Апошні нацыяналізм

Услед за баскамі і каталонцамі права на дзяржаўнасць пачалі адстойваць іншыя народы Пірэнейскага паўвостраву. Сярод іх андалузцы — народ, працэс станаўлення нацыянальнай свядомасці якога пачаўся пазней за ўсіх у Еўропе.
 



Не дарма андалузцаў часта метафарычна называюць «апошнімі нацыяналістамі». Прычыну такога феномену варта шукаць у гісторыі і сацыяльна-эканамічнай структуры. Андалузія, якая знаходзіцца на самым Поўдні Іспаніі, — вельмі бедны адносна іншых іспанскіх рэгіёнаў край. Таму мясцовая буржуазія, якой заўсёды было патрэбна трымаць пад кантролем вялікую масу беднаты, бачыла ў Мадрыдзе гаранта непарушнасці сваіх прывілеяў і прапагандавала ідэю адзінай і непадзельнай Іспаніі.


Таксама варта памятаць, што Андалузія была апошняй арэнай працэсу Рэканкісты — выгнання маўраў (арабаў) з Пірэнеяў. Таму ў масавай свядомасці тэма незалежнай Андалузіі часам успрымаецца як ідэя адраджэння ісламскіх халіфатаў, на чым актыўна гуляе Касцёл. Дарэчы, у андалузскім нацыянальным руху сапраўды ёсць маленькая маргінальная групоўка, якая сцвярджае, што сапраўдная незалежнасць краю магчымая толькі пры ўмове рэстаўрацыі пазіцый ісламу.


З улікам вышэйсказанага, лакальны незалежніцкі рух больш схільны да сацыялістычных лозунгаў. Яго піянерамі была група маладых гісторыкаў з Севільі, што ў пачатку ХХ стагоддзя арганізавалі Клуб антраполагаў, якія ў сваіх матэрыялах, па словах саміх удзельнікаў, нечакана адкрылі для сябе «ўнікальнасць андалузскай культуры». Прызнаўшы факт культурнай адметнасці, андалузскія «антраполагі» адразу ж задумаліся пра палітычную аўтаномію. У 1915 годзе Блас Інфантэ, бацька андалузскага нацыяналізму, друкуе працу «Андалузская ідэя», у якой выкладае аргументы на карысць надання краю правоў аўтаноміі. У 1919 годзе ў Кордабе праходзіць агульныя з’езд аўтанамістаў, вынікам якога стала патрабаванне федэралізацыі Іспаніі.


Інстытуцыялізацыі руху за аўтаномію перашкодзіла грамадзянская вайна: Андалузія была адным з першых рэгіёнаў, які захапілі путчысты генерала Франка, што нават у думках не дапускаў ідэі стварэння на перыферыі аўтаномных адміністрацый.


Новая хваля нацыяналізму пачынаецца ў 1960-я гады. Як і зараз, каталізатарам сталі навіны з Краіны Баскаў і Каталоніі, дзе актывізавалася нацыяналістычнае падполле. Студэнты севільскага ўніверсітэта запачаткавалі свой гурток. Яго маніфест фактычна паўтараў тэзісы канферэнцыі ў Кордабе з той розніцай, што вялікая роля ў дакументах адводзілася папулярным у той час сацыялістычным лозунгам. Увогуле, тагачасныя андалузскія нацыяналісты нават выкарыстоўвалі ў якасці нацыянальнага штандару сцяг Кубы як сімвал антыімперыялізму (ЗША ў той час, як вядома, былі патронам дыктатуры Франка).


Група аказалася вельмі актыўнай. Ёй нават удалося, нягледзячы на поўную дыктатуру, правесці ў севільскую ратушу свайго дэпутата. Адначасова пад уплывам тых жа баскаў і каталонцаў у іспанскай палітычнай эміграцыі ствараецца андалузская секцыя, якая атрымлівае прапіску ў агульным замежным каардынацыйным цэнтры іспанскай апазіцыі.


