Аміна — праект «Масада»?

Каб дыскрэдытаваць палітычныя рухі, сакрэтныя службы пачынаюць ствараць фальшывыя блогі лесбіянак і гомасэксуалістаў.



Каб дыскрэдытаваць палітычныя рухі, сакрэтныя службы пачынаюць ствараць фальшывыя блогі лесбіянак і гомасэксуалістаў.

Цяжка нават уявіць, якой вялікай была радасць актывістаў руху сэксуальных меншасцяў па ўсім свеце, калі неяк, блукаючы па сацыяльных сетках, яны наткнуліся на акаўнт «A Gay Girl in Damascus». Яго вяла нейкая Аміна. Аўтарка сцвярджала, што яна жыве ў Дамаску і з’яўляецца заўзятым прыхільнікам альтэрнатыўнай сэксуальнай арыентацыі… Усе арабскія геі і лесбіянкі былі ў захапленні ад гераізму дзяўчынкі. Вядома, што Сірыя — краіна кансерватыўная, дзе падобныя паводзіны не вітаюцца.

На гэтым сюрпрызы не закончыліся. Аміна так яскрава і адкрыта апісвала свае раманы і флірты, што хутка падзяліла арабскую супольнасць LGBT (абрэвіятура ад англ.: лесбіянкі, геі, бісэксуалы, трансвестыты) на дзве фракцыі. Першыя казалі, што Аміна — актывіст руху. Трэба смела, як яна, ісці ў народ і пазіцыянаваць сябе як прадстаўніка іншай сэксуальнай арыентацыі. Другія, наадварот, заклікалі Аміну паводзіць сябе больш сціпла, прынамсі не выкладаць у сеціва апісанне эратычных сцэн, каб не наклікаць гнеў рэтраградаў на субкультуру. Аднак у выніку ўсё закончылася пшыкам: высветлілася, што ніякай Аміны не існуе.

Амінай была сям’я амерыканцаў Тома і Брыты МакМастэраў, якія жывуць у Шатландыі. Неяк парачка, па іх словах, вырашыла пазабавіцца і стварыла той правакацыйны блог. МакМастэры нават не ведалі магчымых наступстваў свайго прыколу. Аміна хутка стала сімвалам руху за сэксуальную эмансіпацыю на Усходзе. Тое, што на выхадзе смелая лесбіянка аказалася фантомам, нанесла ўдар па рэпутацыі сяброў LGBT. Нядзіўна, што на адрас Мак­Мастэраў паступаюць пагрозы, у тым ліку і фізічнай расправы. Сярод абураных ёсць і тыя, каго Аміна паспела закахаць у сябе. Яна вяла вельмі актыўную амурную перапіску і нават прызначала спатканні.

Але гэта яшчэ кветачкі. Ёсць думка, што МакМастэры дзейнічалі ў рамках нейкага канспіратыўнага плану з глабальнай мэтай. Самі стваральнікі Аміны, сапраўды, вельмі не паслядоўна тлумачаць матывы, якія падштурхнулі іх завесці блог.

Спачатку Том МакМастэр казаў пра тое, што хацеў проста папрыкалвацца. Пазней у інтэрв’ю выданню «Guardian» Том адзначыў, што Аміна была для яго спробай напісання мяккай эратычнай прозы. Далей больш. Падчас спаткання з журналістам ВВС Том раптам прызнаецца, што папросту хацеў данесці да публікі свае погляды на палітыку. Аказалася, каб цябе заўважылі, трэба прыкінуцца сірыйскай лесбіянкай.

Пакуль МакМастэр блытаецца ў матывах, публіка ўважліва аналізуе архіў запісаў Аміны і знаходзіць там шмат падазронага.

Напрыклад, назіральнікаў інтрыгуе маштаб эпісталярнай творчасці Аміны. Яна ўмудралася не толькі весці інтэрнэт-дзённік, але і фліртаваць на шматлікіх жаночых форумах, каментаваць палітычныя падзеі і г.д. Пры гэтым не проста нешта крэм­заць, а рабіць гэта на дастаткова высокім літаратурным узроўні. Адкуль такі талент у былога амерыканскага вайскоўца (Том МакМастэр служыў у войсках ЗША). Гэта стварае глебу для версіі пра тое, што МакМастэры — падстаўныя пешкі. На самай справе Аміна — прадукт большай колькасці людзей, аб’яднаных у рамках нейкай арганізацыі.

