Апошні тэст для канцлера

20 студзеня нямецкая зямля Ніжняя Саксонія абірае новы парламент. Вынікі галасавання шмат у чым вызначаць, ці здольная апазіцыя перамагчы Ангелу Меркель на федэральных выбарах у верасні.



Паралелі напрошваюцца самі сабой. Увесну 1998 года трыумфальная перамога Герхарда Шродэра на выбарах у Ніжняй Саксоніі зрабіла яго фаварытам у барацьбе за пасаду канцлера. Прыкладна праз паўгода сацыял-дэмакраты ў кааліцыі з «Зялёнымі» паклалі канец так званай эры Гельмута Коля, які на працягу 16 гадоў кіраваў ФРГ.

На першы погляд, праз 15 гадоў гісторыя паўтараецца. Гэта можна пабачыць па пытаннях, якія ўздымаюцца падчас цяперашняй кампаніі ў Ніжняй Саксоніі. Хаця ўсе кандыдаты абмяркоўваюць у тым ліку і мясцовую павестку дня: праблемы адукацыі, планы рэгіянальнага развіцця, але на першым плане знаходзіцца лёс восеньскіх выбараў у Бундэстаг. Усе партыі разглядаюць студзеньскія выбары як апошні тэст перад галоўнымі выбарамі пяцігодкі.

У гэтым плане вельмі цікавая сітуацыя склалася з сацыял-дэмакратамі. Палітычныя аглядальнікі лічаць, што ў эсдэка Штэфана Вэйля больш шансаў стаць новым прэм’ерам зямельнага ўраду, чым у дзеючага Дэвіда Макалістара, які прадстаўляе Хрысціянска-дэмакратычны саюз (CDU). Аднак простай перамогі «ружовым» будзе мала. Эсдэкам і іх прэтэндэнту на пасаду канцлера Пееру Штайнбруку патрэбны трыумф, накшталт таго, які эсдэкі мелі ў Ніжняй Саксоніі 15 гадоў таму. Трэба, каб сапраўды павеяў вецер пераменаў. Без такога драйву захаваецца цяперашняя сітуацыя, калі шмат хто не верыць у здольнасць апазіцыі пасунуць Меркель з крэсла кіраўніка ўраду.

Скептыцызм выклікае перш за ўсё фігура кандыдата SPD. Прэса, у тым ліку і левая, ахвотна піша, што ў плане харызмы Пеер яўна саступае Ангеле. Той факт, што рэйтынг SPD (25 працэнтаў, адпаведна апытанням агенцтва «Forsa» за 9 студзеня) ніжэйшы за ўзровень папулярнасці CDU (42 працэнтаў), таксама звязваюць з іміджам Штайнбрука, які падобны да заможнага тэхнакрата. Такі імідж не вельмі пасуе дастаткова радыкальнай праграме партыі: высокія падаткі для багатых, уздым мінімальнай аплаты працы, жаночая квота і г.д. У прынцыпе, сам Штайнбрук дае падставы для крытыкі. Нават будучы кандыдатам левай партыі, ён не адмовіўся ад таго, каб чытаць лекцыі для менеджменту буйных прыватных банкаў, якія ў народзе лічацца галоўнымі адказнымі за цяперашні крызіс.

У выніку мы назіраем незвычайную сітуацыю, калі практычна кожны тыдзень нехта з бонзаў SPD задаецца пытаннем, ці Штайнбрук той самы палітык, які запатрабаваны сёння ў якасці кандыдата. Падобныя дыскусіі выклікаюць апатыю сярод апазіцыйнага электарату і раздражняюць кіраўніцтва SPD. Асаблівае нярвуюць іх дэбаты наконт левай імпатэнтнасці Штайнбрука ўнутры «Зялёных», якія з’яўляюцца традыцыйным партнёрам эсдэкаў. Апошнім часам шэраг «зялёных» лідараў абвінаваціў Штайнбрука ў антысацыяльных забабонах, яны нават патрабавалі, каб партыя ішла на выбары не даючы сацыял-дэмакратам абяцання пра стварэнне агульнай кааліцыі. Хаця інсайдары сцвярджаюць, што «Зялёныя» папросту блефуюць.

