Алімпіяда ў Рыа. Дзень трынаццаты

Мінула ўжо два тыдні з пачатку Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра. Наперадзе – усяго тры дні спаборніцтваў, пасля чаго спартсмены, журналісты і турысты пакінуць сонечную Бразілію. Як мінуў транаццаты дзень на гэтай Алімпіядзе чытайце ў нашым аглядзе.

Чарговы медаль для Беларусі

Марыя Мамашук заваявала срэбраны медаль у дужанні ў сваёй вагавай катэгорыі ды 68 кілаграмаў. Золата выйграла японка Рысаку Каваі, якая перамагла нашу спартсменку з лікам 6:0.

Гэтя ўжо шосты медаль Беларусі на Алімпіядзе. Раней было золата Уладзіслава Ганчарова ў скачках на батуце, срэбра — Дар'і Навумавай і Вадзіма Стральцова ў цяжкай атлетыцы, бронзы — Джавіда Гамзатава ў грэка-рымскім дужанні і ў Аляксандры Герасімені ў плаванні.

Упэўнена прабілася ў фінал у бегу на 800 метраў Марына Арзамасава. Яна зноўку паказала вельмі добры час (1: 58,87) і гэтага хапіла, нягледзячы на чацвёрты час у заліку сярод іншых спартсменак, для выхаду ў фінал. Пазаўзець за Марыну можна будзе 21 жніўня.

Марына Літвінчук не здолела выйграць медалёў у фінале сярод байдарак-адзіночак на 500 метраў. Нягледзячы на спрытны старт яна паступова згубіла тэмп і ў выніку стала толькі чацвёртай. Пры гэтым лёс срэбра, бронзы і чацвёртага месца, якое ў выніку і дасталося Літвінчук вырашаў фотафініш. Медалі ў выніку дасталіся Венгрыі, Даніі і Новай Зеландыі

Цяпер чаканні беларусаў звязаныя з веславаннем на байдарках-чацвёрках. Няхай гэты фінал будзе для нашай краіны шчаслівым!

Усэйн «тры на тры»

Знакаміты ямайскі бягун Усэйн Болт выйграў золата ў забегу на 200 метраў і стаў ужо васьміразовым алімпійскім чэмпіёнам. Дыстанцыю ён прабёг за 19.78, што хоць і не з’яўляецца рэкордам, але пры гэтым Усэйн здолеў пакінуць усіх сваіх супернікаў далёка за сабой.

Забаўны выпадак адбыўся на прэс-канферэнцыі: журналісты дамовіліся задаваць пытанні толькі срэбнаму прызёру Андрэ дэ Грасэ і бронзаваму прызёру Крыставу Лемэтру. Пратрымаліся яны толькі да пятага пытання, калі пад незадаволены гул калегаў нарэшце прагучала пытанне і да Усэйна.

Цяпер надзеі зборнай Ямайкі і асабіста Ўсэйна звязаныя з фіналам у мужчынскай эстафеце 4х100 м. Калі Усэйн Болт выйграе і ў гэтым забегу, то стане дзевяціразовым чэмпіёнам на трох Алімпійскіх гульнях ва ўсіх сваіх стартах.

Самая маладая перамога і першы медаль для Індыі

Кітаянка Жэнь Цянь стала самай маладой пераможцай Гульняў. Ёй не было роўных у скачках у воду з дзесяціметровай вышкі. Сваю бліжэйшую суперніцу яна абагнала на 20 балаў. Пры гэтым на момант фіналу ёй было ўсяго 15 гадоў і 180 дзён.

Сакша Малік выйграла бронзу ў жаночай барацьбе ў вагавой катэгорыі да 58 кг і прынесла першы медаль на Гульнях у Рыа для Індыі. За такое дасягненне Малік атрымае ад уладаў свайго роданага штата Хар’яна больш за 370 тысяч даляраў прэміяльнымі і працу дзяржслужачай.

ЗША прабачыліся за хлусню

Алімпійскі камітэт ЗША (USOC) выступіў з заявай у сувязі з затрыманнем амерыканскіх плыўцоў у Рыа-дэ-Жанейра і прынёс афіцыйныя прабачэнні.

Раней плыўцы Раян Лохтэ, Джэймс Фейген, Джэк Конгер і Гунар Бэнц паведамілі аб тым, што яны былі абрабаваныя, але ў ходзе следства выявілася, што яны давалі ілжывыя паказанні. Амерыканскія плыўцы заявілі, што да хлусні іх падгаварыў Раян Лохтэ.

І зноўку допінг

Адзіны малдаўскі прызёр алімпіяды Сяргей Тарноўскі, які выстыпае ў веславанні на каноэ быў адхілены ад спаборніцтваў з-за станоўчай допінг пробы. Цяпер ён прапусціць фінал на каноэ-двойках на дыстанцыі 1000 метраў, у якім мусіў выступаць са сваім братам.

Не пазмагаецца за медалі і беларускі тэквандыст Арман-Маршал Сіла, які быў абвінавачаны ва ўжыванні мельдонію.

Нашы надзеі на пятніцу

Сёння на старт выходзіць наша галоўная медальная надзея ў жаночай байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 500 метраў у складзе Маргарыты Махневай, Надзеі Ляпешка, Вольгі Худзенка і Марыны Літвінчук. Чатыры гады таму нашы вясляркі амаль у такім жа складзе вырвалі бронзу ў польскага экіпажа. Пачатак кваліфікацыі — 15:37.

У 16:20 пачнецца кваліфікацыя ў мастацкай гімнастыцы. Ад Беларусі ў адзіночных спаборніцтвах будуць спаборнічаць будуць Кацярына Галкіна і наша асноўная медалёвая надзея — Меліціна Станюта.

Уначы пачнуць свае спаборніцтвы Іван Ціхан і Сяргей Каламоец. У адсутнасці свайго галоўнага канкурэнта паляка Паўла Файдэка наш спартсмен становіцца адным з галоўных прэтэндэнтаў на ўзнагароды. Пачатак конкурсу малатабойцаў — 03:05.

Каментаваць