Апошні курыльшчык Германіі

Нямецкі рух праціўнікаў забароны тытуню панёс вялікую страту. 10 лістапада ва ўзросце 95 гадоў пайшоў з жыцця Гельмут Шміт, былы канцлер ФРГ, які таксама быў хадзячым сімвалам барацьбы курыльшчыкаў за свае правы. 



Гельмут Шміт. Фота www.merkur.de


Гады канцлерства Шміта (1974–1982) прыйшліся на час, калі ўся еўрапейская эканоміка была на ўзлёце. Акрамя таго, тая эпоха супала з пацяпленнем у адносінах з Усходнім блокам, дзякуючы чаму заходняе грамадства забылася пра паранойю наконт пагрозы ядзернай вайны, пагрузіўшыся ў бесклапотнае спажыванне. Таму не дзіўна, што, паводле сацыялагічных апытанняў, Шміт застаўся ў народнай памяці самым папулярным канцлерам у гісторыі ФРГ.

Аднак асоба Гельмута Шміта выклікае не толькі настальгію па тлустых і бяспечных 1970-х гадах. Нельга ўявіць сабе яго без цыгарэты. Нябожчык быў фанатам нікаціну. Мала таго, што ён шмат паліў, ён таксама рабіў гэта публічна — падчас пасяджэння ўраду, якія транслявалі на ўсю краіну, на розных шоў і інтэрв’ю, і нават у час візітаў у тэатры і кіно. Гельмут Шміт паліў з 15 гадоў і практычна да апошняга дня жыцця. 

У 1970-я і нават 1980-я гады на яго кепскую звычку глядзелі скрозь пальцы. Пакуль у грамадстве не даведаліся пра такую небяспечную з’яву, як «пасіўнае курэнне». Як следства, грамадства стала больш крытычна ставіцца да таго, як Шміт дэманстратыўна пускае дым. Ціск на экс-канцлера асабліва вырас напрыканцы 2000-х, пасля таго, як Германія пачала адаптоўваць так званыя «антытытунёвыя» законы. Прыкладна на працягу 3–5 гадоў быў прыняты цэлы блок цыркуляраў, які забараніў курэнне не толькі ў публічных месцах, аднак таксама ў гастранамічных установах.

Нельга сказаць, што курыльшчыкі пасіўна глядзелі на тое, як іх пазбаўляюць любімай звычкі. Быў агучаны тэзіс, што забарона табаку — дыскрымінацыя грамадзян. Пры гэтым праціўнікі антытытунёвага заканадаўства ахвотна робяць праекцыі на антытытунёвыя законы ў нацысцкай Германіі. Як вядома, Гітлер і сам не паліў, і патрабаваў гэтага ад усіх немцаў. Пры нацыстах Германія стала Меккай сусветнага антытытунёвага руху. Тады справа не абмежавалася татальнай забаронай курэння ў транспарце, забаронай рэкламы цыгарэт, уразання табачнага пайку для жаўнераў. На даследаванні негатыўных наступстваў палення былі выдзеленыя проста каласальныя грошы, аж да стварэння асобнага інстытуту. У тым ліку пры нацыстах дзейнічала табу на цыгарэты ў кафэ і рэстаранах, на чым актыўна сёння спекулююць апаненты антытытунёвых законаў.

Сінхронна прыняццю законаў супраць курэння ў Германіі паўсталі шырокія грамадзянскія ініцыятывы курыльшчыкаў. Напрыклад, у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія ў такую ініцыятыву запісалася каля 4 тысяч чалавек. У Баварыі ў 2010 годзе была сабраная неабходная колькасць подпісаў для рэферэндуму наконт вольных ад табаку зон у рэстаранах. Прапанову падчас галасавання падтрымала больш за 60 працэнтаў тых, хто прыняў удзел у плебісцыце, аднак дасюль улады ігнаруюць вынікі галасавання. Не прайшлі міма феномену руху курыльшчыкаў і папулісцкія партыі. Так, секцыя ксенафобскай і еўрафобскай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія ў 2013 годзе прыняла рэзалюцыю «Не крыміналізацыі курыльшчыкаў!».

Нефармальным сімвалам руху курыльшчыкаў фактычна і быў Гельмут Шміт, які паліў дзе заўгодна і калі пажадае. Прыкладам таму — адна з табачных дэманстрацый у Дзюсельдорфе, удзельнікі якой адзелі маскі былога канцлера. Сам Шміт, праўда, на падобныя акцыі не выходзіў, аднак з самага пачатку атакаваў крыжовы паход супраць тытуню. Па яго словах, каскад антытытунёвых законаў — «часовая мода, пра якую праз 20 гадоў усе забудуць».

Акрамя таго, Шміт працягнуў практыку палення на публіцы, што часта выклікала канфлікты з законам. Напрыклад, экс-канцлера неяк спрабавалі затрымаць, пасля таго як ён запаліў цыгарэту ў адным з тэатраў Гамбурга, прычым падчас імпрэзы. У адказ Шміт заявіў, што тэатр прадаў яму крэсла ў зале на час спектаклю, і ён можа рабіць на тым крэсле ўсё, што яму ўздумаецца. З улікам аўтарытэту і саліднага ўзросту былога канцлера вырашылі пакінуць у спакоі. Серыя падобных інцыдэнтаў стварыла Гельмуту Шміту рэнаме — «апошні курыльшчык у ФРГ, які мае права парушаць антытытунёвае заканадаўства». Натуральна, былі і крытыкі такіх паводзінаў Шміта, паколькі ён такім чынам парушаў этычны кодэкс нямецкага палітыка, які павінен быць прыкладам для грамадства. 

Смерць Гельмута Шміта, безумоўна, аслабіць пазіцыі тытунёвага руху. Хаця спекуляцыі на фігуры Шміта працягнуцца. Напрыклад, на сайтах курыльшчыкаў зараз мусіруецца думка — маўляў, тое, што Гельмут працягваў паліць ва ўзросце больш за 90 гадоў, даказвае, што цыгарэты ўвогуле не ўяўляюць пагрозу для арганізма. Падлічана, што за 80 гадоў палення па 2 пачкі ў дзень Шміт выкурыў 1.168.000 цыгарэт. Феномен даўгалецця Шміта даўно цікавіў медыкаў, аднак дакладнага адказу яны пакуль не далі. Тым не менш, паўтараць эксперымент Шміта яны не раяць. Замест гэтага прапануюць пераняць яго іншую звычку. Гельмут Шміт  быў яшчэ і фанатам прэсы. Штодня экс-канцлер чытаў па дзесяць газет.

Інтрэрв'ю з экс-канцлерам, якой ён даў журналісту "Новага часу" Генадзю Кеснеру ў 2013 годзе, можна пачытаць тут.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-11-23 16:30:10
Хто ведае, мо, калі б Уладзімір Караткевіч паліў так, як Гельмут Шміт, то дажыў бы да свайго 85-годдзя? А цяпер нам даводзіцца ладзіць літаратурна-шахматны конкурс, прысвечаны "Ладдзі
роспачы", без яго: brestchess.ucoz.ru/index/novosti/0-18 (запіс ад 19.11).

Каментаваць