Андрэй Маткоўскі. Рафаэль Карэа. Боб Бар

Андрэй Маткоўскі

Андрэй Маткоўскі

Мэр горада Палтавы, прадстаўнік Блока Юліі Цімашэнка, даў падставы праціўнікам БЮТ з правага лагеру абвінаваціць ягоную партыю ў тайных кантактах з Крамлём. Справа ў тым, што Маткоўкі выступіў катэгарычна супраць усталявання ў горадзе помніка гетману Мазепе 24 чэрвеня. Галава гораду лічыць, што дату адкрыцця трэба перанесці на канец жніўня, калі Украіна адзначае Дзень незалежнасці. Справа ў тым, што ў чэрвені-ліпені ў Палтаве адбудуцца ўрачыстасці з нагоды 300-годдзя Палтаўскай бітвы, калі войскі Пятра І разбілі шведаў. Апошніх падтрымліваў і ўкраінскі гетман Мазепа, які з часам стаў культавым героем украінскіх нацыяналістаў. Хутчэй за ўсё, у Палтаву на юбілей прыедуць афіцыйныя асобы з Масквы, і, натуральна, ім будзе не вельмі прыемна пабачыць на галоўнай плошчы горада помнік здрадніку — менавіта такую ацэнку дае Мазепе расійская гістарыяграфія. У нежаданні Маткоўскага дражніць гасцей з Масквы крытыкі БЮТ бачаць праявы змовы паміж Цімашэнка і Пуціным. Цікава, што сам Мазепа ў Палтаўскай бітве непасрэднага ўдзела не прымаў.

Рафаэль Карэа


Прэзідэнт Эквадора падчас саміта Арганізацый амерыканскіх дзяржаў прабачыў Калумбію за вайсковы інцыдэнт мінулага года. Тады калумбійскія спецназаўцы, пераследуючы атрад партызан з левай радыкальнай групоўкі Народныя вайсковыя сілы Калумбіі (FARC), перайшлі мяжу з Эквадорам. Атрад быў знішчаны. Так ці інакш, той бой амаль выклікаў вайсковы канфлікт паміж краінамі. Эквадор абвінаваціў суседзяў у інтэрвенцыі і разарваў дыпламатычныя адносіны. Да эквадорска-калумбійская мяжы з абодвух бакоў пачалі падцягвацца вайсковыя часткі. Чавес заявіў, што падтрымае левы ўрад Эквадору і таксама падняў казармы. Вайны не было, аднак напружанасць заставалася дасюль. І вось доўгачаканы мір. Падчас саміту калумбійскі лідэр Альвара Урыбе заявіў, што прымае ўмовы эквадорскага калегі для аднаўлення дыпламатычных адносін. Яшчэ адна важная навіна. Чавес падтрымаў план Урыбе па ліквідацыі FARC. Заяву можна лічыць сенсацыяй, паколькі ёсць меркаванне, што партызаны атрымліваюць фінансавую і матэрыяльную дапамогу праз Каракас.

Боб Бар


Лідэр лібертарыянскай партыі ЗША (ультраліберальная партыя, якая змагаецца з зялёнымі за сімвалічнае права лічыцца трэцяй партыяй у Штатах), пачаў кампанію супраць Барака Абамы. Не так даўно прэзідэнт заявіў, што 90 працэнтаў ад усёй колькасці пісталетаў і аўтаматаў, якія ўжывае мексіканскі крымінал, набываецца ў ЗША. Зрабіць гэта, дзякуючы ліберальным амерыканскім законам, не цяжка. Лібертарыцянцы адразу знайшлі ў гэтым падвох, паколькі, па іх дадзеных, у арсеналах мексіканскіх бандытаў толькі 17 працэнтаў зброі маюць лейбл «made in USA». Самай вялікай крыніцай паставак зброі крыміналу ёсць карумпаваная мексіканская армія. Нашто тады Абама хлусіў? — задаюцца пытаннем лібертарыянцы і робяць сенсацыйную выснову: Абама, на іх думку, паступова пачынае кампанію за адмену славутай другой папраўкі ў канстытуцыі ЗША, якая дазваляе кожнаму амерыканцу валодаць зброяй (на падставе гэтага артыкула і дазваляецца вольны гандаль зброяй). Лібертарыянцы патрабуюць ад Абамы тэрмінова прызнаць, што ён хлусіў і гарантаваць, што другая папраўка застанецца ў Канстытуцыі. На думку лібертарыянцаў, права мець зброю ёсць адным з падмуркаў амерыканскай дэмакратыі.
 

Каментаваць