Апакаліпсіс–2012

У інтэрнэце, па падліках амерыканскага выдання «New York Times», цяпер налічваецца 600 тысяч сайтаў, прысвечаных праблеме 2012 года. Іх стваральнікі і наведвальнікі актыўна дыскутуюць, ці варта праз тры гады чакаць глабальнай катастрофы.



У інтэрнэце, па падліках амерыканскага выдання «New York Times», цяпер налічваецца 600 тысяч сайтаў, прысвечаных праблеме 2012 года. Іх стваральнікі і наведвальнікі актыўна дыскутуюць, ці варта праз тры гады чакаць глабальнай катастрофы.

Феномен праблемы 2012 ужо выклікаў увагу культуролагаў і тых, хто займаецца масавай псіхалогіяй. Адкуль такі псіхоз? Здавалася, толькі нядаўна на календары быў 2000 год з так званай праблемай міленіуму. Некаторыя аўтарытэты сцвярджалі, што кампутары не будуць здольнымі змяніць дату і адбудзецца сістэмная памылка, якая паралізуе планету. На гэтую тэму былі выпушчаны мноства кніжак, выйшлі тысячы перадач.

Усё абышлося. І, здавалася, людзі, атрымаўшы нейкі вопыт, павінны перастаць верыць усякім прайдзісветам.

Аднак не прайшло і дзесяці гадоў, як эсхаталагічная паніка зноў ахапіла зямлян. Якія цяпер падставы для істэрыкі? Іх некалькі. Па-першае, старажытны каляндар жрацоў індзейскай цывілізацыі, якая ўзнікла прыблізна ў 2000 годзе да нашай эры і працягвала існаваць да прыбыцця канкістадораў.

Індзейцы майя лічылі, што на працягу Вялікага цыклу — з 3113 года да н. э. па 2012 год н. э. — чалавечай гісторыяй кіруе галактычны прамень, які выходзіць з «ядра Галактыкі» і праходзіць праз Зямлю і Сонца. Праходзіць у адпаведнасці з «галактычнымі сезонамі», якія былі апісаны майя ў матэматычнай і сімвалічнай форме. У 2012 годзе цыкл павінен закончыцца. Па логіцы песімістаў, пасля гэтага ўзнікне новы прамень пад іншым градусам, што кардынальна зменіць планетарную вось і прывядзе да буйных катастроф.


Свае версіі існуюць у асяроддзі белых амерыканскіх кансерватараў. Яны даўно казалі, што абранне прэзідэнтам ЗША чарнаскурага палітыка стане пралогам канца свету. Да аргументаў на карысць гэтага тэзісу фундаменталісты нават адносяць карэкцыю выявы долара. У бліжэйшым будучым выраз «In God We Trust» на доларах будзе на іншым месцы.

Нарэшце, ёсць спіс Рымскіх Папаў, які склаў у ХІІ стагоддзі прарок Малахай. Малахай быў ірландскім біскупам, які коратка апісаў гісторыю панавання бліжэйшых 112 Рымскіх Папаў. Калі верыць яму, якраз такая колькасць Пап будзе сядзець на святым пасадзе да канца свету. Цяперашні Папа Бенедыкт XVI у гэтым спісе стаяць пад нумарам 111.

Каб паставіць пад сумнеў тэзіс пра канец свету ў 2012 годзе, дастаткова згадаць, што цывілізацыя майя была не вельмі падобнай на цывілізацыю агентаў з космасу або ахоўнікаў сакральных ведаў. Дзікасць нораваў сярод майя была жудаснай.

Акрамя таго, чалавецтва чакала гэты самы канец свету ўжо шмат разоў. У хрысціянскім свеце, адпаведна розным трактоўкам Бібліі і запаветаў прарокаў, Апакаліпсіс чакалі, адпаведна, у 33, 900, 999, 1000, 1013, 1033, 1492, 1584, 1666, 1844, 1899, 1900 гадах. Напрыклад, рыхтаваліся да апошняга дня напярэдадні 1492 года. Прычынай стала біблейская фраза: «Гэты свет зроблены на 7000 год». У праваслаўных краінах, між тым, датай стварэння свету лічыўся 5509 год да нашага часу. Калі дадаць 7000 — атрымлівалася якраз 1492.

