Амаль чвэрць стагоддзя косткай у горле

Дзень 11 снежня — чарговая крывавая дата для чачэнскага народу. Менавіта 11 снежня 1994 года была афіцыйна распачатая Першая чачэнская вайна. Хаця неаб’яўленая вайна супраць незалежнай і свецкай рэспублікі вялася Расіяй на той момант ужо некалькі месяцаў.


Загад № 2169 «Аб мерах па забеспячэнню законнасці, правапарадку і грамадскай бяспецы на тэрыторыі Чачэнскай рэспублікі” Барыс Ельцын падпісаў менавіта 11 снежня. У той жа дзень з захаду, паўночнага захаду і усходу на тэрыторыю Ічкерыі ўвайшлі адразу тры групоўкі расійскіх войскаў агульным лікам амаль у 100 000 чалавек. Ім супрацьстаялі ад 5 (па дадзеных вайсковага журналіста Міраслава Кулебы) да 15 (па дадзеных расійскага Генштабу) тысяч чачэнскіх жаўнераў.

Тры гады спатрэбілася імперыі каб ачуняць ад наступстваў перабудовы і нанесці ўдар па тых, хто вырашыў парваць гістарычныя, палітычныя, вайсковыя і ментальныя сувязі з Расіяй. Аднак удар гэты не стаў нечаканасцю для чачэнцаў. Ужо трэцяя гадавіна незалежнасці — 6 верасня 1994 года, была сумным святам — прадвеснікам хуткай вайны

“І хаця дзень выдаўся сонечным, трывога адчувалася ва ўсім: у сінім небе, у вачах, якія з трывогай глядзелі ўверх у чаканні расійскіх самалётаў і з сумам — адзін на аднаго. Калі яшчэ мы зможам вось так сабрацца на нашым стадыёне, колькі родных і сяброў не далічымся?” — піша ў сваёй кнізе “Мільён першы” Ала Дудаева, удава першага прэзідэнта Ічкерыі.

Трывога гэтая была не марная. На той момант ўжо ва ўсю дзейнічала і кантралявала тры раёны краіны ўзброеная апазіцыя пад кіраўніцтвам былога міліцыянта Гантамірава. Апазіцыя тая, вядома, была адразу прызнаная Расіяй у якасці легітымнага ўраду. З расійскай зброяй, з удзелам расійскіх наймітаў гэтыя прадвеснікі “апалчэння Данбаса” нападалі на вайскоўцаў і сваіх палітычных праціўнікаў — нелаяльных Крамлю прыхільнікаў Дудаева.

Хаця прарасійскія крыніцы называюць датай першых узброеных дзеянняў (знішчэнне чачэнскай авіяцыі) 1 снежня 1994-га, тая ж Ала Дудаева — якая была са сваім мужам да самага канца, і нават у момант смерці, кажа, што без усялякага аб’яўлення вайны альбо спробы мірных перамоваў першыя ўдары па чачэнскіх аэрадромах адбыліся ужо 30 верасня. А цэнтр Грознага у лепшых традыцыях гібрыднай вайны пачалі бамбіць яшчэ 26 лістапада — за два тыдні да афіцыйнага пачатку аперацыі.

Ужо потым былі штурм Грознага, у якім была ганебна спаленая амаль уся бронетэхніка расійскай групоўкі войскаў, і яго бамбардзіроўкі ў навагоднюю ноч, “зачысткі” чачэнскіх сёлаў з масавымі катаваннямі і згвалтаваннямі, за 13 гадзін знішчаная Хатабам рота дэсантнікаў з “элітнай” Пскоўскай дывізіі, атака Басаева на Будзёнаўск, аперацыя “Джыхад” па вяртанню чачэнскай сталіцы ў рукі незалежнікаў, і, урэшце, Хасаўюртаўскія пагадненні, якія сталі толькі перадышкай перад яшчэ больш бруднай і бесчалавечнай Другой чачэнскай вайной.

