Альтэрнатыва без альтэрнатывы

1 сакавіка ў Краіне Баскаў адбудуцца сапраўды гістарычныя выбары. Упершыню за гісторыю існавання баскскай аўтаноміі да ўлады прыйдуць сацыялісты, якім у цяперашняй сітуацыі проста няма альтэрнатывы.

Баскская аўтаномія, або Euskadi, у цяперашнім стане існуе з 1978 года, калі пасля смерці Франка ў Іспаніі пачаліся працэсы дэмакратызацыі, складовай часткай якой было вяртанне рэгіёнам праў на самакіравання.

1 сакавіка ў Краіне Баскаў адбудуцца сапраўды гістарычныя выбары. Упершыню за гісторыю існавання баскскай аўтаноміі да ўлады прыйдуць сацыялісты, якім у цяперашняй сітуацыі проста няма альтэрнатывы.

Баскская аўтаномія, або Euskadi, у цяперашнім стане існуе з 1978 года, калі пасля смерці Франка ў Іспаніі пачаліся працэсы дэмакратызацыі, складовай часткай якой было вяртанне рэгіёнам праў на самакіравання.

Самі ж баскі адмаўляюцца называць тэрыторыю аўтаноміі Краінай Баскаў. На іх думку, у склад краіны павінны таксама ўваходзіць некаторыя правінцыі Францыі і Іспаніі. У канстытуцыі аўтаноміі ёсць дзіўны пункт. Адпаведна яму, цяперашняя сталіца аўтаноміі горад Віторыя — часовы пункт рэзідэнцыі баскскіх органаў улады. У будучыні сталіца павінна быць перанесеная ў галоўны адміністратыўны цэнтр правінцыі Навара, горад Памплона (менавіта тут існуе традыцыя штогод выпускаць быка на вуліцы). Навара, якая ў Сярэднявеччы была асобнай дзяржавай, разглядаецца гісторыкамі як калыска баскскай дзяржаўнасці.

Нягледзячы на дэталі, аўтаномія ўжо існуе, і ўвесь гэты час лідэрамі яе ўраду былі сябры Баскскай нацыянальнай партыі (PNV) — самай першай партыі баскаў, створанай яшчэ ў 1895 годзе заснавальнікам баскскага нацыяналізму Сабіна дэ Арана.

Хаця Арана быў заўзятым каталіцкім кансерватарам і лічыў, што задача ягонай партыі — «абарона баскскай расы», з часам PNV стала на больш дэмакратычныя пазіцыі. У 30-я гады менавіта PNV нягледзячы на грозныя інструкцыі з Ватыкану і крытыку з боку прыхільнікаў лозунгу поўнай незалежнасці, пагадзілася на стварэнне аўтаноміі. Апошняя, аднак, была знішчана пасля падзення рэспублікі. Пасля чаго дзеячам PNV давялося эміграваць.

Нараджэнне напрыканцы 50-х гадоў радыкальнай баскскай групоўкі ЕТА (Краіна Баскаў і Свабода), якая заваявала сваімі баявымі акцыямі вялікую папулярнасць сярод моладзі, здавалася, паставіла крыж на намерах PNV заставацца вядучай сілай баскскага супраціву і дзяржаўнага будаўніцтва. Аднак пасля рэстаўрацыі дэмакратычных парадкаў PNV здолела адрадзіцца. Еўрапейскія кансерватары прынялі спецыяльны план дапамогі калегам. Адпаведна, трыццаць гадоў сябры PNV былі кіраўнікамі баскскага ўраду. І вось цяпер іх манаполіі, здаецца, прыйшоў канец. Лічыцца, што на выбарах у парламент нацыяналіст Хуан Хасэ Ібарэчэ) перадасць функцыі Lehendakari (прэм’ер баскскага ўраду) сацыялісту Патксі Лопесу.

Прыход сацыялістаў да ўлады — гэта катастрофа для баскскага нацыяналістычнага руху, які за 30 гадоў не змог узгадніць агульныя тактычныя задачы. Калі дыктатура Франка пачала рушыцца, у гатэлі «Хiberta» ў французскім горадзе Англе  адбылася гістарычная сустрэча нацыяналістычных груповак з удзелам PNV. Мова ішла пра агульныя задачы руху баскскіх нацыяналістаў. PNV адмовілася ад праекту ЕТА і так званых arbetzale («патрыёты», так называюць левых нацыяналістаў). Яна запатрабавала ад Мадрыда ў якасці ўмовы лаяльнасці прызнаць права баскаў на стварэнне асобнай дзяржавы. Кансерватары абмежаваліся лозунгамі аўтаноміі для трох правінцый. У якасці бонусу Мадрыд абраў PNV як галоўнага партнёра перамоваў па баскскаму пытанню.

