Анлайн-хартысты

У красавіку амерыканскі ўплывовы часопіс «Time» змясціў свой варыянт ста самых уплывовых людзей на планеце. Агульную ўвагу выклікала тое, што сярод «уплывовых» аказаўся Бэн Рэтрэй, стваральнік сайта Change.org, які жадае змяніць свет анлайн-петыцыямі.



У красавіку амерыканскі ўплывовы часопіс «Time» змясціў свой варыянт ста самых уплывовых людзей на планеце. Агульную ўвагу выклікала тое, што сярод «уплывовых» аказаўся Бэн Рэтрэй, стваральнік сайта Change.org, які жадае змяніць свет анлайн-петыцыямі.

Сайт Change.org узнік у 2007 годзе. На той час яго стваральніку быў 31 год. Галоўная задача праекту палягала ў тым, каб спрыяць «сацыяльным зменам». Прынцып працы Change.org вельмі просты — асоба або арганізацыя выкладае тэкст петыцыі і прапануе карыстальнікам падтрымаць сваю пазіцыю. Грошы за гэта не бяруць, аднак арганізацыі, якія вядуць кампаніі сур’ёзна, накшталт «Amnеsty International», гатовыя аплачваць свае хосты.

Як не дзіўна, такая прымітыўная формула спрацавала. Пра гэта сведчыць не толькі з’яўленне Бэна ў ганаровым спісе ста самых уплывовых зямлян, аднак і голая статыстыка. На цяперашні дзень гэта самая буйная інтэрнэт-платформа сацыяльнай актыўнасці ў свеце. Колькасць зарэгістраваных на сайце людзей перавышае 12 мільёнаў чалавек. Цяперашні штат супрацоўнікаў Change.org складае ўжо больш за сто чалавек. У планах Рэтрэя бліжэйшым часам адкрыць філіялы ў 20 краінах. Плюс стварыць кітайскую і арабскую моўныя версіі.

Аднак лепшым знакам росту ўплыву Change.org ёсць рэакцыя ўрадаў розных адміністрацый, карпарацый, якія, як правіла, з’яўляюцца адрасатамі петыцый. Так, у 2011 годзе сайт атакавалі хакеры, нанятыя ўладамі КНР, які былі ўражаныя маштабамі петыцыйнай кампаніяй за вызваленне дысідэнта Ай Вэйвэя.

Нельга сказаць, што ўлады ігнаруюць патрабаванні. Так, яны былі вымушаны рэагаваць на змешчаную на Change.org петыцыю бацькоў 17-гадовага Трэйвана Марціна з Фларыды, забітага ў лютым («Новы Час» пісаў пра гэту справу). Пасля трагедыі забойцу адпусцілі, што выклікала шквал крытыкі. На сайце пад патрабаваннем арыштаваць і асудзіць злачынцу падпісалася 2,2 мільёна чалавек (гэта пакуль абсалютны рэкорд колькасці падпісантаў на Change.org). У выніку ўлады Фларыды зноў затрымалі забойцу і адправілі яго да суда пад турэмны арышт.

Натуральна, хапае ў Change.org і крытыкаў. Крытэрыі для рэгістрацыі ў якасці падпісанта самыя прымітыўныя. Дастаткова падчас рэгістрацыі ўказаць нейкае імя і электроны адрас, праўдзівасць якога на самай справе цяжка праверыць. Адсюль скепсіс да колькасці пададзеных галасоў за тую ці іншую прапанову.

З іншага боку, лёгкая мадэль уключэння ў сацыяльную дзейнасць, якую прапануе Change.org, дазваляе людзям ахвотней выказваць сваю грамадскую пазіцыю. Нядзіўна, што анлайн-петыцый становіцца з кожным днём усё больш. Як тут не згадаць, што рух за дэмакратызацыю выбарчай сістэмы ў Англіі ў ХІХ стагоддзі пачаўся з руху падаўцаў петыцый, або так званых хартый.

На Change.org не так шмат палітычных петыцый. Галоўны блок зваротаў — побытавыя праблемы: абарона прыроды, гендэрная роўнасць, экалагічнасць прадуктаў, годнасць слабых.

На першым месцы прырода. Якіх петыцый тут толькі няма! Петыцыя супраць таго, каб вайскоўцы выкарыстоўвалі горных казлоў у якасці мішэняў падчас вучэнняў (65 тысяч подпісаў), тэкст супраць таго, каб цяжарных свіней з кампаніі Domino, якая робіць піцы, трымалі ў малых клетках (113 тысяч подпісаў), заклік да парталу Yahoo не прадаваць праз інтэрнэт мяса дэльфінаў і кітоў (93 тысячы подпісаў). Нарэшце, патрабаванне да Кангрэсу ЗША абавязаць фермераў гарантаваць курам, якія нясуць яйкі, спецыяльны памер плошчы.