Страты расійскіх вайскоўцаў у гэтай вайне склалі па афіцыяльных дадзеных: 5032 чалавекі. Па дадзеных Камітэту салдацкіх маці — больш за 14 тысяч! Дзеля чаго? Каб адмыцца ад масавых парушэнняў правоў чалавека, забойстваў цывільных і палонных падчас чачэнскай кампаніі, расійская прапаганда ужо зрабіла агульным месцам штамп пра “генацыд рускіх у Чачні”, які, нібыта, пачаўся там пасля абвяшчэння незалежнасці.

Што ж, генацыд, мусіць, сапраўды быў, бо па дадзеных камісіі чачэнскага ўраду, які расследаваў наступствы вайны, падчас адной толькі першай чачэнскай загінулі 87 530 цывільных жыхароў рэспублікі, з якіх 35 000 складалі этнічныя рускія. Неаднаразовыя факты забойства расійскімі войскамі сваіх апісваюць і многія ўдзельнікі падзеяў. Ды і хіба дывановыя бамбардзіроўкі адрозніваюць нацыянальнасць?

Прайшло 23 гады з пачатку той вайны, але Чачня як была, так і застаецца для Расіі крыніцай напружанасці — прытым як у знешняй, так і ва ўнутранай палітыцы. Так, дзякуючы тэрарыстычнаму рэжыму Кадырава, актыўнасць узброенага антырасійскага і антыкадыраўскага падполля ў Чачні стала мінімальнай.

Але цяжка зараз знайсці палітычнага эксперта (не лічачы пракрамлёўскіх, вядома), які б не казаў: заліўшы Чачню грашыма, даўшы Кадыраву паўнамоцтвы і ўладу, аб якіх Дудаеў не мог і марыць, Пуцін заклаў міну запаволенага дзеяння. Гэта сёння Кадыраў называе сябе “верным пехацінцам Пуціна”. Заўтра, калі ў Расіі ўзмоцняцца цэнтрабежныя тэндэнцыі, ён з адной з найбольш баяздольных армій рэгіёну і вялізнымі фінансавымі рэсурсамі (той жа Расіяй і выдадзенымі) будзе адным з першых, хто адкусіць руку, якая карміла яго столькі год.

У абмен на паказную лаяльнасць Чачня перастала быць суб’ектам расійскага права. Усім вядомы і шырока цытаваны загад Кадырава аб тым, што па расійскіх сілавіках трэба страляць, калі яны трапяць на тэрыторыю рэспублікі без дазволу. Усё больш пытанняў у расійскіх журналістаў і грамадзянскай супольнасці выклікае праект Кадырава па вяртанню ў Чачню з тэрыторыі Халіфата жанчын (жонак былых маджахедаў ІДІЛ, якія паехалі туды дабраахвотна) і гарантаванне ім спакойнага жыцця па-за юрысдыкцыяй расійскіх судоў і пракуратуры, у той час як расіян, якія толькі паспрабавалі з’ехаць у Ісламскую дзяржаву, асуджаюць на доўгія гады зняволення.

Чачня стварае Расіі праблемы і на міжнародным узроўні: ад пераследу геяў, які утаіць так і не атрымалася, да адыёзных заяваў Кадырава замежным журналістам, якія і цытаваць-та агідна.

Для таго, каб паставіць Чачню пад кантроль, расійская ўлада пераспрабавала, бадай, усе метады: пагрозы вайсковым уварваннем, само уварванне, паўнамаштабны генацыд, развіццё шырокай агентурнай сеткі сярод насельніцтва і эліт, маштабны подкуп рэлігійных кіраўнікоў і старшыняў тэйпаў, і, урэшце, усталяванне ў краіне жорсткай дыктатуры свайго васала.

Апошні метад, здаецца, прынёс пэўны плён — але якім коштам? Як і 23 гады таму, Чачня працягвае заставацца косткай у горле Расіі. І цалкам магчыма, менавіта ад гэтай косткі памрэ ў пакутах стары і безнадзейна хворы рускі мядзведзь.

Каментаваць