Антыкультурная рэвалюцыя

Цяжка ўзгадаць, калі ў апошні раз у Кітайскай Кампартыі (КПК) была такая буйная разборка паміж фракцыямі. Хіба што ў часы Мао, які рэгулярна «ператрахваў» партструктуры на прадмет рознага кшталту рэвізіяністаў. Тым больш камічна выглядае сітуацыя зараз, калі пад каток рэпрэсій трапілі самі нашчадкі Мао — групоўка так званых неамааістаў, нефармальным лідарам якой лічыцца Бо Сілай, экс-кіраўнік гаркаму гораду Чунцын.
 



Гэта групоўка, якую частая называюць «шанхайскай» («шанхайцы» абавязаныя сваім вылучэннем былому лідару краіны Цзян Цзэміню, паколькі працавалі з ім у Шанхаі ў перыяд з сярэдзіны па канец 1980-х гадоў), супрацьстаіць больш ліберальнай «пекінскай» або «камсамольскай» на чале з цяперашнім генсакам Ху Цзыньтао і прэм’ер-міністрам Вэнь Цзябао.

Пекін даўно ўжо з падазрэннем глядзеў на рост папулярнасці харызматычнага Бо Сілая. Нейкі час таму ў дзяржаўных СМІ пачалася кампанія пад лозунгам: «Цмок павінен быць адзін» (намёк на тое, што існаванне двух полюсаў улады не адпавядае інтарэсам дзяржавы). З’явіліся нават экзатычныя заклікі да працоўных — пісаць песні пра тое, што менавіта таварыш Ху Цзыньтао, а не Бо Сілай узняў краіну.

І тут «пекінскім» пашчасціла. Спачатку правая рука Бо Сілая, віцэ-мэр Чунцына Ван Ліцзюнь быў абвінавачаны ў арганізацыі праслухоўвання тэлефоннай размовы старшыні КНР Ху Цзыньтао. Ван спрабаваў атрымаць прытулак у генконсульстве ЗША, але атрымаў адмову і на выхадзе з консульства быў арыштаваны. Іншым скандалам, якія нанёс удар па рэпутацыі Бо Сілая, стала абвінавачванне яго жонкі Гу Кайлай у забойстве брытанскага бізнэсмэна з-за «канфлікту на глебе эканамічных інтарэсаў» з яе сынам, які вучыцца ў Гарвардзе. Гу Кайлай прысудзілі да смяротнага пакарання з адтэрміноўкай.

Прыкрываючыся лозунгам барацьбы з недахопамі ў Чунцынскім парткоме, рэфарматарскае крыло кіраўніцтва КНР перайшло ў лабавую атаку на «шанхайцаў» якіх афіцыёз называе «апартуністамі». У выніку Бо Сілай зняты з пасады і пазбаўлены партбілета, усе 38 пракурораў Чунцына змененыя, а ад афіцэраў, часткі якіх раскватараваныя ў Чунцыне, нават запатрабавалі публічна паклясціся ў вернасці Ху Цзіньтао.

Шмат хто звязвае гэтыя падзеі з прызначаным на лістапад з’ездам КПК, які адыграе вельмі вялікую ролю ў далейшым развіцці краіны. Аднак, магчыма, зачыстка «апартуністаў» адлюстроўвае рост сацыяльнай напружанасці ўнутры Кітая і, як след, усё большую папулярнасць дактрын Мао. Што ўяўляе сабой сучасны неамааізм, які прэтэндуе на тое, каб быць вядучай палітычнай апазіцыйнай сілай у КНР?

Яснай праграмы неамааісты не маюць. Можна казаць, што яны патрабуюць перабудовы цяперашняй сацыяльна-грамадскай КНР па прынцыпах т.зв. чунцынскай мадэлі. Чунцын — 30-мільённы горад, у якім Бо Сілай за гады свайго кіраўніцтва стаў сапраўдным лідарам. Бо Сілай карыстаўся велізарным аўтарытэтам сярод насельніцтва і перш за ўсё сярод рабочых за кошт сваёй эгалітарысцкай рыторыкі. Ён таксама рабіў акцэнт на неабходнасці дзяржаўнага кантролю над бізнэсам, арганізацыі працы прадпрыемстваў на аснове калектыўнай уласнасці.

Вялікую ролю ў папулярызацыі чунцынскай мадэлі адыграў і той раскручаны факт, што Бо Сілай вёў жорсткую вайну супраць Трыяды — кітайскай мафіі. У прыватнасці, быў выкрыты як стаўленік мафіі і расстраляны намеснік кіраўніка чунцынскай паліцыі, яго жонка атрымала 20 гадоў турмы за арганізацыю гандлю рабамі. А яе сяброўка — 18 гадоў турмы за гандаль наркотыкамі.

