Алігархі на Майдане

Чым больш цягнецца стаянне на Майдане, тым часцей ва ўкраінскай прэсе агучваецца тэзіс пра тое, што да арганізацыі акцыі датычныя фракцыі алігархаў, уключаючы прадстаўнікоў данецкага клану. Ці так гэта на самай справе? На пытанні журналіста “Новага Часу” Алега Новікава адказвае кіеўскі палітолаг Сяргей Маўчан.



— Версія пра нябачную руку алігархаў над Майданом з’явілася параўнальна нядаўна. Што прымусіла грамадства мусіраваць гэту тэму?

— Дэталёвы аналіз падзей у ноч на 30 лістапада на Майдане, калі былі збітыя студэнты, паказвае на шмат супярэчнасцяў. Перш за ўсё, на кадрах відаць, што спачатку невядомыя спрабуюць правакаваць «Беркут». Але ніводны з тых, хто нападаў на спецназ, не прыцягнуты да адказнасці. Можна казаць пра тое, што ў гэтым кірунку следства наогул не вядзецца. Значыць, камусьці гэта трэба. Але галоўнае ў іншым. Варта зразумець: каму быў выгодны такі сцэнар развіцця падзей, як новая эскалацыя канфлікту, які на 30 лістапада ўжо быццам затух? Сярод варыянтаў адказаў ёсць і наступны: працяг масавых акцый патрэбны алігархам як нагода заявіць Януковічу пра свае правы і выказаць нязгоду з яго эканамічнай і кадравай палітыкай.

— Што падштурхнула алігархаў на такі крок?

— Па-першае, дэманстратыўнае парушэнне правіл і традыцый, усталяваных пасля вялікага перадзелу напрыканцы 1990-х гадоў. Гэта праяўляецца ў тым, што ключавыя пасады ў Кабміне занялі людзі Януковіча, а не прадстаўнікі розных фракцый данецкага клану. Лідары буйнога бізнэсу таксама не задаволеныя асабістымі амбіцыямі старэйшага сына прэзідэнта — Аляксандра Януковіча. Ёсць інфармацыя, што ён нефармальна кантралюе ключавыя інстытуты дзяржавы: МУС, Падатковую службу, Нацбанк, Міністэрства прыродных рэсурсаў. Па-другое, Януковіч відавочна праводзіць курс на знішчэнне канкуруючых фінансава-прамысловых груповак за кошт пашырэння бізнэс-імперыі сваёй сям’і. Каб нейтралізаваць гэтыя працэсы, або прынамсі шантажаваць Януковіча, буйному бізнэсу было лагічна падтрымаць пратэст на Майдане.

— Найбольш часта, калі гаворка ідзе пра так званы «бунт алігархаў», згадваецца імя кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Сяргея Лёвачкіна.

— Лёвачкін — бізнэс-партнёр аднаго з найбуйнейшых украінскіх прадпрымальнікаў Дзмітрыя Фірташа, які, уклаўшы грошы ў газавы транзіт, зрабіў стаўку на ўваходжанне Украіны ў ЕС . Ён даўно фінансаваў праеўрапейскія палітычныя структуры, як, напрыклад, партыю «Удар» Віктара Клічка. Менавіта Лёвачкін кантраляваў інфармацыйную палітыку ўлады, і ў прыватнасці, адказваў за прапаганду дамовы пра асацыяцыю з ЕС, якая стварыла ў грамадзян Украіны завышаныя чаканні адносна еўраінтэграцыі. Яго жонка асабіста ўдзельнічала ў арганізацыі першага студэнцкага Майдану, які хутчэй дэпалітазаваў пратэст.

Па адной з версій, Лёвачкін ведаў пра намер разагнаць Майдан у ноч на 30 лістапада, аднак дэманстратыўна самаўхіліўся, каб падставіць сваіх канкурэнтаў Клюева і Захарчанку. Каб цалкам не замазацца, ён нават падаў у адстаўку. Аднак Януковіч адстаўку не прыняў, паколькі ўсё гэта выглядала б як чыстая палітыка, якая пацвярджала адсутнасць маналітнасці ў Партыі рэгіёнаў.

