Іаланта Квасьнеўская. Мікалай Левічаў. Клаус Ваверайт

Іаланта Квасьнеўская

Іаланта Квасьнеўская

Жонка былога прэзідэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага паставіла на вушы ўсю польскую палітыку. Прайшлі чуткі, што яна збіраецца ісці ў прэзідэнты (выбары кіраўніка польскай дзяржавы адбудуцца ў наступным годзе). Гэта стала сапраўдным выбухам. Па апытаннях сацыялагічных службаў, у такім выпадку жонка Квасьнеўскага магла б скласці значную канкурэнцыю цяперашняму прэм’еру Дональду Туску з ліберальнай Грамадзянскай платформы і паспрачацца з ім за права прадстаўляць у другім туры антыкансерватыўны лагер. Аднак у выніку лібералы маглі ўздыхнуць свабодна. У інтэрв’ю аднаму з польскіх каналаў пані Квасьнеўская паведаміла, што выстаўляць сваю кандыдатуру не будзе, паколькі «павінна рабіць для мужа халаднік і маласольныя агуркі». Аднак праўда аказалася больш цікавай. Аляксандр Квасьнеўскі марыць не толькі пра халаднік і агуркі. Ён вырашыў падацца ў старшыні ААН. Такі шанец ён атрымае ў 2011 годзе, калі скончыцца кадэнцыя цяперашняга старшыні. Калі другая палова стане прэзідэнтам у 2010 годзе, то пра сваю мару сесці ў крэсла кіраўніка ААН, Квасьнеўскі можа забыцца. Як піша прэса, Іаланта вырашыла не замінаць мужу. Як мінімум да наступных прэзідэнцкіх выбараў.


Мікалай Левічаў

Сябра думскай фракцыі «Справядлівая Расія» прапанаваў лічыць 31 снежня афіцыйным выходным. «Усё адно большасць расіянаў калі і з’яўляецца на працоўным месцы ў апошні дзень года, то толькі каб выпіць у працоўным калектыве», — аргументуе Левічаў. Дэпутат таксама кажа, што доўгія навагоднія вакацыі трэба трохі скараціць, а майскія святы — павялічыць. Нашто? Паколькі «грамадзяне традыцыйна праводзяць свой непрацоўны час на дачных участках». Самае смешнае, што падобны законапраект раней зарэгістраваў кіраўнік «Справядлівай Расіі» Сяргей Міронаў. Між тым, стала вядома, што Крэмль вырашыў актывізаваць праект эсэраў, які быў прыдуманы, каб адцягваць галасы левага электарату. Магчыма, увесь сыр-бор з-за гэтага. Дарэчы, ініцыятыва Левічава ўздымае яшчэ адно пытанне: калі людзі пачнуць сыходзіць на навагоднія святы 30 снежня, хіба яны ў гэты дзень будуць працаваць?


Клаус Ваверайт

Сацыял-дэмакратычны мэр Берліна праславіўся не толькі тым, што даўно і даволі нядрэнна кіруе сталіцай ФРГ. Ён аўтар фразы: «Я гей, і гэта добра». Шмат хто лічыў, што прызнанне ў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі паставіла крыж на глабальных планах Клауса. Аднак на фоне поўнага крызісу нямецкіх эсдэкаў, якія не могуць знайсці харызматычнага лідэра, на фігуру мэра-гея нечакана паглядзелі па-іншаму. Адпаведна апытанням сяброў партыі, аказалася, што цяперашнія лідэры на фоне мэра Берліна папросту шэрыя і нецікавыя функцыянеры. У той час, як адно словазлучэнне «мэр-гей» выклікае бурную цікавасць публікі. Не кажучы пра тое, што Ваверайт можа пахваліцца досведам кіравання цэлым мегаполісам. Адным словам, эсдэкі з жахам чакаюць вераснёўскіх выбараў у Бундэстаг. Правал іх лідэра Штайнмайера (а да гэтага ўсё ідзе) адчыніць аўтарытэтнаму Ваверайту шлях да пасады кіраўніка партыі. Можа, гэта і добра, аднак ці будуць бюргеры галасаваць за партыю гея — гэта вялікае пытанне.

Каментаваць