Апошні з чырванаскурых

Новы віток барацьбы за палітычную карэктнасць распачаўся ў ЗША. Прагрэсіўнае грамадства патрабуе перайменаваць «Washington Redskins» за тое, што гэта назва, быццам, мае расісцкі падтэкст.



Самае смешнае, што тэрмін «чырванаскурыя», або па-англійску «Redskins», не мае нічога агульнага з натуральным колерам скуры індзейцаў. Самі індзейцы звязваюць этымалогію слова са скальпамі, якія з-за крыві выглядаюць чырвонымі. Ёсць версія, што абарыгены самі пачалі называць сябе чырванаскурымі, каб адрознівацца ад больш белых каланістаў і іх чорных рабоў.

Паколькі індзейцы ў ЗША належалі да адной з самых маргінальных сацыяльных груп, гэта слова хутка таксама стала сінонімам слова «брудны», «лянівы» і г.д.

Калі ў 1960-х гадах у ЗША актывізаваўся грамадзянскі рух за правы меншасцяў, было ўзнята пытанне і агідных мянушак на іх адрас. Так, афраамерыканцы апалчыліся на слова «негр». У сваю чаргу, індзейцы патрабавалі, каб ужыванне слова «чырванаскуры» разглядалася таксама як праява дыскрымінацыі. «Няшмат слоў здольныя параніць так сур’ёзна, нягледзячы на час. Адно з гэтых слоў — «чырванаскурыя». Калі вас уджаліла гэта слова, вам ніколі не пазбавіцца яго яду. Пасля гэтага вы назаўсёды «брудны», «лянівы» і «тупы», — пісаў у той час адзін з індзейскіх актывістаў.

Яшчэ ў 1968 годзе Нацыянальны кангрэс амерыканскіх індзейцаў пачаў кампанію супраць моўных стэрэатыпаў. У 1972 годзе ім удалося дабіцца першай перамогі. Суд прызнаў расісцкім сімвал клубу «Cleveland Indians» (сімвалам была выява індзейскага правадыра). У 1988 годзе Вярхоўны суд штату Мічыган пастанавіў забараніць у штаце ўсе назвы, якія выклікаюць негатыўную асацыяцыю з карэннымі народамі Амерыкі. З 1990-х гадоў такога кшталту прававыя акты сталі прымацца вельмі часта.

Слова «чырванаскуры» даўно актыўна выкарыстоўвалі ў бізнэсе. Было створана і запатэнтавана шмат гандлёвых марак з такой назвай. У 1992 годзе асацыяцыя індзейцаў ЗША звярнулася ва Упраўленне па патэнтах і гандлёвых марках ЗША, патрабуючы забараніць выкарыстоўваць слова «чырванаскуры» ў назвах фірмаў, спартыўных каманд, гандлёвых знаках, паколькі выключным правам выкарыстання дадзенага тэрміна павінны валодаць самі індзейцы. Але зварот быў адхілены з-за таго, што тэрмін «чырванаскуры» не можа быць юрыдычна сфармуляваны.

Акрамя таго, у ЗША шмат спартовых каманд маюць назву «чарнаскурыя». Часам актывістам удаецца папросту дамовіцца з уладальнікамі клубу. Іншым разам дабіцца змены назвы ўдаецца праз суд. Нарэшце, можна ціснуць на клубы праз спартовыя асацыяцыі. Напрыклад, у 2005 годзе Нацыянальная асацыяцыя студэнцкага спорту (NCAA) забараніла камандам, назвы якіх утрымліваюць абразлівыя мянушкі, праводзіць матчы ў сябе дома. Гэта мера выклікала хвалю адмоваў ад выкарыстання назвы «чырванаскурыя».

Тым не менш, сёння ў 62 універсітэтах дасюль гуляюць каманды з назвай «Redskins». Аднак самы вядомы бастыён аматараў моўнай дыскрымінацыі індзейцаў, на іх думку, знаходзіцца ў сталіцы, якую ў Нацыянальнай футбольнай лізе (NFL) прадстаўляе клуб «Washington Redskins».

«Washington Redskins», безумоўна, больш чым проста клуб. Гэта легенда. На рахунку клуба шмат трафеяў, у тым ліку тры Супербоўла (самы галоўны прыз у клубным амерыканскім футболе). Акрамя таго, «Washington Redskins» — гэта франчыза.

Будучы другім па папулярнасці футбольным клубам у краіне, ён прыносіць уладальнікам за кошт продажу рознага кшталту прадукцыі і сувеніраў недзе 1,5 мільярда долараў штогод.

