Алег Ляшко: Палітык з віламі

За час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ва Украіне, 41-гадовы Алег Ляшко ператварыўся з маргінала ў аднаго з самых пазнавальных палітыкаў у краіне. Пра прычыны яго ўзлёту разважае кіеўскі журналіст Мікола Уласаў.



— Якія вынікі можа прадэманстраваць Алег Ляшко на выбарах 25 мая?

— Дынаміка рэйтынга Ляшко вельмі добрая. Ён стартаваў увосень са смешных 0,34 працэнта падтрымкі. У снежні мінулага года яго гатовыя былі падтрымаць каля аднаго працэнту. Цяпер у шэрагу рэгіёнаў цэнтральнай Украіны яго падтрымка дасягае 6–7 працэнтаў. Натуральна, найбольш Ляшко сімпатызуюць на роднай Чарнігаўшчыне. Там за яго гатовыя аддаць галасы каля 10 працэнтаў (увогуле, гэта другі папулярны кандыдат у вобласці). Думаю, што Ляшко па сілах узяць каля 4–5 працэнтаў. Гэта гарантуе яму саліднае 4–5 месца і шанс яго Радыкальнай партыі прайсці ў парламент на хуткіх выбарах.

— Адкуль узяўся Алег Ляшко ва ўкраінскай палітыцы?

— Увогуле, ён з дзетдомаўскіх. Раней яго больш ведалі як дастаткова радыкальнага апазіцыйнага журналіста. Калі ў часы Кучмы пачалі закручваць гайкі, Ляшко трапіў у вельмі непрыемную гісторыю і атрымаў чатыры гады за нейкія фінансавыя махінацыі, звязаныя з рэдакцыяй адной з газет. Хутка яму далі амністыю, і ён цалкам падаўся ў палітыку. У 2006 годзе, не без дапамогі алігарха Бродскага, трапіў у прахадную частку спісу партыі Цімашэнка і атрымаў пасведчанне дэпутата. Аднак пасля вырашыў гуляць сола, стварыўшы пад сябе структуру — Радыкальную партыю. У цяперашнюю Раду Ляшко трапіў па мажарытарнай акрузе. Ён абіраўся па роднай Чарнігаўшычыне, дзе ён мэтанакіравана працуе амаль год.

— Чаму сёння ва ўкраінскім грамадстве назіраецца відавочны інтарэс да такой супярэчлівай фігуры, як Ляшко?

— Відавочна, што гэта звязана са зменай атмасферы ў грамадстве пасля Майдана. Ляшко і раней быў вядомы публіцы. Яго часта запрашалі на розныя шоў, аднак хутчэй у якасці аніматара. Яго выступы былі абсалютна па-за кантэкстам размовы, і хутчэй уяўлялі набор радыкальных слоганаў. Асабліва праславіўся ён тым, што з’яўляўся на людзях і ў праграмах з віламі, на якія абяцаў узняць усіх — карупцыянераў, бандытаў і г.д. Майдан змяніў стаўленне да палітыка. Па-першае, ён давёў, што не баязлівец. Яго бачылі на барыкадах Грушэўскага, куды нават некаторыя лідары "Правага сектару" носу не паказвалі. Яго апошнія перформансы з захопам сепаратыстаў, якіх ён тэатральна дапытваў, стварылі яму імідж чалавека, які гатовы дзейнічаць, а не размаўляць. Нарэшце, падчас Майдану электарату ўвесь час казалі, што ўкраінскай палітыцы патрэбныя новыя твары. Сёння такім новым тварам сярод іншых кандыдатаў у прэзідэнты па сутнасці з’яўляецца толькі лідар радыкалаў.

— Нядаўна ўкраінская пракуратура папярэдзіла Ляшко наконт таго, што арышты ад свайго імя сепаратыстаў і знятыя на відэа іх допыты, парушаюць мноства законаў аб грамадзянскіх правах. Ляшко не баіцца, што гульня з законам можа скончыцца для яго вельмі кепска?