Арабскія актывісты LGBT мяркуюць, што такой арганізацыяй цалкам мог быць славуты ізраільскі «Масад». Як вядома, афіцыйны Тэль-Авіў не ў вялікім захапленні ад пераменаў у арабскіх краінах, якія стварылі мноства геапалітычных рызыкаў. У тым ліку шмат каму не падабаецца змена іміджу арабскага свету. Цяпер гэты рэгіён некаторыя эксперты нават называюць галоўнай лабараторыяй тэорыі дэмакратыі ў ХХІ стагоддзі. Рост сімпатый да арабаў вядзе да змены стаўлення Захаду ў палесцінскім пытанні. Усё часцей кажуць пра неабходнасць стварэння нармальнай палесцінскай дзяржавы, пра вывад ізраільскіх каланістаў. Адсюль узнікае лагічная патрэба дыскрэдытацыі новых грамадскіх рухаў у краінах Магрыбу. Менавіта адсюль, быццам, і растуць ногі праекту «Аміна».

На карысць такой версіі, па словах некаторых сайтаў, кажа тое, што Аміна ў рамках свайго блогу актыўна абараняла тэзіс пра тое, што апошняя хваля рэвалюцый у арабскіх краінах ёсць, па вялікаму рахунку, справа рук мясцовых геяў і лесбіянак. Адначасова Аміна стала агучвала старыя антысеміцкія міфы. Напрыклад, шмат распавядала пра палітычныя погляды адной са сваіх сябровак. Тая вельмі абураная падзеямі 11 верасня 2001 года і не хавае свайго адмоўнага стаўлення да Бен Ладэна і ісламскіх фундаменталістаў. Аднак пры гэтым лічыць, што ва ўсім вінаватыя самі амерыканцы, якія дапусцілі да ўлады масонаў і яўрэяў.

У чытача, які не вельмі арыентуецца ў палітыцы, складвалася думка пра тое, што за «арабскай вясной» (так называюць апошнія падзеі ў рэгіёне) стаяць геі-антысеміты. Увогуле, абсалютная большасць палітычных каментараў Аміны прысвечана актуальнаму становішчу на Блізкім Усходзе. Адсюль вядучы арабскі LGBT блог «Gay Middle East» робіць выснову, што стваральнікі Аміны праводзілі мэтанакіраваную палітычную кампанію.

Увогуле, «Gay Middle East», які першым высунуў версію, што ніякай Аміны не існуе, таксама пацярпеў за свае крокі. У інтэрнэце адразу з’явілася інфармацыя пра тое, што яго стваральнікі неяк звязаныя з Ізраілем. Тэма кантактаў з Ізраілем вельмі небяспечная ў шматлікіх арабскіх краінах. Мясцовыя крымінальныя кодэксы ўтрымліваць спецыяльныя артыкулы, якія караюць за кантакты з сіяністамі. Формы пакарання могуць быць розныя: ад турмы да смяротнага прысуду.

Сыходзячы з гэтага «Gay Middle East» заявіў, што ізраільскія спецслужбы наўмысна ста­вяць пад удар усю LGBT-тусоўку на Усхо­дзе. З іншага боку, выкрыццё Аміны і так стварыла падставу для іх пераследу. Усе, хто кантактаваў у сеціве з Амінай, у вачах арабскіх спецслужбаў цяпер з’яўляюцца асобамі, якія падазраюцца ў стасунках з патэнцыйным агентам ізраільскай выведкі. Як піша нямецкае выданне «Junge World», зараз сярод сірыйцаў, які «зафрэндзлі» Аміну, назіраецца вялікая паніка і жах наконт магчымага выкліку ў адпаведныя органы. Некаторыя з фрэндаў Аміны нават сышлі ў падполле.
 

Каментаваць