Калі прааналізаваць вынікі працы Бо Сілая, можна казаць, што галоўныя лозунгі неамааістаў наступныя: забеспячэнне насельніцтва даступным жыллём, развіццё сацыяльных праграм, адраджэнне паўночна-ўсходніх правінцый, якія з’яўляюцца галоўнай індустрыяльнай базай краіны, справядлівае пераразмеркаванне рэсурсаў, збалансаваны рост і прадухіленне далейшага маёмаснага расслаення ў грамадстве.

Усе гэта густа замешана на настальгіі па Мао. Так, Бо Сілай арганізаваў паходы па месцах баявой славы КПК і адрадзіў конкурсы рэвалюцыйных «чырвоных» песень, якія паходзяць з Чунцына. Кіраўніцтва Чунцына нават запатрабавала ад мабільных аператараў, каб яны рассылалі сваім абанентам SMS з цытатамі з маленькай чырвонай кніжкі Мао.

Як бачым, па сутнасці чунцынская мадэль не была камунай хунвейбінаў. Інакш бы яе не хваліў вядомы амерыканскі часопіс «ForeignPolicy», на думку якога Бо Сілай даў урок усім адміністратарам, куды накіроўваць інвестыцыі, каб яны ў выніку хутка выклікалі спажывецкі рост і прыцягнулі новыя інвестыцыі.

Аднак апошні часам унутры «шанхайцаў» пачала фармавацца больш радыкальная група «Новыя левыя». Яны адыходзяць ад умераных лозунгаў Бо Сілая і яго настаўніка Ху Цзыньтао, які лічыў, што для «пабудовы сацыялістычнага гарманічнага грамадства» варта «аказваць шырэйшую падтрымку бедным без шкоды для багатых». Новыя левыя лічаць залішнюю лібералізацыю згубнай для краіны і настойваюць на тым, што адзіным адказам на масавыя сацыяльныя выклікі было вяртанне КНР да запаветаў Мао. Такія настроі ўсё больш папулярныя ў народзе.

Своеасаблівай ілюстрацыяй праграмы «Новых левых» ёсць матэрыялы працэсу ў горадзе Чжэнчжоў, дзе ў 2005 годзе судзілі 4 мааістаў. Іх арыштавалі за распаўсюд улётак, якія заклікалі кітайцаў вярнуцца на сацыялістычны шлях і крытыкавалі цяперашняе кіраўніцтва ў Пекіне за здраду ідэалам Мао (суд, дарэчы, даў усім па тры гады турмы). Падчас выступаў абвінавачаныя намалявалі контуры неамааісцкага Кітаю. На іх думку, дзяржава павінна забараніць любыя формы асабістай уласнасці ў эканоміцы і палепшыць якасць забеспячэння прадуктамі простых людзей. У выпадку перамогі неамааісты правядуць канфіскацыі багацця вярхушкі кітайскага грамадства. Калі меркаваць па гэтых заявах, пакуль кітайскія новыя левыя не маюць аформленай канструктыўнай праграмы.

Такой жа думкі прытрымліваецца і брытанскае выданне «New Left Projec», якое паспрабавала разабрацца з феноменам павелічэння інтарэсу да спадчыны Мао сярод кітайцаў. На думку аўтараў даследавання, пакуль пратэсты мааістаў абмяжоўваюцца абстрактнымі патрабаваннямі рэстаўрацыі ў Кітаі сялянска-рабочай дзяржавы, падкантрольнасці чыноўнікаў народу і прызначэння кіраўніком краіны Бо Сілая, які, на іх думку, ёсць рэінкарнацыя Мао.

З улікам прымітыўнага характару праграмы неамааістаў можна сцвярджаць, што асаблівай пагрозы неамааізм для КНР не ўяўляе. Нават калі сацыяльны пратэст выйдзе з-пад кантролю, Бо Сілай, які мае неабмежаваны аўтарытэт, паставіць яго ў рамкі памяркоўных рэформаў. Дарэчы, брытанскі «The Guardian» лічыць Бо Сілая звычайным папулістам, які папросту ўмее вешаць локшыну пра сацыялізм. Сам ён, як паказвае справа яго жонкі, вёў далёка не пралетарскі лад жыцця.

Хаця іншыя выданні лічаць, што пагроза вяртання хунвейбінаў цалкам рэальная. Так, брытанскі «Sydney Morning Herald» піша: «Калі цяперашняя тэндэнцыя працягнецца, то разрыў паміж багатымі і беднымі кітайцамі дасягне той пагрозлівай пазнакі, калі Кітай зноў можа апынуцца ў руках камуністаў».
 

Каментаваць