Альтэрнатыўныя Алімпіяды

Малавядомай часткай гісторыі алімпійскага руху з’яўляюцца альтэрнатыўныя Алімпіяды, якія праводзіліся краінамі, калі яны калектыўна байкатавалі афіцыйныя Алімпійскія гульні.
 

Відавочна, для тых, хто памятае СССР, самай вядомай альтэрнатыўнай Алімпіядай з’яўляюцца гульні «Дружба–84», якія прайшлі ў Маскве ўлетку 1984-га ў рамках байкоту Алімпіяды ў Лос-Анжэлесе. Байкот быў нашым парытэтным адказам на байкот Алімпіяды–80 з боку 65 краін Захаду. Хаця афіцыйна нашы атлеты ў 1984 годзе не паехалі за акіян па наступных прычынах: «адмова прадставіць СССР і іншым сацыялістычным краінам адмысловыя пісьмовыя гарантыі бяспекі», а таксама адмова ўладаў ЗША дазволіць «Аэрафлоту» чартарныя рэйсы для дастаўкі савецкай дэлегацыі, плюс адмова прыняць у порце Лос-Анжэлеса цеплаход «Грузія», які планавалася выкарыстоўваць як алімпійскую плывучую базу».

Аднак байкотам гульняў у Каліфорніі справа абмежавацца не магла. Трэба было абавязкова рабіць альтэрнатыўную Алімпіяду, накшталт той, якую ў 1980 годзе правялі амерыканцы. Мала хто ведае, што на зло Саветам улетку 1980-га на базе ўніверсітэту Пенсільваніі пад Філадэльфіяй «байкатоўцы» з 29 дзяржаў правялі свае спаборніцтвы. Дарэчы, амерыканцы спачатку шукалі іншае месца пад альтэрнатыўную Алімпіяду. Сярод краін-кандыдатаў фігуравалі Кот-д’Івуар, Японія, Кітай і Італія.

Чамусьці Вашынгтону асабліва хацелася правесці гульні ў Кот-д’Івуары. Нядаўна брытанскі «The Telegraph» апублікаваў ліставанне паміж Вашынгтонам і пасольствам ЗША ў Абіджане, якому было даручана абавязкова атрымаць ад кіраўніцтва краіны згоду на прыём гульняў. З дакументаў высвятляецца, што адміністрацыя Картэра за кошт Алімпіяды ў Афрыцы хацела падарваць пазіцыі СССР на Чорным кантыненце.

Паводле зместу тых жа дакументаў, ЗША адначасова ціснулі на Міжнародны алімпійскі камітэт (IOC), каб Самаранч забраў у Масквы права на правядзенне Алімпійскіх гульняў. Распрацоўваўся план правядзення іх у Мельбурне або ў Афінах. Была яшчэ адна экзатычная ідэя — праводзіць альтэрнатыўную Алімпіяду на пяці кантынентах адразу.

Аднак у выніку гульні, якія афіцыйна называліся Liberty Bell Classic, прайшлі ў Злучаных Штатах. Усяго ў рамках альтэрнатыўнай Алімпіяды змагаліся за 33 камплекты ўзнагарод. Відавочна, дамінавалі на стадыёнах амерыканцы. У фінальным заліку ў іх было 19 медалёў. Нейкую канкурэнцыю янкі паспрабавалі зрабіць канадцы і кітайцы. Тым не менш, у некаторых відах былі паказаны лепшыя вынікі, чым на паралельных Алімпійскіх гульнях у Маскве.

Пасля Liberty Bell Classic было зразумела, што часткай канцэпцыі байкоту з боку СССР Алімпіяды ў Лос-Анжэлесе абавязкова стане правядзенне сваёй альтэрнатыўнай Алімпіяды. Гаворка пра тыя самыя гульні «Дружба–84». У спаборніцтвах удзельнічалі спартоўцы дзяржаў, якія байкатавалі Гульні ў Лос-Анжэлесе: СССР, Балгарыя, Венгрыя, ГДР, КНДР, Куба, Манголія, Польшча, Чэхаславакія, Эфіопія і інш. Усяго ў спаборніцтвах удзельнічалі спартоўцы з больш чым 50 краін.

Увогуле, «Дружба–84» была не першай спробай арганізацыі «антыамерыканскіх» альтэрнатыўных Алімпіяд. У 1963 годзе ў Джакарце (Інданезія) адбыліся так званыя гульні GANEFO — абрэвіятура ад англійскай Games of the New Emerging Forces (Гульні новых узнікаючых сілаў). Гэта была маштабная спартовая падзея. 2 700 атлетаў прадстаўлялі 51 дзяржаву. Па сутнасці GANEFO былі спробай стварыць нейкі Міжнародны алімпійскі камітэт для краін трэцяга свету, лідары якіх у той час марылі пра новы геапалітычны полюс.