На другім месцы праблема здароўя. Нельга прайсці міма петыцыі супраць часопіса «Seventeen Magazine» (англ.: часопіс для 17-гадовых). На думку петыцыяністаў, «Seventeen Magazine» навязвае маладым дзяўчаткам стандарты пра вагу і фігуру. «Шмат дзяўчынак не ведаюць, што «сімпатычныя жанчыны», якіх мы бачым у часопісах, — гэта фальшыўка. Іх выявы рэтушуюцца, каб яны выглядалі больш вытанчанымі, каб у іх была больш прыгожая скура. Патрэбна прыпыніць дзейнасць жаночых часопісаў, які робяць дзяўчатам балюча і крыўдзяць іх пачуццё асабістай годнасці», — піша аўтарка петыцыі. На цяперашні момант зачыніць «Seventeen Magazine» патрабуюць каля 70 тысяч чалавек.

А вось адна маці сабрала 77 тысяч подпісаў за тое, каб фірма «Tide» перастала дадаваць у пральныя парашкі нейкі элемент, які, па словах ініцыятара кампаніі, выклікае хваробу на рак. 233 тысяч подпісаў сабраў нехта Грэгары Мілер, які пратэстуе супраць таго, каб для кантролю хворых на аўтызм у адным са шпіталяў ЗША ўжываліся электрашокеры. А вось нехта Жан Бінгхам ужо святкуе перамогу. 34 тысяч сабраных подпісаў пераканалі кампанію Mattel, Inc пачаць вытворчасць лысых цацак Барбі. Такія Барбі будуць рабіцца спецыяльна для дзетак, якія страцілі валасы з-за хваробы на рак.

Як і трэба было чакаць, маса петыцый з заклікам аднавіць справядлівасць. Так, нельга без эмоцый чытаць гісторыю былога лідара бой-скаўтаў са штата Агайо. Яго выгналі з шэрагаў выхавацеляў дзяцей за тое, што ён аказаўся геем. Хлопец апісвае, як ён сапраўды любіць дзяцей, як доўга хадзіў па бюракратычных эшалонах у пошуках праўды, пакуль нарэшце зразумеў: вярнуцца на любімую працу ён можа толькі дзякуючы Change.org. За гея-педагога падпісалася 277 тысяч чалавек. Такіх гісторый шмат. Так, 8000 тысяч подпісаў сабрана за хлопца з сіндромам Даўна з Паўночнай Караліны. Ён хоча гуляць у амерыканскі футбол, а яму не дазваляюць.

У раздзеле «Сацыяльныя правы» шмат невясёлых гісторый пра тое, як кагосьці пазбавілі дома, выкінулі з працы або загналі ў банкаўскую кабалу. Тут вельмі актыўныя прафсаюзы, якія з дапамогай петыцый ціснуць на працадаўцу. Часам людзі сапраўды перамагаюць. У 2001 годзе 300 тысяч падпісантаў дабіліся, каб Bank of America скараціў памер камісіі за банкаўскія паслугі. Хаця, магчыма, банкіры прыслухаліся да голасу народу, бо петыцыю таксама падпісаў Барак Абама.

Хаця на сайце Change.org ёсць рубрыка «Адукацыя», па сутнасці яна працягвае тэму сацыяльных правоў. Шмат студэнтаў выкарыстоўваюць партал, змагаючыся супраць высокіх тарыфаў на вучобу. Дарэчы, у 2012 годзе Універсітэт штату Арызона вырашыў нават заблакаваць доступ да сайту з-за таго, што на Change.org мясцовыя студэнты сабралі вельмі шмат подпісаў супраць павышэння коштаў. Хаця ёсць тут і петыцыі, якія непасрэдна тычацца адукацыі. Так, студэнты штату Луізіана, з якімі салідарныя 75 тысяч чалавек, патрабуюць ад улады штату нарэшце ўключыць у спіс прадметаў для вывучэння тэорыю Дарвіна.

Праглядаючы Change.org, нельга не адзначыць, што большасць анлайн-петыцый звязаныя з праблемамі ЗША. Аднак тое, у якой прагрэсіі расце колькасць зваротаў, і той факт, што ўлады сапраўды пачынаюць рэагаваць на феномен Change.org, не выклікае сумневаў — хутка гэта ініцыятыва будзе папулярная і ў нас. Пытанне толькі, наколькі развіты маральны кодэкс у нашых чыноўнікаў і бізнэсмэнаў, каб не ігнараваць анлайн-петыцыі.

Аднак і цяпер Беларусь не згубілася на Change.org. Адна з самых папулярных петыцый на партале зараз — заклік да Міжнароднай федэрацыі хакею адмяніць чэмпіянат свету ў Мінску ў 2014 годзе. За гэта ўжо выказаліся каля 7 тысяч чалавек. Раней 64 тысяч чалавек падтрымалі заклік Любові Кавалёвай да Лукашэнкі, каб той не забіваў яе сына.
 

Каментаваць