Адзінае, што ў гэтай сітуацыі грэе душу эсдэкам, няздольнасць кансерватараў самастойна сфармаваць кабінет, нават калі яны і даб’юцца ўвосень адноснай перамогі. Лібералы — традыцыйныя партнёры хрысціянскіх дэмакратаў — балансуюць на мяжы пяці працэнтаў папулярнасці (пяць працэнтаў, паводле нямецкіх законаў, — бар’ер для праходу ў парламент). Дарэчы, выбары ў Ніжняй Саксоніі могуць мець фатальны вынік для іх цяперашняга лідара Філіпа Рэстлера. Калі ягоная Партыя свабодных дэмакратаў (FDP) не пралезе 20 студзеня ў ландтаг, унутраная апазіцыя стоадсоткава будзе патрабаваць пераабрання старшыні.

Што да спекуляцый наконт фармату будучага ўраду ФРГ, дык апошнім часам папаўзлі плёткі, нібы кансерватары могуць прапанаваць кааліцыю «Зялёным», якім давяраюць 15 працэнтаў немцаў.Такія чорна-зялёныя (чорны — партыйны колер CDU) кааліцыі сапраўды існуюць на месцах, напрыклад, у Гамбургу, хаця дасюль з’яўляюцца выключэннем з правілаў. Дадатковым аргументам на карысць чорна-зялёнай змовы сталі вынікі праймерыз сярод «Зялёных» на пасаду кандыдата ў канцлеры. Як і прагназавалася, перамог партыйны ветэран Юрген Трыцін з 70 працэнтамі. Затое другое месца (і першае месца па жаночай квоце) сенсацыйна заняла Катрын Гёрынг-Экардт (Katrin Göring-Eckardt), адзін з лідараў нямецкіх евангелістаў, былая дысідэнтка ў часы ГДР. Катрын, як бачым, нельга назваць класічным прадстаўніком зялёнага руху. Усё гэта дало падставы казаць пра ідэалагічны дрэйф эколагаў да палітычнага цэнтру, што патэнцыйна стварае ўмовы для сяброўства з кансерватарамі. Праўда, гэта не вітаецца значнай часткай «Зялёных». Акрамя таго, сярод «чорных» хапае артадоксаў, якія не могуць прабачыць таму ж Юргену Трысціну яго моладзевае захапленне ідэямі Мао Цзэдуна. На думку экспертаў, у выпадку стварэння кааліцыі з «Зялёнымі», краіну чакае рэжым жудаснай турбулентнасці.

Хаця Ніжняя Саксонія адносіцца да заходніх зямель ФРГ, дзе камуністы традыцыйна не маюць значнага ўплыву, партыя «Левыя» (іх сённяшні рэйтынг — 9 працэнтаў) праводзіць дастаткова актыўную кампанію. Стаўка робіцца не колькі на праходжанне ў зямельны парламент, колкі на тое, каб звярнуць на сябе ўвагу выбаршчыкаў па ўсёй краіне з прыцэлам на хуткія выбары ў Бундэстаг. Прыкладна з такіх жа пазіцый падыходзіць да выбараў 20 студзеня і Партыя піратаў, якой, праўда, мала што свеціць.

Той факт, што «Левыя» і лібералы захоўваюць шансы прайсці ў зямельны парламент, дадае выбарам 20 студзеня яшчэ адну інтрыгу. У такім разе ў новым парламенце будзе партыйны пат — і ландтаг стане своеасаблівым правобразам будучага федэральнага парламента. А гэта значыць, што перамовы наконт складу ўраду Ніжняй Саксоніі фактычна ператворацца ў размінку перад пачаткам працэсу фармавання нацыянальнага кабінета міністраў.

Праўда, таксама не выключана, што ўсе апісаныя камбінацыі рызыкуюць быць пахаванымі ўжо 20 студзеня. Такі варыянт магчымы, калі хрысціянскія дэмакраты ўтрымаюць Ніжнюю Саксонію. Гэта надасць імпульс Ангеле Меркель і яе саюзнікам (або без іх) змагацца за большасць у Бундэстагу.

Ёсць як мінімум два фактары, якія могуць дапамагчы Ангеле Меркель захаваць сваё цяперашняе працоўнае месца. Па-першае, сярэдні клас — гегемон нямецкай палітыкі, у плане каштоўнасцяў бліжэй да Меркель, чым да Штайнбрука. У гэтым плане сітуацыя не падобная на 1998 год, калі Гельмут Коль ужо відавочна не пасаваў настроям бюргераў, чым удала скарыстаўся Герхард Шродэр. Па-другое, ёсць сцэнар, адпаведна якому да восені 2013 года сусветная рэцэсія закончыцца, і тады Меркель — архітэктар антыкрызіснай палітыкі эканоміі, якую зараз праводзяць большасць краін ЕС, — стане кумірам натоўпу і гарантавана застанецца на пасадзе канцлера.

Каментаваць