З тых часоў незалежніцкі лагер расколаты. PNV з падазрэннем ставіцца да arbetzale, якія ў сваю чаргу лічаць, што ўсе незалежніцкія ініцыятывы кансерватараў прывязаныя да электаральнага графіку. Некалькі разоў партыі быццам дамаўляліся, аднак хутка зноў сварыліся. Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася пасля таго, як Мадрыд забараніў галоўную партыю лагера arbetzale — «Batasuna», а таксама і яе нашчадка — «Herri Batasuna» — за сувязь з тэрарыстамі з ЕТА. Цяпер arbetzale, якія не могуць браць удзел у выбарах (любая выбарчая ініцыятыва забараняецца), перанеслі фокус дзейнасці ў трэці сектар і падрываюць сацыяльную базу кансерватараў. Яшчэ напрыканцы 90-х яны дабіліся, каб прафсаюз LAB, звязаны з PNV, прыняў рэзалюцыю пра неабходнасць пашырэння правоў аўтаноміі.

У сваю чаргу PNV, нягледзячы на радыкальную незалежніцкую рыторыку, не змагла пашырыць межы аўтаноміі. У 2002 годзе Ібарэчэ прапанаваў план, які павінен быў закончыцца рэферэндумам пра новы статус Краіны Баскаў — асацыіраваная дзяржава ў складзе Іспаніі. Мадрыд назваў праект супярэчным канстытуцыі, а arbetzale ўвогуле паставіліся да яго крытычна (у тэксце плану не казалася пра тое, што ў склад Краіны Баскаў павінна ўвайсці Навара). У выніку ідэя правалілася. Яшчэ больш крыўдным для PNV было тое, што ў той жа час каталонцы дамагліся прыняцця новага статусу для сваёй аўтаноміі і дабіліся галоўнага — яны прызнаныя Мадрыдам асобнай нацыяй, што адчыняе перад імі прававыя далягляды патрабаваць у будучыні поўнай незалежнасці. Нарэшце PNV не скарысталася добрым момантам у пачатку 90-х, калі пачаўся раскол Югаславіі, а Захад прызнаў Харватыю і Славенію. На думку экспертаў, гэты быў зручны момант патрабаваць перагляду статусу Краіны Баскаў у складзе Іспаніі. Адсутнасць прагрэсу плюс карупцыйныя скандалы — следства манапалізацыі ўлады на працягу 30 гадоў, у выніку прывялі да крызісу партыі і падзення яе рэйтынга яе папулярнасці.

Сацыялісты ў такой сітуацыі сталі галоўнай альтэрнатывай PNV. Увогуле, баскскі сацыялістычны рух узнік у лоне агульнага іспанскага руху працоўных, і толькі ў 30-я яго лідэры пачалі казаць пра права баскаў на аўтаномію і незалежнасць. Аднак пры гэтым сацыяльным падмуркам сацыялістаў былі рабочыя кварталы, дзе жывуць этнічныя іспанцы, які прыехалі ў Краіну Баскаў у 50–60-я. Магчыма таму Партыя сацыялістаў Краіны Баскаў (PSE) усё роўна па сутнасці астаецца філіялам Іспанскай сацыялістычнай працоўнай партыі (PSOE).

Адносіны сацыялістаў да баскскага пытання цяжка назваць роўнымі. За гады дэмакратыі сацыялісты радыкальна мянялі свае падыходы. Напрыклад, у пачатку 80-х урад PSOE сфармаваў сакрэтныя каманды, якія павінны былі тайна забіваць лідэраў баскскага руху. У 1988 і 2005 гадах фактычна вялі перамовы з ЕТА. Прычым у 1988-м на афіцыйным узроўні ЕТА называлася не «банда тэрарыстаў», а «палітычная арганізацыя». Самі лідэры баскскіх сацыялістаў неаднаразова прызнаваліся, што падтрымліваюць кантакты не толькі з сябрамі «Батасуны», аднак нават і непасрэдна ЕТА. Калі б такое сказаў нейкі палітык arbetzale, яго адразу кінулі за краты за сувязь з тэрарыстамі. Аднак з PSE паліцыя размаўляе інакш. Дастаткова гнуткі і прагматычны падыход PSE да нацыянальнага пытання дае падставы спадзявацца на аднаўленне мірнага дыялогу ў краі.

Таксама не трэба забываць, што імідж кіраўнікоў аўтаноміі накладае фармальныя абавязкі падтрымліваць нацыяналістычны дыскурс, садзейнічаць развіццю нацыянальных культурных інстытутаў. Так, каталонскі філіял PSOE, які быў сфармаваны за кошт працоўных, якія прыехалі ў Каталонію з Іспаніі, з часам стаў больш пазітыўна ставіцца да ідэі пашырэння правоў каталонскай аўтаноміі. Нельга забываць,што ў 1993-м годзе ў PSE калектыўна ўступілі нацыяналісты з партыі Euskadiko Ezkerra (Баскскія левыя), якая пачыналася як групоўка ў складзе ЕТА.

У сваю чаргу нацыяналісты, якія пераходзяць у апазіцыю, і arbetzale маюць час разам падумаць і зразумець урокі паражэнняў апошніх трыццаці гадоў. Дарэчы, Філіп Гансалес, былы сакратар PSOE і іспанскі прэм’ер, лічыць, што для вяртання ва ўладу PNV патрэбна ўсяго 6–8 гадоў.

Каментаваць