Самымі неадэкватнымі наконт чутак пра канец свету былі сябры маленькіх сектаў. Іх прыхільнікі часам ахвотна верылі ў чуткі пра апошнія дні і заканчвалі жыццё самагубствам. Так, у 1900 годзе каля сотні сяброў расійскай секты «Чырвоная Смерць», не чакаючы прызначанага на той жа год канца свету, добраахвотна пайшлі з жыцця. У 1967 годзе дацкая секта Царква Ортан Дана чакала ядзернай вайны і, каб выжыць, схавалася ў падземным бункеры, парваўшы кантакты са светам. А вось група сектантаў з ЗША, якая таксама чакала ядзернай вайны, у 1980 годзе папросту схавалася ў гарах ЗША.


Думаецца, шмат хто памятае, як у 1993 годзе сябры секты «Белае Братэрства» намагаліся спаліць сябе напярэдадні прагназаванага ім канца свету наўпрост у Святой Сафіі. Апошнім у гэтай серыі стаў выпадак пад Пензай, дзе паслядоўнікі секты Пятра Кузняцова замураваліся ў пячэрах. Іх лідэр таксама сцвярджаў, што канец свету не за гарамі.

Наступнымі буйнымі аматарамі абвяшчаць пра канец свету былі вучоныя-матэматыкі. Яны вылічылі, што трагедыю трэба чакаць у 1524, 1533, 1763, 1919, 1960 і 1962 гадах.

Не адставалі і людзі, якія мелі псіхічныя адхіленні. Так, на 26 кастрычніка 1997 года прызначылі канец свету дзівакі, якія быццам падтрымлівалі кантакт з жыхарамі планеты Гуфера.

Ідэя канца свету часам была папросту літаратурнай фантазіяй. Так, вядомы фантаст Рэй Брэдберы напісаў апавяданне «Заўтра канец свету». Па сюжэту, канец свету адбываўся 19 кастрычніка 1969 года.

З усяго гэтага можна зрабіць выснову, што крыніцы вечнай веры чалавецтва ў канец свету ляжаць недзе ў падсвядомасці. Гэта частка нашай калектыўнай псіхалогіі.

Між тым, свой унёсак у нарастаючы псіхоз дадаў Галівуд фільмам «2012». Сюжэт фільма будуецца менавіта вакол версіі канца свету, згаданага ў календары майя. Па сюжэту, у 2009 годзе амерыканскі геолаг канстатуе, што ядро Зямлі, падобна мікрахвалёвай печы, награваецца, прычым тэмпература расце вельмі хутка. Ён інфармуе прэзідэнта ЗША. На саміце G8 у 2010 годзе прэзідэнт інфармуе лідэраў іншых дзяржаў пра хуткую катастрофу. Яны вырашаюць пачаць сакрэтны праект па забеспячэнні захавання чалавечай расы на гіганцкіх караблях, названых «каўчэгамі». Між тым, недзе ў ЗША існуе вучоны, якія вылічыў парадыгму катастрофы і месцы, дзе можна выратавацца. Карта трапляе ў рукі простага чалавека, які намагаецца выратаваць сябе і сваю сям’ю...

І гэта толькі пачатак эксплуатацыі гарачай тэмы. У снежні на экраны выходзіць стужка «Шлях», а пасля ў лютым — «Кніга Ілая». Персанажы абодвух фільмаў жывуць на планеце пасля глабальнага апакаліпсісу.

Сыходзячы са сказанага, можна прагназаваць, што бум вакол дзяжурнага канца свету толькі пачынаецца.

Дарэчы, апошні канец свету мы перажылі на мінулым тыдні. Шмат хто сцвярджаў, што аднаўленне ў панядзелак працы Вялікага калайдэра ў Швейцарыі прывядзе да стварэння «чорных дзірак, якія будуць пашырацца і засмоктваць фізічную матэрыю». Калайдэр працуе. Пакуль ніякіх вестак пра чорныя дзіркі не паступала.

Каментаваць