— Пакуль у яго ёсць дэпутацкая недатыкальнасць, а Украіна знаходзіцца ў стане вайны, яму нічога не пагражае. Аднак у любым выпадку, ёсць думка, што ён свядома працягне рабіць такія правакацыі. Яму трэба, каб вакол яго аб’ядналіся людзі, якія яму вераць. Толькі так можна паспрабаваць ператварыць Радыкальную партыю ў нешта больш сур’ёзнае і прарвацца ў парламент і ў мясцовыя органы ўлады. Дагэтуль радыкалы нагадвалі адзін з бізнэс-праектаў мясцовых прайдзісветаў. Напярэдадні выбараў яны атрымлівалі ад Ляшко грошы і імітавалі нейкую партыйную працу. Паводле незразумелага прынцыпу фармаваліся і кандыдацкія спісы партыі. Не дарма Ляшко праславіўся тым, што напярэдадні парламенцкіх выбараў 2012 года зацвердзіў «крывавую» клятву для кандыдатаў ад радыкалаў. Кандыдат ад яго партыі даваў прысягу не здрадзіць Ляшко ў выпадку перамогі і не пераходзіць у іншы лагер. У адваротным выпадку аднапартыйцы мелі права закалоць здрадніка такім чынам, каб уся яго кроў вылілася ў Дняпро. Натуральна, «прысяга» — гэта толькі жарт, аднак пра наяўнасць кадравай праблемы ў партыі яна сведчыла.

— У чым моц Алега Ляшко?

— Палітолагі адзначаюць яго здольнасць вельмі хутка адчуваць настроі людзей, талент аператыўна знайсці адказнага за ўзнятую праблему, або прапанаваць нескладаную формулу яе рашэння. Усё гэта робіцца з дапамогай вельмі прымітыўнай, зразумелай усім лексікі. У выніку шматлікіх спарынгаў на шоў ён навучыўся дражніць праціўніка, каб той у дыялогу рабіў нейкія памылкі.

— Як выглядае сярэднестатыстычны выбаршчык лідара Радыкальнай партыі?

— Гэта прадстаўнік Цэнтральнай і Паўночнай Украіны. Хутчэй за ўсё, у яго сярэдняя адукацыя. Інакш бы ён зразумеў, што прапановы Ляшко пазбаўленыя сістэмнага аналізу сітуацыі. Да гэтай групы можна прыплюсаваць тых, хто будзе галасаваць часта эмацыйна. Нарэшце, у армію аматараў Ляшко можна дадаць прадстаўнікоў інтэрнэт-аўдыторыі. Цытаты і фотажабы ад Ляшко стварылі яму аўдыторыю ў сацыяльных сетках. Паводле апытанняў на шматлікіх праеўрапейскіх сайтах, Ляшко — фаварыт выбараў.

— Праціўнікі Ляшко ахвотна ўзгадваюць відэа прыкладна 20-гадовай даўніны, дзе ён распавядае следчаму пракуратуры пра сваю гомасэксуальную сувязь з нейкім чыноўнікам. Думаецца, гэта вельмі моцны кампрамат з улікам маштабаў гамафобіі ў нашых шыротах. Ці ўплываюць спробы стварыць Ляшко імідж гомасэксуаліста на яго рэйтынгі?

— Хаця сам Ляшко кажа што тое відэа — фальсіфікацыя, гісторыя дасюль мусіруецца. Аднак пасля таго, як яе пачалі ўсё часцей дэманстраваць на расійскіх каналах, тэма магчымай гомасэксуальнасці Ляшко перастала ўспрымацца як параметр, паводле якога людзі фармуюць сваё стаўленне адносна дадзенага палітыка

— Ці можа папуліст Ляшко заняць сталае месца ва ўкраінскай палітыцы?

— Тут шмат будзе залежыць ад вынікаў запланаванай палітычнай рэформы. Агучана прапанова на наступных выбарах абіраць дэпутатаў выключна па спісах. Пры такім раскладзе ў Радыкальнай партыі няшмат шансаў дарвацца да мандатаў. Гэта значыць, што Ляшко прыйдзецца вяртацца пад крыло больш буйных партый, напрыклад, партыі Юліі Цімашэнка. Аднак не выключана, што пратэкцыя Юліі не будзе патрэбная Ляшко. У выпадку, калі абяцанага ўрадам Яцанюка эканамічнага цуду доўга не будзе, давер да партыі Цімашэнка пачне падаць на карысць у тым ліку Ляшко.

Каментаваць