— У прэсе пішуць, што да змовы алігархаў нават датычны лідар данецкага клану Рынат Ахметаў — галоўны фундатар Партыі рэгіёнаў.

— На днях Ахметаў публічна выступіў за ўладжванне канфліктаў з дапамогай перамоваў. Паколькі заява была зроблена пасля сустрэчы з амерыканскімі дыпламатамі, усё спісалі на вынік знешняга ціску. Насамрэч Ахметаў і так дзвюма рукамі падтрымлівае еўрапейскі выбар Украіны. У альтэрнатыўным выпадку — пры ўваходжанні ў Мытны саюз — індустрыяльныя магутнасці алігарха ў перспектыве пяройдуць пад кантроль Крамля. Не кажучы пра тое, што ён уклаў вялізарныя сродкі ў набыццё розных прадпрыемстваў у той жа Славакіі або Польшчы.

Цяжка сказаць, ці фінансуе Ахметаў Еўрамайдан непасрэдна, аднак алігархічны кансенсус, які прывёў Януковіча да ўлады, адназначна разбураны. Для гэтага дастаткова пагуляць з тэлепультам. Большасць каналаў, якія належаць алігархам, хутчэй сімпатызуюць Еўрамайдану. Алігархі зацікаўленыя ў спыненні экспрапрыяцыі чужога бізнэсу. Ім патрэбна легалізацыя іх капіталаў, а лепшы гарант — гэта сяброўства Украіны ў ЕС.

— Ці гатовыя тыя, хто стаіць на Майдане, на саюз з Ахметавым?

— Тут трэба зразумець адну рэч. Ёсць лідары апазіцыі, а ёсць Майдан. І самае парадаксальнае — тое, што галоўным фактарам рызыкі для бізнэсу Ахметава з’яўляецца не ўмацаванне тыраніі Януковіча, а якраз Еўрамайдан. Лідары апазіцыі на вачах губляюць кантроль над экзальтаванай масай, якая прагне рэальных змен, а не рытуальных танцаў пад крыкі «Слава Украіне». Самім удзельнікам Еўрамайдану карагоды надакучылі. Прыходзіць разуменне, што Майдан стаў часткай закуліснага гандлю. Стаяць людзям наканавана не да вырашальнай атакі на Кабмін, а датуль, пакуль прадстаўнікі буйных алігархічных груповак і кланаў канчаткова не перадзеляць сферы ўплыву на палітыку і найбуйнейшыя галіны эканомікі.

Уласна кажучы, апазіцыя і не хавае, што не супраць такога сцэнару. Пра магчымы саюз з д’яблам заявіў не так даўно Юры Луцэнка, адзін з лідараў Еўрамайдану. Па яго словах, алігархі — гэта сітуатыўны саюзнік, які дапаможа Украіне захаваць статус незалежнай дзяржавы. Але Януковіч таксама гатовы кінуць алігархам костку. Заяўлена, што да канца новага года склад Кабміну абновяць на 90 адсоткаў. Не выключана, што свае словы паспрабуюць сказаць сілавікі Зазарчанкі.

— Атрымліваецца, што, так ці інакш, Еўрамайдан прыйдзецца разганяць? Пакуль, аднак, у такую перспектыву верыцца слаба.

— У такім фармаце Еўрамайдан таксама асуджаны. Градус хваляванняў так ці інакш падае. Паводле сацыялагічных апытанняў, толькі 25 адсоткаў украінцаў вераць у тое, што вынікам Еўрамайдану будзе змена ўлады. Большасць лічаць, што ўсё скончыцца, як толькі спыніцца фінансаванне ці людзі канчаткова расчаруюцца ў стаянні на плошчы ў мароз.

Але нават калі гэты Еўрамайдан «рассмокчацца», усё адно пазіцыі ўлады ў вачах абывацеляў, і перш за ўсё на перыферыі, падарваныя. Усе сталі сведкамі, па-першае, слабасці цэнтра. Па-другое, нежадання сілавікоў усур’ёз ваяваць за ўладу. Па-трэцяе, апартунізму апазіцыі. Таму цяперашні Майдан будзе мець працяг, і не факт, што яго наступныя выданні алігархі змогуць узяць пад кантроль.

Каментаваць