Ангела Меркель: Аперацыя «пераемнік»

Чуткі пра магчымую хуткую адстаўку канцлера ФРГ выклікалі дэбаты наконт яе пераемніка. Прэса называе шэраг кандыдатаў, сярод якіх дзве жанчыны — міністр абароны і прэм’ер-міністр зямлі Саар.



Поспех зборнай Германіі на Кубку свету ў Бразіліі шмат хто разглядае не толькі як спартовую падзею. Але ў самой Германіі ніякай ідыліі няма. Напярэдадні фіналу чэмпіянату з’явілася інфармацыя аб тым, што Ангела Меркель гатовая напісаць заяву з просьбай пра адстаўку. Пра гэта выданню «Der Spiegel», быццам, распавялі крыніцы ў партыйных і ўрадавых колах. У артыкуле, што прымеркаваным да 60-годдзя Меркель, адзначаецца, нібы кіраўнік урада спадзяецца пазбегнуць паўтарэння лёсу сваіх папярэднікаў — канцлераў Конрада Адэнаўэра і Гельмута Коля. Тыя карысталіся вялікай папулярнасцю сярод немцаў, але сышлі з улады — адзін у выніку ўнутрыпартыйнай палітычнай барацьбы, другі — паразы на выбарах, як палітыкі-лузеры.

 

Як адзначае выданне, Меркель зараз знаходзіцца на піку сваёй палітычнай кар’еры і хацела працягнуць яе на іншым узроўні. Тое ж выданне сцвярджае, што Ангеле Меркель ужо прапанавалі пасаду генеральнага сакратара ААН.

 

Літаральна на наступны дзень пасля публікацыі канцлер дэзавуявала чуткі пра сваю адстаўку. Паводле Меркель, яна «мае жаданне добра працаваць на працягу ўстаноўленага перыяду». Аднак словы канцлера не супакоілі нямецкі палітыкум.

 

Па-першае, «Der Spiegel» — сур’ёзнае выданне, якое дакладна мае інсайдэраў унутры апарату ўраду і кіруючай партыі. Па-другое, відавочна, што хрысціянскім дэмакратам патрэбна новая фігура, якая можа своечасова падмяніць Меркель, што з-за ўзросту можа не пайсці на наступныя выбары. Паводле апытанняў, папулярнасць Меркель можа абярнуцца катастрофай для партыі. Другі пасля Меркель самы папулярны хрысціянскі  дэмакрат у Германіі мае ўсяго 15 працэнтаў падтрымкі. Гаворка пра міністра абароны Урсулу фон дэр Ляйен (нар. 1958). Іншымі словамі, чуткі пра адстаўку, хутчэй за ўсё, не журналісцкая качка. Напэўна, Меркель думае пра маладую змену і разглядае варыянты (у тым ліку сваю адстаўку), якая б дапамагла перадаць пераемніку сімвалічны капітал.

 

Менавіта Урсулу шмат хто бачыць галоўным прэтэндэнтам у крэсла Ангелы Меркель. Хаця ў такім выпадку гендэрная традыцыя ў кіраўніцтве партыі захаваецца, Ангела і Урсула вельмі не падобныя. Ангела — з сям’і настаўнікаў, а Урсула — дачка прэм’ер-міністра зямлі Ніжняя Саксонія. У яе бліскучая адукацыя (па спецыяльнасці яна медык). Ангела жыве адна і без дзяцей. У Урсулы аж сем дзяцей, што, дарэчы, з’яўляецца яе візітоўкай. Ангела ў часы ГДР была дысідэнтам. Урсула мае за плячыма хрэстаматыйную біяграфію тыповага нямецкага палітыка — праца ў апараце фракцыі, дэпутацтва ў мясцовым савеце, мандат дэпутата рэгіянальнага парламента, міністр у складзе зямельнага ўраду, абранне ў кіраўнічыя структуры партыі і, нарэшце, — праход у бундэстаг за партфелямі міністра. Яшчэ ў 2009 годзе Урсула фон дэр Ляйен даверылі партфель міністра сям’і. У мінулым годзе ёй даручылі кіраваць абаронай.

