Алжыр на вулкане

Стан здароўя алжырскага прэзідэнта Абдэля Азіза Бутэфліка крытычны. З-за таго, што гарант не паспеў прызначыць пераемніка, краіна пасля яго смерці рызыкуе пагрузіцца ў анархію.



Абдэль Азіз Бутэфліка


У маі мінулага года Абдэль Бутэфліка заявіў, што не будзе больш балатавацца на пасаду прэзідэнта (ён займае яе з 1999 года). Не думайце, што пачуўшы навіну алжырскія дэмакраты ўзрадаваліся. З аднаго боку, ім як патрыётам было прыемна, што ў Алжыры з’явіўся прэзідэнт, які, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў, жадае мірна перадаць уладу. Дарэчы, былыя прэзідэнты пакідалі свае пасады, як правіла, у выніку путчаў або смяротных хваробаў.

 

Усе разумелі кошт заявы, якую зрабіў Бутэфліка. Рашэнне было прынятае на фоне рэвалюцыйных падзей у суседніх арабскіх краінах. За кошт заявы пра хуткі сыход рэжым выкупаў у часткі грамадства лаяльнасць. Тым больш, што Бутэфліка як чалавеку, які нарадзіўся ў 1937 годзе, сапраўды цяжка цягнуць лямку.

 

Тое, што адбудзецца пазней, можа было лёгка прагназаваць. Да 2014-га прэзідэнт і яго атачэнне вызначацца з кандыдатурай пераемніка, які, з улікам аўтакратычнай прыроды алжырскай улады, лёгка атрымае на выбарах мандат на кіраванне дзяржавай (практычна ўсе апошнія выбары ў краіне былі сфальсіфікаваныя). Алжыр такім чынам мог і далей заставацца на перыферыі дэмакратычнага свету.

 

Аднак нечакана ў справу ўмяшаліся біяпрацэсы. 27 красавіка 2013 года Бутэфліка быў тэрмінова шпіталізаваны і дастаўлены для медыцынскага абследавання і лячэння ў вядомую парыжскую клініку Валь-дэ-Грас. Прычынай шпіталізацыі стаў мікраінсульт. Са шпіталя алжырскі гарант так і не выйшаў. Ходзяць плёткі, што ён знаходзіцца ў коме.

 

Хаця ўлада ігнаруе запыты апазіцыі надаць грамадству права ведаць пра стан здароўя пацыента Валь-дэ-Грас, з кожным днём з’яўляецца ўсё больш падстаў казаць пра тое, што на былую працу Абдэль Азіз ніколі не вернецца. Увогуле, сітуацыя больш цяжкая. На мінулым тыдні французскае выданне «Valeurs Actuelles» пад рубрыкай «Эксклюзіў» са спасылкай на персанал шпіталя паведаміла, што Бутэфліка амаль пры смерці.

 

Праўда, і без гэтага паведамлення алжырскае грамадства з сярэдзіны красавіка літаральна стаіць на вушах. Ніхто не ведае, што будзе на наступны дзень пасля з’яўлення ў газетах афіцыйных некралогаў. Сітуацыя нявызначаная нават з пераходным перыядам.

 

Паводле канстытуцыі, уся ўлада на час падрыхтоўкі да новых прэзідэнцкіх выбараў павінна належаць старшыні сенату, аднак тут пачынаюцца прававыя нестасоўкі. Той жа асноўны закон патрабуе, каб кіраўніком дзяржавы быў этнічны алжырац, а галоўны сенатар Абдэлькадэр Бенсалах (Abdelkader Bensalah) мае туніскія карані. У прынцыпе, быў іншы варыянт. Адправіць у Парыж дэлегацыю канстытуцыйнага савету, якая канстатуе недзеяздольнасць прэзідэнта. Аднак праблема ў тым, што кіраўнік савета знаходзіцца невядома дзе.

 

Адным словам, усё сведчыць, што алжырская эліта ў адсутнасці гаранта не можа дамовіцца пра кандыдатуру пераемніка. Гэта звязваюць не толькі з канкурэнцыяй кандыдатаў і супрацьстаяннем кланаў. Так склалася, што ў адміністратыўным апараце традыцыйна вельмі мала асобаў з лідарскімі якасцямі. Урад і вертыкаль заўсёды былі ў падпарадкаванні.

 

Часопіс «Afrique magazine» цытуе аднаго з экс-вайскоўцаў: «Ніводны чалавек унутры сістэмы не жадае браць на сябе ініцыятыву з-за страху. Кажучы па праўдзе, ніхто не ведае, як вырашыць гэту праблему».

