«Алё, прэзідэнт»: шоў Чавеса без Чавеса

Пераемнік Уга Чавеса Нікалас Мадура намагаецца адрадзіць культавую праграму «Алё, прэзідэнт», якая была адным з галоўных інстытутаў рэжыму. Апошні раз праграма выйшла ў эфір 29 студзеня 2012 года. Аднак памяць пра шоў жыве дасюль.



Вось паспрабуйце растлумачыць немцу або французу канцэпцыю праграмы «Алё, прэзідэнт». Англамоўная Вікіпедыя прапануе вельмі мудрагелістую дэфініцыю: «ток-шоў венесуэльскага прэзідэнта Уга Чавеса». Нам жа зразумець, аб чым гаворка, значна прасцей. «Алё, прэзідэнт» — гэта нешта накшталт селектарнага пасяджэння ў Лукашэнкі, толькі штотыднёвае і ў наўпроставым эфіры.

Упершыню «Алё, прэзідэнт» пабачыла свет у 1999 годзе, праз тры месяцы пасля абрання Уга Чавеса на пасаду прэзідэнта. Дырэктар праграмы Тэрэза Маніглія (Teresa Maniglia) задумала стварыць праект, галоўная ідэя якога заключалася ў тым, каб нехта ў форме адказу на тэлефанаванні распавядаў пра ініцыятывы ўраду, яго разуменне тых ці іншых нацыянальных і міжнародных праблем. Але хто? Нечакана ў галаву прыйшла ідэя — запрасіць весці праграму самога Уга Чавеса.

Чавес настолькі ўвайшоў у ролю шоўмэна, што паступова тэлефанаванні адышлі на другі план. У цэнтры тэлеаб’ектываў аказаўся выключна Уга. Прычым ён тлумачыў не толькі курс сваёй адміністрацыі і анансаваў рэформы. Ён дзяліўся з далёкімі ад палітыкі гледачамі прыватнымі думкамі, успамінамі. Так, аднойчы даверліва прызнаўся, што ў школе яго дражнілі «Гуфі», як героя мультфільма Уолта Дыснея. Другім разам з настальгіяй згадаў сваё першае каханне. За словам у кішэню вядоўца не лез, у выразах не саромеўся. Напрыклад, калі пачалася іракская вайна, на ўвесь эфір абазваў Буша-малодшага «алкашом».

У свой час мне давялося быць у Венесуэле і паглядзець праграму «Алё, прэзідэнт». Вось што я запісаў у нататніку адразу пасля пабачанага. «Гэтым разам «Алё, прэзідэнт» цягнулася ўсяго шэсць гадзін. За 360 хвілін Уга выклаў план здабычы нафты, сцёр у парашок латыфундыстаў, правёў селектарную нараду з міністрам адукацыі, уставіў свой «пятак» у філалагічную дыскусію, адкалоў нешта геніяльнае наконт таго, ці трэба ўстаўляць у слоўнікі партугальскія афарызмы, прэзентаваў чыйсьці раман, працытаваўшы найбольш упадабаныя ім кавалкі, агучыў лісты ў сваю падтрымку ад маладых чыканас (эмігранты лацінаамерыканскага паходжання) з ЗША, назваў нейкага мясцовага палітыка «шэльмам». У фінале ў студыю прыпёрся дзіцячы хор, удзельнікам якога было па 5–6 гадоў. Прэзідэнт бухнуўся перад музычным калектывам на калені, падпоўз бліжэй, расцалаваў кожнага хлопчыка і дзяўчынку, а на закуску яшчэ і дырэктарку».

На пэўным этапе Чавес пашырыў склад ўдзельнікаў праграмы — амаль у поўным складзе прывёў у студыю ўрад. Праўда, міністры на сцэну не выходзілі, як правіла сядзелі за сталом, чакаючы, калі Уга іх згадае. «Алё, прэзідэнт» ператварылася ў рэаліці-шоў з удзелам кіраўніцтва. У прамым эфіры лідар прымаў важныя рашэнні нацыянальнага маштабу. Так, у 2008 годзе падчас аднаго з выпускаў Уга Чавес загадаў міністру абароны падцягнуць танкавыя войскі да мяжы з Калумбіяй, якая абвінавачвала Каракас у падтрымцы партызанскай барацьбы на калумбійскай тэрыторыі. Другім разам камандантэ забараніў продаж «Кока-Колы» ў сталіцы.

Часта на праграму запрашаліся вядомы персоны. Напрыклад, прэзідэнты Лула да Сільва (Бразілія), Эва Маралес (Балівія), Крысціна Фернандэс Кіршнер (Аргенціна). Фідэль Кастра выходзіў на сувязь з Гаваны амаль рэгулярна.

Паступова змянілася і дыслакацыя студыі. Вельмі часта праграмы рабілі выязнымі — з нейкіх вёсак, бедных прыгарадаў, з так званых «баліварскіх місій» — сацыяльна-культурных комплексаў, якія будаваліся ўрадам у бедных кварталах. Часам праграмы вяліся з-за мяжы — з Кубы, Балівіі.