 

Розныя палітыкі і па характары. Меркель вядомая як асцярожны палітык, які прасоўвае свае праекты шляхам кампрамісаў. Ад Урсулы можна чакаць радыкальных крокаў. Урсула фон дэр Ляйен вядомая як аўтар ініцыятывы па барацьбе з дзіцячай парнаграфіяй у сетцы пры дапамозе ўводу старонак-заглушак перад забароненым матэрыялам, што фактычна дазваляла паліцыі збіраць персанальныя дадзеныя карыстальнікаў. У выніку закон быў перагледжаны ў бок выдалення порнасайтаў замест іх блакавання. Раней Урсула таксама ваявала супраць кампутарных гульняў, якія прапагандуюць гвалт.

 

Свой імідж бескампраміснага палітыка яна яшчэ больш замацавала на пасадзе міністра абароны. Дзякуючы новаму міністру нямецкія караблі прынялі ўдзел у аперацыях у водах Лівіі і Самалі. Ужо абяцаная вайсковая дапамога ўраду Малі, які змагаецца з ісламістамі. Мінабароны лабіруе праект набыцця вельмі дарагіх дронаў-разведчыкаў. Важна сказаць, што Урсула — прыхільнік фарсіраванай еўрапейскай інтэграцыі, што не вельмі падабаецца шматлікім бюргерам.

 

Магчыма, менавіта з-за канфлікту характараў Меркель шукае на ролю пераемніка больш блізкага сабе па духу. У выніку ў кастынгу, як піша часопіс «Cicero», перамагла малавядомая Анегерэт Крамп-Карэнбаўэр, прэм’ер-міністр зямлі Саар. Раней Анегерэт Крамп-Карэнбаўэр  (нар. 1960) хутчэй згадвалі дзякуючы цікаваму рэкорду.  У 30 гадоў яна стала самым маладым у гісторыі зямельным міністрам унутраных спраў. У дадатак гэта быў першы выпадак, калі галоўным паліцэйскім прызначылі жанчыну. Слабая пазнавальнасць Анегерэт на федэральным узроўні звязаная з тым, што яна працуе  выключна ў сваім рэгіёне, дзе прайшла шлях ад дарадчыка кіраўніцтва мясцовай секцыі CDU да прэм’ер-міністра. Акрамя офісу яе часта можна бачыць у касцёле. Анегерэт — заўзятая каталічка, і нават уваходзіць у Цэнтральны камітэт арганізацыі «Нямецкія каталікі».

 

Як піша прэса, Меркель вельмі падабаецца рабочы стыль Анегерэт падчас вядзення кааліцыйных перамоваў і праца яе цяперашняга ўраду.

 

 

Па-сутнасці, ён чымсьці нагадвае стыль працы кабінету самой Меркель: ціхая канструктыўная праца без вялікіх скандалаў і рэкламы. Палітык з Саару можа, на думку прэсы, дапамагчы мадэрнізацыі CDU. Анегерэт патрабуе ўвядзення жаночай квоты ў партыйным кіраўніцтве і выступае за трансфармацыю традыцыйнай мадэлі сям’і, адказнасць абодвух бацькоў за выхаванне дзяцей (дарэчы, у Анегерэт іх трое).

 

Трэцім кандыдатам на пасаду пераемніка называюць міністра ўнутраных спраў Томаса дэ Мезьера. Праўда, у яго ёсць шкілет у шафе — удзел у сумнеўнай аферы па набыццю для арміі дронаў-разведчыкаў — так званых Euro-Hawk, якія ў выніку немцы так і не атрымалі. Апазіцыя патрабавала адстаўкі Томаса (тады кіраваў Мінбароны) з-за якога, быццам, у бюджэце ўзнікла дзірка на 600 мільёнаў еўра. Атакі апазіцыі ўрад адбіў, аднак Томаса хутка перавялі на працу ў МУС. Не дадае палітыку бонусаў і свежы скандал наконт таго, што амерыканскія спецслужбы працягваюць практыку праслухоўвання размоў грамадзян ФРГ.

 

Вось такія кандыдаты за пасаду пераемніка Ангелы Меркель і іх стартавыя пазіцыі. Палітолагі лічаць, што непасрэдна гарачая фаза барацьбы пачнецца ўвосень наступнага года.

Каментаваць