Тое, што такі славуты спартовы клуб нахабна носіць ксенафобскую назву, не падабаецца не толькі індзейцам. Джордж Маршал, заснавальнік клубу, ніколі не хаваў сваіх расісцкіх поглядаў. Першае, што ён зрабіў пасля набыцця клубу, які быў перайменаваны ў «Washington Redskins», — звольніў трэнера індзейскага паходжання. З яго ж падачы ў 1933 годзе Федэрацыя забараніла афраамерыканцам гуляць у NFL. Больш таго, у 1959-м Маршал зрабіў дэвізам клубу «Fight for Dixi» («Змагайся за Дзіксі»). Дзіксі — папулярная назва паўднёвых штатаў, якія намагаліся захаваць рабаўладальніцкі лад.

Паколькі на двары на той час была кульмінацыя барацьбы афраамерыканцаў за свае правы, на такую выхадку адразу звярнулі ўвагу ў Белым Доме. Пасля асабістага званку прэзідэнта Джона Кенэдзі ад гэтага слогана клуб адмовіўся. Праўда, Маршал не супакойваўся да канца жыцця. Паміраючы ў 1969 годзе, ён паспеў зацвердзіць статут фонду клубу, які забараняў фінансаваць праекты, звязаныя з расавай інтэграцыяй.

З усяго гэтага зразумела, што назва «Washington Redskins» прагрэсіўнай грамадскасці вельмі коле вока. З пачатку 1990-х гадоў яны праз розныя судовыя інстанцыі беспаспяхова дабіваюцца змены назвы каманды. Аднак тое, што адбываецца зараз, падобна на рашаючы штурм.

Што толькі ні прыдумляюць праціўнікі назвы «чырванаскурыя», каб прымусіць Дэна Снайдэра, уладальніка клубу, даць згоду на змену назвы. Цяперашнюю назву ўжо асудзіў мэр гораду і нават дзясятак дэпутатаў Кангрэсу, якія ў спецыяльным звароце заклікалі Снайдэра да рэбрэндынгу. Шэраг вядучых амерыканскіх спартовых выданняў («Sports Illustrated», «USA Today», «Slate») пастанавілі не ўжываць слова «Washington Redskins» на сваіх старонках. Замест гэтага пішуць «Washington D.C.’s.». што можна перакласці як «Вашынгтонцы». Яшчэ далей пайшло левае выданне «The Washington City Paper», якое называе клуб «Redpigs» («Чырвоныя свінні»). Вядзецца індывідуальная кампанія са спартовымі каментатарамі, ад якіх патрабуюць падчас трансляцый падтрымаць ідэю перайменавання. Гэта не кажучы пра пікеты, петыцыі і г.д.

Аднак нягледзячы на шалёны ціск, Дэн Снайдэр застаецца ўпартым як скала. На днях ён адказаў усім праціўнікам «Чырванаскурых» адным лаканічным словам: «Ніколі!». Прэса лічыць, што ўладальнік клубу не ідзе на саступкі з-за фінансавых рызыкаў. Адпаведна апошнім апытанням, 79 працэнтаў амерыканцаў не бачаць падстаў, каб клуб змяніў назву. У самім Вашынгтоне цяперашняя назва падабаецца 60 працэнтам жыхароў. Паколькі клуб існуе за кошт прададзеных білетаў, думка фанаў вельмі важная для Снайдэра. У дадатак на яго бок стала частка грамадства, якая не лічыць тэрмін «чырванаскурыя» ксенафобскім.

Газета «Richmond Times-Dispatch» цытуе аднаго з правадыроў індзейцаў са штату Вірджынія, які кажа: «Нас больш турбуе праблема дзіцячай адукацыі і жылля, падтрымкі старых людзей і выжыванне нашай культуры. І нас менш за ўсё цікавіць, як называецца нейкі клуб».

Хаця Дэн Снайдэр мае намер стаяць да канца, эксперты не бачаць будучага для «Washington Redskins». Аўтарытэтнае выданне «Forbes» лічыць, што калісьці Снайдэр прайграе адзін з судовых працэсаў супраць аматараў новай назвы. Федэральнае заканадаўства, якое забараняе праявы ксенафобіі, стаіць таксама на іх баку. Таму, на думку выдання, лепш перайменаваць клуб як мага хутчэй, не чакаючы, пакуль праціўнікі Снайдэра перацягнуць на свой бок усю грамадскую думку.

Каментаваць