Сказаць, што праграма карысталася грамадскім інтарэсам, нічога не сказаць. Яна хутка стала самым важным прапагандысцкім падмуркам створанай Уга дзяржаўнай сістэмы. «Чавес мае дзве мэты са сваім «Алё прэзідэнт», — адзначаў у сваім даследаванні спецыяліст па Венесуэле. — Адной мэтай з’яўляецца падтрымка пастаяннага кантакту з масамі, другой — даць сваім прыхільнікам інструкцыі, што рабіць. Гэта момант, калі Чавес слухае пульс народу, адчувае, што ён думае. Гэта вялізарнае мастацтва камунікацыі».

Прычым, заўважым, што да экранаў спяшаліся ў нядзелю аб 11-й гадзіне раніцы як фанаты Чавеса, так і яго апаненты — настолькі таленавітым шоўмэнам быў Уга. Гледачоў зусім не палохала, што ў сярэднім праграма «Алё, прэзідэнт» цягнулася каля шасці гадзін (рэкорд — восем гадзін). Чавес нават задумваў праграму на 4 дні ў фармаце тэлемарафона, аднак пасля адмовіўся ад гэтай ідэі.

Не маючы магчымасці паслабіць інтарэс гледачоў да шоў, апазіцыя абвінаваціла ўладу у тым, што тая за кошт «Алё, прэзідэнт» парушае закон аб грамадскіх СМІ, фактычна манапалізуе іх. Улада ў адказ забрала ліцэнзію ў аднаго з апазіцыйных каналаў, якіх, дарэчы, па колькасці больш, чым грамадскіх. Пратэсты заціхлі.

Апаненты Чавеса паспрабавалі нівеляваць прапагандысцкі поспех Чавеса праз тэлефанаванні ў студыю з нязручнымі для таго пытаннямі. Так, дыджэі адной з кубінскіх антыкастраўскіх радыёстанцый у Маямі «нарэзалі» фраз Фідэля Кастра з яго размовы з прэзідэнтам Мексікі і дамагліся злучэння са студыяй прэзідэнта Венесуэлы, прыкінуўшыся кубінскімі тэлефаністамі. Адбыўся такі дыялог: "Алё, Фідэль?" — сказаў Чавес. "Атрымаў ты мой ліст?" — спытала трубка голасам лідара кубінскай рэвалюцыі. "Так, усё атрымаў, усё ў парадку", — адказаў прэзідэнт Венесуэлы. "Я гатовы супрацоўнічаць з табой", — сказаў нібыта Фідэль. Пасля гэтага дыджэй спыніў запіс і закрычаў у трубку: "Прэч з Венесуэлы!" Пазней гэты жарт каштаваў амерыканскай радыёстанцыі 4 тысяч долараў штрафу.

З 2000 года пачалася спадарожнікавая трансляцыя праграмы. Некаторыя суседнія прэзідэнты скралі канцэпцыю «Ало, прэзідэнт», каб стварыць свае аналагі. Першым гэта зрабіў эквадорскі лідар Рафаэль Карэа. За ім — Эва Маралес. Лацінаамерыканскія журналісты, якія працавалі ў Маскве, сцвярджалі, што Пуцін пазычыў шмат чаго ў Чавеса падчас распрацоўкі фармату праграмы «Размовы з Пуціным».

Хвароба Уга Чавеса не дазволіла яму па шэсць гадзін выступаць перад камерамі. Апошні раз «Алё, прэзідэнт» выйшла ў эфір 29 студзеня 2012 года. Аднак памяць пра шоў жыве дасюль. Відавочная роля, якую праграма адыгрывала ў мабілізацыі электарату Чавеса, прымушае пераемнікаў Уга думаць, як забяспечыць яе працяг, або, як мінімум, яе аналаг.

16 сакавіка на венесуэльскім тэлебачанні адбылася прэзентацыя новай праграмы пад назвай «Баліварскі дыялог». Вядзе «Баліварскі дыялог» новы лідар краіны Нікалас Мадура, афіцыйны кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 16 красавіка.

Мяркуючы па першых водгуках, публіка ўспрыняла праграму вельмі асцярожна. Адзін з каментатараў піша: «Мадура выглядае як хлопчык у ценю тытана. Ён намагаецца трымацца, як Чавес, аднак гэта копія без харызмы. Мадура ніколі не зможа замяніць вялікую асобу, якая пайшла з жыцця. Ён здольны хіба толькі сыграць ролю першай лэдзі». На самай справе, як можа апаратчык скласці канкурэнцыю Чавесу, чый стыль вядучага выклікаў зайздрасць нават у самых славутых шоўмэнаў, здольных сваімі маналогамі давесці аўдыторыю да трансу.

Адсутнасць у эфіры шоў «Алё, прэзідэнт», якое забяспечвала сталы кантакт рэжыму з масамі, — яшчэ адзін з фактараў, які відавочна прывядзе да трансфармацыі мадэлі венесуэльскага рэжыму.

Каментаваць