саюзнікам Мусаліні ён не хацеў. У 1939 годзе было падпісана італьянска-нямецкае пагадненне. Адпаведна яму, цірольцы павінны былі або пераехаць жыць у Рэйх, або заставацца ў краі і прыняць італьянскае грамадзянства, або пераехаць у нямецкія калоніі ў розных гарадах Італіі. Пазней падчас вайны з СССР іх нават думалі адправіць у Крым. Усяго ў той час пакінулі радзіму 75 тысяч чалавек.

Расчараванне палітыкай Гітлера прывяло да таго, што ў краі нават узнікала сапраўднае антыфашысцкае падполле. Яго актывісты, аб’яднаныя ў Саюз Андрэаса Гофера, вымагалі аднаўлення Аўстрыі, у склад якой павінен быў увайсці таксама Паўднёвы Ціроль. Група мела кантакты з брытанскай разведкай.

Канец вайны выклікаў у цірольцаў надзею на вяртанне ў склад Аўстрыі. Аднак краіна была падзелена паміж саюзнікамі на 4 акупацыйных зоны. Паўднёвы Ціроль застаўся італьянскім.

Супраціў працягваўся. У 1957 годзе назіраліся пратэсты супраць намеру ўраду перасяліць у Ціроль 5 тысяч працоўных з Паўднёвай Італіі. Немагчымасць дабіцца аўтаноміі палітычным сродкамі прывяла да з’яўлення тэрарыстычнага руху. Быў створаны Камітэт вызвалення Паўднёвага Ціролю (BAS). Групоўка галоўным чынам займалася разбурэннем помнікаў фашызму 1920–1930-х гадоў, праводзіла дыверсіі. Увогуле, з пачатку 1950-х італьянскія карабінеры зафіксавалі 361 акт тэрору з боку цірольскіх сепаратыстаў.

Між тым, паступова Аўстрыя і Італія дасягнулі кампрамісу па праблеме. Пасля афіцыйнай адмовы Вены ад прэтэнзій да Італіі, Рым пачаў рэформы. З 1972 года Паўднёвы Ціроль — аўтаномія, дзе нямецкая і італьянская мовы маюць роўны статус. Існуе прынцып нацыянальнага прапарцыйнага прадстаўніцтва ў дзяржаўных інстытутах (раней 90 працэнтаў чыноўнікаў былі італьянцамі).

Аднак напярэдадні згаданага вышэй святкавання ў Інсбруку выбухнуў скандал. Паўднёвыя цірольцы, дакладней, некаторыя іх арганізацыі, заявілі, што адмовяцца ад удзелу ў святах, калі ім забароняць пранос цярновага вянку, які павінен сімвалізаваць смутак па падзеях 1919 года. Ультыматум актывізаваў усе неанацысцкія арганізацыі Аўстрыі і Германіі.

У выніку вянок несці дазволілі, аднак ён быў аформлены ў мадэрновым стылі. Аднак правакацый усё роўна хапала. Там-сям можна было пабачыць транспаранты «Паўднёвы Ціроль — не Італія». Прычым на гэты раз былі заўважаныя лозунгі таксама і супраць Аўстрыі. «Наша радзіма — Аб’яднаны Ціроль», — скандавалі нейкія радыкалы.

Аднак, здаецца, цягнік ужо сышоў. У Паўднёвым Ціролі цяпер толькі кожны чацвёрты — італьянец. Але пры гэтым 40 працэнтаў насельніцтва выступаюць за тое, каб край заставаўся ў складзе Італіі. За аб’яднанне з Паўночным Ціролем у складзе Аўстрыі выступаюць 27 працэнтаў цірольцаў.

Каментаваць