Апошнія дні Назарбаева?

Хваля масавых несанкцыянаваных мітынгаў у Казахстане спарадзіла ў асяродку экспертаў моду на некралогі рэжыму Назарбаева. Што будзе, калі сапраўды над казахскім стэпам пачне гуляць вецер пераменаў?

Фота з сайта forbes.kz


  

Нягледзячы на тое, што 21 мая казахстанскія сілавікі спрацавалі вельмі аператыўна — пратэсты супраць закону пра арэнду зямлі для іншаземцаў былі разагнаныя на лічаныя хвіліны, — большасць экспертаў чакаюць працягу «казахскай турбулентнасці».

 

У якасці аргументаў эксперты спасылаюцца на шырокую геаграфію выступаў і імклівае ўцягванне ў пратэстны рух вялікай колькасці людзей з абсалютна розных сацыяльна-дэмаграфічных груп.

 

«Гэта ўжо не сярэдні клас і ліберальная інтэлігенцыя, а малазабяспечаныя ўскраіны. Жыхары сярэдніх гарадоў і пасёлкаў, рабочыя і бюджэтнікі. Гэта старт рэвалюцыйнага працэсу», — піша ўкраінскае выданне Politic.org.

 

Што будзе, калі казахскім сілавікам у наступны раз ужо не ўдасца стрымаць той самы рэвалюцыйны працэс? Брытанскае выданне "Financial Times" прапануе чатыры сцэнары. Першы: улада пераходзіць да чальцоў сям’і Назарбаева, як здарылася ў 2003 годзе ў Азербайджане, дзе Гейдара Аліева змяніў яго сын Ільхам. Прыкладам другога сцэнару з’яўляецца Расія, дзе ў 1999 годзе слабы Барыс Ельцын публічна прадставіў свайго пераемніка — выхадца з КДБ Уладзіміра Пуціна, які, як і меркавалася, праз нейкі час атрымаў перамогу на выбарах. Варыянт трэці — туркменскі: пасля раптоўнай смерці Сапармурата Ніязава ў снежні 2006 года без якога-небудзь відавочнага плану перадачы ўлады, палітычная эліта краіны дамовілася і вылучыла ў прэзідэнты малавядомага раней Гурбангулы Бердымухамедава. Паводле "Financial Times", найбольш негатыўным стаў бы чацвёрты варыянт: некіраваны хаос, або «ўкраінскі сцэнар».

 

У выпадку рэалізацыі чацвёртага сцэнару расійская інтэрвенцыя выглядае папросту непазбежнай — з улікам наяўнасці кампактнай рускамоўнай групы насельніцтва на поўначы краіны, сярод якой папулярная ідэя паўтарыць крымскую схему.

 

«Крэмль не будзе ратаваць рэжым Назарбаева, а абмяжуецца ўвядзеннем сваіх войскаў у нафтаносныя рэгіёны на захадзе Казахстана. Там, магчыма, створаць чарговую «народную рэспубліку». Кантроль Масквы будзе ўсталяваны на рускамоўнай Поўначы і над трыма транспартнымі калідорамі з Кітая. Усе іншыя тэрыторыі краіны пакінуць на Назарбаева і тых, хто з ім да таго часу застанецца», — піша той жа Politic.org.

 

Дастаткова арыгінальная ідэя агучаная казахскай службай "Радыё Свабода" пра тое, што «расійская інтэрвенцыя» пройдзе пад нагодай аказання Елбасы медычнай дапамогі. У такім выпадку на першым этапе трэба чакаць паведамленняў пра тое, што Назарбаеў сур’ёзна захварэў, аднак, у прынцыпе, можа выконваць свае функцыі. На другім этапе казахскі гарант выпраўляецца ў нейкі маскоўскі шпіталь, адкуль і будзе фармальна дасылаць на радзіму цыркуляры, напісаныя за яго крамлёўскімі клеркамі. Дарэчы, з бальнічнай палаты даўно «кіруе» краінай алжырскі прэзідэнт — і быццам нічога.

 

Некаторыя лічаць, што мы станем сведкамі новай мадэлі ўлады, якой яшчэ не ведае постсавецкая прастора. Паводле гэтага меркавання, пасля Назарбаева Казахстан чакае «калектыўнае кіраўніцтва».

 

Інтэрнэт-выданне Politeka лічыць, што кіраўнік казахскай дзяржавы не мае кандыдатаў на сваё месца, таму і ўзнікае ідэя «калектыўнага кіравання» ў выглядзе тандэму: дачка Назарбаева Дарыга плюс адзін з сілавікоў. Магчыма, пул прэтэндэнтаў можа быць пашыраны за кошт прадстаўнікоў мясцовых кланаў, лабістаў геапалітычных гульцоў накшталт Расіі або Кітая. У перспектыве такі варыянт прадугледжвае стварэнне нейкага міжнароднага кансорцыуму па сумесным кіраванні Казахстанам, фасадам для якога можа стаць парламенцкая рэспубліка.

 

Гледзячы на статыстыку, большасць экспертаў схіляецца да формулы кіраванага Назарбаевым трансферу ўлады, апісанага ў другім сцэнары "Financial Times". Называюцца нават канкрэтныя імёны з атачэння Назарбаева, якім у хуткім часе будзе прапанавана выканаць ролю мясцовага Пуціна. На думку назіральнікаў, новым лідарам можа стаць хтосьці з трыяды: кіраўнік службы нацыянальнай бяспекі Рустам Інаятаў, прэм’ер-міністр Карым Масімаў ці міністр фінансаў Бахыт Султанаў.

 

Нарэшце, сярод палітычных футуролагаў Казахстану шмат песімістаў. На іх думку, выбух пратэстаў будзе толькі спрыяць кансалідацыі рэжыму, што дазволіць Назарбаеву пралангаваць тэрмін існавання свайго рэжыму. Гэта няцяжка зрабіць у атмасферы апатыі, страху перад уладай і адсутнасці палітычнай культуры супраціву.

 

«Выклікаць хаос акцыямі накшталт 21 мая ў Казахстане немагчыма. Уладам удалося яшчэ ў папярэднія гады, на фоне падзей у Кыргызстане і Украіне, стварыць у настроях казахаў нейкі «культ стабільнасці», калі насельніцтва разумее: любая кепская стабільнасць лепш дэстабілізацыі», — піша ўкраінскае выданне Кorrespondent.net. Сапраўды, у праўладных (чытай, амаль ва ўсіх мясцовых СМІ) разгарнулася хваля нізкапробнай прапаганды ў абарону «статус-кво».

 

Праўда, нават самыя вялікія скептыкі пагаджаюцца: гэтай вясной у настроях казахаў пачаліся нейкія перамены. Паводле слоў аднаго з экспертаў, усё сведчыць пра тое, што Казахстан на вачах вычэрпвае рэсурс постсавецкай мадэлі развіцця.


Каментаваць