Апошні цвік у труну малдаўскага камунізму

Малдова можа стаць першай краінай СНД, дзе забароняць камуністычныя сімвалы. 31 мая камісія па даследаванню «таталітарнага камуністычнага рэжыму» прадставіла справаздачу з адпаведнымі рэкамендацыямі. Пра рэакцыю малдаўскага грамадства на высновы камісіі журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з малдаўскім палітолагам Наталляй Сіняевай.

— Як і калі была сфармованая камісія? Чаму ўзнікла неабходнасць у такім даследаванні?



Малдова можа стаць першай краінай СНД, дзе забароняць камуністычныя сімвалы. 31 мая камісія па даследаванню «таталітарнага камуністычнага рэжыму» прадставіла справаздачу з адпаведнымі рэкамендацыямі. Пра рэакцыю малдаўскага грамадства на высновы камісіі журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з малдаўскім палітолагам Наталляй Сіняевай.

— Як і калі была сфармованая камісія? Чаму ўзнікла неабходнасць у такім даследаванні?

— 14 студзеня гэтага года ўказам Міхала Гімпу, які часова выконвае абавязкі прэзідэнта Малдовы, была створаная камісія, якая мусіла «вывучаць злачынствы таталітарнага савецкага рэжыму ў гады Савецкай улады». У камісію ўключылі 30 чалавек. Да 1 чэрвеня група спецыялістаў павінна была прадставіць вынікі сваёй працы. Гэтыя вынікі ў форме рэкамендацый пасля павінны былі накіраваць у адміністрацыю прэзідэнта, і яны мусілі стаць падмуркам спецыяльнага законапраекту. Законапраект планавалася вынесці на разгляд парламенту да канца вясенняй сесіі. Неабходнасць падобнай камісіі тлумачылі рэзалюцыяй Савета Еўропы, якая асудзіла сталінізм. Таксама спасылаліся на досвед Польшчы і Венгрыі, дзе ўжо дзейнічае спецыяльнае заканадаўства супраць публічнай дэманстрацыі і выкарыстання камуністычнай сімволікі. Нарэшце, перад камісіяй стаяла задача даць навуковую ацэнку мінулага.

— Якія асноўныя высновы камісіі?

— Камісія прызнала, што перыяд знаходжання Малдовы ў складзе Савецкага Саюза быў звязаны з вялікім навуковым і культурным прагрэсам. Аднак цана, якую грамадства заплаціла за гэты прагрэс, была занадта высокай. Па інфармацыі камісіі, больш за 300 тысяч грамадзян Малдовы былі дэпартаваныя, з іх прыкладна 230 тысяч чалавек у выніку памерлі або былі забітыя. Па падліках, рэпрэсіі прынеслі краю шкоду памерам у 28 мільярдаў долараў ЗША. Цікава, што нейкім чынам сябры камісіі палічылі, што за 55 тысяч малдаван, якія загінулі на франтах другой сусветнай вайны, СССР павінна кампенсаваць Кішынёву 5,9 мільярда долараў. Аднак ніякіх прэтэнзій да Расіі як краіны — нашчадка СССР у выніку выстаўлена не было. Галоўнае ў справаздачы камісіі — у рэкамендацыях. Рэкамендацыя нумар адзін: заканадаўча забараніць выкарыстанне паняцця «камунізм» і ўсіх яго вытворных, увесці забарону на выкарыстанне камуністычнай сімволікі ў назвах палітычных партый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама «на выкарыстанне камуністычнай і нацысцкай сімволікі ў палітычных мэтах».

— Як малдаўскае грамадства рэагавала на факт стварэння камісіі, яе працу і вынікі?