 

У сувязі з гэтым усё часцей у заходняй прэсе з’яўляецца імя Махамеда Ламіна Медзіна — генерала сухапутных войскаў. Уплывовае французскае выданне «Le Monde» лічыць, што згаданы генерал у палітычным хаосе, які справакуе смерць прэзідэнта, вызначыць кандыдатуру новага кіраўніка Алжыру.

 

Праўда, путч будзе толькі адтэрміноўкай больш маштабнага крызісу. Як прызнаюць усе эксперты, у алжырскім грамадстве назіраецца агульны кансенсус наконт таго, што старая аўтакратычная мадэль — анахранізм. «Afrique magazine» параўноўвае настрой у алжырскім грамадстве з «нацягнутай цецівой». Выданне піша: «Падчас сямейных застолляў або сустрэч з іншаземцамі, на кава-паўзах падчас розных канферэнцый, на кулуарных пасяджэннях міністраў, бізнэс-сняданках усе канстатуюць адно і тое ж: патрэбныя перамены, патрэбны разрыў з мінулым. Краіна нагадвае атлета, які застыў у пазіцыі «на старт».

 

Запыт на змены матываваны не толькі тым, што аўтакратыя за амаль палову стагоддзя ўсім добра надакучыла. Нацыя яўна адчувае комплекс перад арабскімі суседзямі, якія ў выніку Арабскай вясны зрабілі вялізарныя крокі ў развіцці грамадзянскай свядомасці — разуменне адказнасці кожнага індывідуума за лёс нацыі. Менавіта ў Егіпце, Лівіі зараз пульсуе дыскусія — хто такія арабы і якое іх месца ў ХХІ стагоддзі.

 

Акрамя таго, усе эканамісты, прызнаючы дасягненні рэжыму Бутэфліка (паводле статыстыкі, алжырцы — адна з трох сусветных нацый, чый дабрабыт рос найбольш інтэнсіўна за апошнія 40 гадоў) указваюць на галоўны сістэмны недахоп. Уся эканоміка краіны будуецца на вуглевадароднай рэнце. Калі не будзе дыверсіфікацыі вытворчасці, у 2024-м краіна будзе мець нулявы ВУП (пры Бутэфліка ён складаў тры працэнты на год) плюс цалкам праедзеныя цяперашнія золата-валютныя рэзервы (200 мільярдаў еўра). Залежнасць ад экспарту сыравіны не могуць кампенсаваць ніякія прарывы Бутэфліка, які сапраўды шмат чаго дабіўся. Лепшым прыкладам з’яўляецца запуск першай лініі сталічнага метро. Акрамя таго, пад кіраўніцтвам Бутэфліка за апошнія гады ўладам удалося рэзка знізіць узровень гвалту і практычна задушыць магутны радыкальны рух ісламістаў.

 

Наўрад ці генерал Махамед Ламін Медзін усур’ёз збіраецца займацца праблемай развіцця новых сектараў эканомікі. Праўда, у вайскоўцаў ёсць адзін джокер. Алжырцы могуць пагадзіцца на захаванне статус-кво, паколькі ў калектыўнай памяці засталася траўма наконт падзей 1990-х гадоў, калі ісламісты ператварылі краіну ў арэну крывавай грама­дзянскай вайны.

 

Акрамя таго, канвергенцыі патрабаванняў грамадства не існуе. Розныя сацыяльныя групы жадаюць рознага: моладзь патрабуе працы і магчымасці для праяўлення творчасці, лева-ліберальная інтэлігенцыя — палітычных свабодаў, вернікі — росту ўплыву рэлігіі на грамадскія інстытуты, бізнэсмэны — меншага кантролю дзяржавы за эканомікай. Няма інтэгральнай праграмы, якая б яднала ўсіх незадаволеных алжырцаў. Няма такога палітыка, якога можна было лічыць Валенсам або Гарбачовым — сімвалам пераменаў.

 

Пакуль зразумела толькі адно: сітуацыя ў Алжыры застаецца нявызначанай. Магчыма, больш дакладна пра расклад унутры эліты і перспектывы можна будзе казаць 5 ліпеня, калі краіна адзначыць Дзень незалежнасці. Абавязковым атрыбутам святкаванняў будзе вайсковы парад, які звычайны прымае прэзідэнт. У адсутнасць Абдэля Азіза Бутэфліка па ранжыру прысутных на афіцыйнай трыбуне можна будзе зразумець, якая фракцыя ва ўладзе ў выніку можа агучыць імя пераемніка.

Каментаваць