Аднак самыя важныя працэсы для андалузскага нацыяналізму адбываліся не ў студэнцкіх колах і не ў кулуарах эмігранцкіх тусовак. З пачатку 1960-х назіраецца масавая эміграцыя працоўнай моладзі з беднай Андалузіі ў буйныя індустрыяльныя цэнтры Поўначы. Паводле падлікаў гісторыкаў, на пошук лепшай долі выправілася каля двух мільёнаў чалавек. Па прыбыцці на новае месца працы андалузскія працаўнікі нечакана для сябе зразумелі, што культурна яны не падобныя да іспанцаў. Асабліва хутка развіваўся працэс станаўлення нацыянальнай самасвядомасці ў андалузскіх працоўных імігрантаў у Каталоніі. Тут, дарэчы, андалузцаў столькі, што яны часам маюць сваіх дэпутатаў у рэгіянальным парламенце.


Калі ў 1975 годзе памёр Франка, якраз андалузскія рабочыя грамады на поўначы Іспаніі пачалі абуджаць народ. У снежні 1977-га яны арганізавалі дзень акцый за аўтаномію Андалузіі. Па ўсёй Іспаніі на вуліцы выйшла каля мільёна чалавек. Галоўным вынікам маніфестацый стала стварэнне сумеснага клубу дэпутатаў ад Андалузіі, якія пачалі працаваць над праектам статуту аўтаноміі. Паралельна ўзнікла першая масавая партыя — Андалузская сацыялістычная партыя, якая прайшла ў рэгіянальны парламент. У 1980 годзе ідэю стварэння аўтаноміі на рэферэндуме падтрымала большасць андалузцаў.


І тут пачынаецца поўны абсурд. Кансерватыўны ўрад у Мадрыдзе аказаўся не гатовы даць Андалузіі статус паўнавартаснай аўтаноміі. Дамінавала думка, што трох аўтаномій у Іспаніі (Краіна Баскаў, Каталонія і Галіцыя) дастаткова. Паміж Севільяй і Мадрыдам узнікла напружанасць, якая нават набыла формы вайсковага канфлікту. У гэты час створаная радыкальнымі нацыяналістамі групоўка «Узброеная група 28-га лютага» (GAVF), арганізавала шэраг тэрактаў, патрабуючы поўнай незалежнасці Андалузіі. Хто ведае, чым усё скончылася б, калі б не здрада сацыялістаў. Яны пагадзіліся на абмежаваны аўтаномны статус. Так Андалузія стала Аўтаномнай камунай. Як гаворыцца, ні рыба, ні мяса.


Сваю нязгоду надаваць краю тыя ж правы, што, напрыклад, і каталонцам, цэнтр аргументуе тым, што андалузцы — не асобным народам. Быццам гэта толькі субэтнас іспанскай нацыі. У дзеючай цяпер рэдакцыі Статуту пра аўтаномію андалузцы кампрамісна называюцца «гістарычнай нацыяй». Таму адным з аспектаў актыўнасці андалузскіх нацыяналістаў з’яўляецца незвычайная для нас дзейнасць за прызнанне андалузцаў асобным народам. Каб давесці гэта, вядзецца шырокая культурная праца, у тым ліку ў галіне кадыфікацыі мясцовай мовы. Цікава, што вялікі акцэнт нацыяналісты робяць на асаблівасцях андалузскай музычнай культуры, якая не падобная на музыку звычайных іспанцаў. Тут можна згадаць славутыя танцы фламенка.


Праграма-мінімум — патрабаванне прызнання аўтахтонаў нацыяй і ідэя вяртання ў склад Андалузіі зоны Гібралтара. Яна дазваляла прадстаўнікам усіх нацыяналістычных накірункаў — ад умераных федэралістаў да заўзятых нацыяналістаў — доўгі час трымацца разам. Цяпер пад уплывам навінаў пра рост сепаратызму ў Каталоніі і Краіне Баскаў у гэтым лагеры (сюды ўваходзяць каля 15 праектаў) назіраецца раскол на ўмераных рэфармістаў і радыкалаў. Фармуюцца два полюсы. Першы — Андалузская партыя, якая бачыць задачай федэралізацыю Іспаніі і наданне Андалузіі роўнага з іншымі краямі суб’екта федэрацыі статусу. Другі полюс — моладзевая групоўка «Jaleo!!!», якая патрабуе незалежнасці ў пакеце з шырокімі сацыяльнымі рэформамі.


Абедзве структуры дастаткова слабыя, каб казаць пра тое, што яны змогуць навязаць свае канцэпты андалузцам. Аднак з улікам маштабаў палітычнага крызісу ў Іспаніі, развязка можа быць якой заўгодна.

Каментаваць