— Вельмі неадназначна. Прычым пратэставалі не толькі камуністы, аднак і прадстаўнікі дэмакратычнага лагера. У камісію з самага пачатку ўключылі спецыялістаў, якія вядомыя сваім падыходам да гэтай эпохі. Ніводны гісторык з альтэрнатыўнымі поглядамі ў склад камісіі не трапіў. Было відавочна, што ўладам патрэбны дакумент з высновамі, якія могуць стаць козырам у палітычнай барацьбе. На носе выбары ў парламент, і ліберальная партыя Гімпу хацела б аслабіць галоўных канкурэнтаў — камуністаў. Гэта ўстаноўка — правесці даследаванне ў кароткі тэрмін без шырокай дыскусіі — безумоўна паўплывала на ўзровень працы сяброў камісіі і стаўленне публікі да яе высноў. Таксама шмат каму не спадабаўся прынцып падбору сяброў камісіі. У камісію ўключылі людзей, якія ў часы СССР верай і праўдай служылі «таталітарнаму рэжыму». Так, старшыня камісіі ў свой час праславіўся выступам на рэспубліканскім жалобным мітынгу з прычын смерці генсека Чарненкі. «Зноў нас спасцігла вялікае гора», — не хаваў ён тады эмоцый. Гэта яшчэ кветачкі. Адзін з сяброў камісіі ў часы саўдэпіі даносіў на сваіх калег па працы ў КДБ. Шэраг незалежных гісторыкаў і палітолагаў звярнуліся да Гімпу з просьбай уключыць іх у групу даследчыкаў. На што ў адміністрацыі прэзідэнта ім сказалі, што цягнік ўжо сышоў.

— Чаму камуністы так істэрычна крытыкуюць высновы камісіі? Можна ж правесці рэбрэндынг і выступіць пад нейтральнейшай назвай? Тым больш, што групоўку Уладзіміра Вароніна цяжка лічыць партыяй паслядоўных марксістаў-ленінцаў.

— Любы рэбрэндынг, ды яшчэ ва ўмовах фактычна стартаваўшай выбарчай кампаніі, — аўтаматычная падстава для расколу партыйнага маналіту. Відавочна, што ўнутраная апазіцыя Вароніну скарыстаецца дэбатамі наконт новай назвы для атакі на лідэраў. Аўтарытарны стыль Вароніна шмат каму, асабліва моладзі, не падабаецца. Па-другое, камуністычная рыторыка і сімволіка — здаецца, апошняе, што адрознівае камуністаў ад іншых партый. Па падліках спецыялістаў, змена назвы і сімволікі нанясе шкоду партыі ў выглядзе страты 20–30 працэнтаў выбаршчыкаў.

— Ці дастаткова ў лібералаў Гімпу дэпутацкіх мандатаў, каб забараніць серп і молат?

— Гімпу і яго партыя лібералаў — сябры Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю. Хаця партыі альянсу разам маюць большасць у парламенце, лёс законапраекту вельмі спрэчны. У кааліцыю ўваходзіць таксама Дэмакратычная партыя, якая аб’ядноўвае былых камуністаў. 14 чэрвеня Дэмпартыя заявіла, што не будзе падтрымліваць закон пра забарону сімволікі. Дэмакраты прапануюць звярнуцца да дакладу і рэкамендацый камісіі пасля выбараў, калі «краіна атрымае трывалую і стабільную ўладу». Без мандатаў дэмакратаў законапраект не атрымае патрэбнай большасці.

— Ці можна тэхнічна рэалізаваць закон аб забароне ўсяго, што звязана з камуністычнымі часамі?

— Гэта самы слабы момант у праекце. Патрэбна будзе судзіць або штрафаваць ветэранаў, якія публічна носяць савецкія ардэны. Што рабіць з мемарыяламі савецкім салдатам, якія згінулі ў Малдове ў часы вайны? Паколькі ў справаздачы камісіі прысутнічаюць таксама рэкамендацыі забараніць усе паняцці і назвы вытворныя ад слова «камунізм», то трэба забараняць газету «Камсамольская праўда», у назве якой ёсць абрэвіятура ад слова «камуністычны»? Ці трэба таксама выразаць застаўкі з усіх фільмаў, выпушчаных на студыі «Масфільм», знакам якой з’яўляецца скульптура «Рабочы і калгасніца», якія трымаюць серп і молат? Адказу на гэта пытанне не ведае ніхто. У гэтым плане праца камісіі здаецца нейкім непрадуманым заказам, выкліканым рэфлексіяй на паўсядзённы палітычны працэс. Мне здаецца, што ідэя Гімпу хутчэй перашкодзіла малдаўскаму грамадству разабрацца са сваім мінулым.
 

Каментаваць