Перадгісторыя GANEFO была такая. У лютым 1963 года выканкам IOC прыняў рэзкую заяву, у якой асудзіў адмову Інданезіі выдаваць уязныя візы для ўдзелу ў IV Азіяцкіх гульнях дэлегацыям Ізраілю і Тайваня, і, як следства, прыпыніў сяброўства Інданезіі ў арганізацыі. У адказ прэзідэнт Інданезіі Сухарта прапанаваў правесці спаборніцтва для спартоўцаў краін «антыімперыялістычнай» арыентацыі. Ініцыятыва адразу атрымала падтрымку Мао Цзэдуна. Як вядома, КНР з 1956 года байкатавала IOC, які дазволіў удзел у Алімпіядзе камандзе Тайваня.

У выніку СССР і краіны Варшаўскай дамовы апынуліся ў цяжкай сітуацыі. З аднаго боку, у СССР, алімпійская каманда якога была адной з самых моцных у свеце, не было жадання сварыцца з IOC. З іншага — ігнараваць гульні ў Джакарце значыла аддаць палітычную ініцыятыву Кітаю ў трэцім свеце. У выніку ў Маскве выдумалі кампрамісную формулу: савецкія спартсмены прынялі ўдзел у спаборніцтвах, аднак не ў самым моцным складзе. Адпаведна, тон на спаборніцтвах задавалі кітайцы, якія выйгралі 65 залатых медалёў. На другім месцы былі савецкія атлеты (27 залатых медалёў). Інданезіі дасталася трэцяе месца (22 залатых медаля).

Наступныя гульні GANEFO планавалася правесці ў 1967 годзе ў Каіры. Пры гэтым Кітай абяцаў дапамогу Егіпту ў будаўніцтве спартовых аб’ектаў. Аднак працэсы «культурнай рэвалюцыі» выклікалі зніжэнне ўвагі кітайскага кіраўніцтва да спорту, у выніку чаго падтрымка не была аказана, што прывяло да адмены другога GANEFO. Пераварот у Інданезіі, ахвярай якога стаў прэзідэнт Сухарта, таксама адмоўна адбіўся на далейшым лёсе праекту.

У Камбоджы прайшлі другія GANEFO з удзелам каманд з 17 краін. Турнір перайменавалі ў азіяцкія гульні GANEFO. Чарговыя GANEFO павінны былі адбыцца ў 1970 годзе ў КНР. На іх прыехала ўсяго 300 спартсменаў. У выніку Пекін капітуляваў, і ў 1971 годзе (упершыню з 1956-га) пагадзіўся ўдзельнічаць у мерапрыемствах пад эгідай IOC.

У сваю чаргу, GANEFO таксама не былі першай альтэрнатыўнай Алімпіядай. Першы раз альтэрнатыўную Алімпіяду зладзіў урад іспанскай рэспублікі ў 1936 годзе. Сацыялісты, якія складалі касцяк ураду, вырашылі не накіроўваць спартсменаў у нацысцкі Берлін, які прымаў Алімпіяду. Усе, хто не хацеў ехаць да Гітлера, сабраліся ў Барселоне. Удзельнічаць у альтэрнатыўных гульнях збіраліся 6 тысяч спартсменаў з 22 краін. Але ў выніку «Народная Алімпіяда» — так называлася акцыя — не адбылася. Якраз напярэдадні адкрыцця Гульняў пачаўся мяцеж Франка. Каля 200 спартоўцаў вырашылі застацца ў Іспаніі і змагацца на баку рэспубліканцаў.

Сёння падаецца, што альтэрнатыўныя Алімпіяды — фрагменты мінулага. Аднак не трэба спяшацца. На думку назіральнікаў, карупцыйныя скандалы, якія рэгулярна адбываюцца ў апараце IOC, могуць прывесці да расколу арганізацыі. Не кажучы пра тое, што ў спартовым свеце існуе фракцыя, якая крытыкуе IOC за адыход ад прынцыпаў алімпійскага руху — спорт павінен мець аматарскі і некамерцыйны характар. Нарэшце, з улікам росту ўплыву ісламу, свае Гульні могуць арганізаваць мусульмане, што таксама падарве манаполію IOC на Алімпіяду. Нешта падобнае ўжо спрабавалі зрабіць у 2005 годзе ў Саудаўскай Аравіі, дзе прайшлі Гульні ісламскай салідарнасці з удзелам 6000 атлетаў з 55 краін. Другія Гульні былі прызначаныя на 2010 год, аднак з-за напружанасці ў зоне Персідскага заліву яны дасюль не праведзеныя.
 

Каментаваць