Апраўдаць лейтэнанта Сафарава

Азербайджанскі афіцыёз намагаецца апраўдаць афіцэра, які забіў сякерай армянскага калегу.
 

31 жніўня інтэрнэт-парталы абляцела навіна: Венгрыя экстрадавала азербайджанскага лейтэнанта Раміля Сафарава, якога раней мясцовы суд прысудзіў да пажыццёвага зняволення за забойства на тэрыторыі Венгрыі армянскага афіцэра. У бакінскім аэрапорце Сафарава азнаёмілі з указам Ільxaма Aліeва, які памілаваў афіцэра. Акрамя гэтага, вайскоўцу было прысвоена званне маёра, а таксама выплачана грашовая кампенсацыя за ўвесь час, які ён знаходзіўся ў венгерскай турме. А Міністэрства абароны выдала яму ордэр на кватэру.

Увогуле, усё было ў рамках міжнароднага права. Паводле артыкулаў Еўрапейскай канвенцыі пра перадачу асуджаных, любая дзяржава-ўдзельніца гэтай дамовы можа памілаваць асобу, якую экстрадавалі, у адпаведнасці са сваёй канстытуцыяй, прававымі актамі, ужываць у дачыненні да яго амністыю ці скарачаць тэрмін пакарання.

Аднак у справе Сафарава быў адзін маральны аспект. Сафараў не проста забіў армянскага афіцэра, а засек сякерай, калі той спаў. Забойца здзейсніў не меней за 16 удараў, і ў выніку амаль адсек ахвяры галаву за тое, што той быццам «абразіў сцяг Азербайджана».

Той факт, што Арменія, паводле меркавання азербайджанцаў, акупуе 20 працэнтаў тэрыторыі Азербайджану і нясе адказнасць за этнічныя пагромы, не дае права забіваць вось такім чынам. Добрай ілюстрацыяй гэтаму служыць форум папулярнага парталу tut.by, дзе абмяркоўвалі амністыю Сафарава. Напрыклад, карыстальнік you211 піша: «У мірны час забіў спячага афіцэра. У Аліева такія лічацца героямі?» Іншы карыстальнік artiom_kh адзначае: «Сярод азербайджанцаў вельмі шмат добрых людзей, а не такіх, як гэта ***** Сафараў, але, на жаль, іх не відаць за радасным выццём тых, хто цешыцца забойству спячага чалавека».

У дадатак гарачы прыём Сафарава на радзіме, безумоўна, спрыяў росту эскалацыі ў рэгіёне. Арменія разарвала адносіны з Будапештам. Армянскія тэрарысты пагражаюць азербайджанскім дыпламатам. Еўрасаюз і ЗША крытыкуюць Баку, а той кажа пра замах на свой суверэнітэт.

Можна не сумнявацца, што імідж Азербайджана такая гісторыя не палепшыла. Адпаведна, гэта прымусіла прапагандыстаў з берагоў Каспія дадаць аргументаў у абарону ўказу Аліева пра амністыю Сафарава.

Напрыклад, віцэ-спікер парламента Азербайджана Мурадава лічыць, што Сафараў цалкам расплаціўся за свой учынак. «Раміль Сафараў правёў больш васьмі гадоў у зняволенні, і, можна сказаць, што, калі за зробленае злачынства ён павінен быў панесці пакаранне, здзейсніў гэта», — сказала віцэ-спікер.

Тое, што Мурадава прызнае віну Сафарава, вельмі незвычайна для азербайджанскага палітыкуму. Іншыя лічаць, што Сафараў абсалютна не вінаваты, паколькі папросту хацеў адпомсціць за забітых родных, прычым тымі ж метадамі, якімі дзейнічалі забойцы.

«Армяне акупавалі родны Джэбраільскі раён Сафарава 25 жніўня 1993 года. У гэты дзень яму споўнілася 16 гадоў. У выніку нападу армян на мірных жыхароў Р. Сафараў страціў частку сваіх блізкіх сваякоў, якіх забілі сякерамі. Можна ўявіць эмацыйны стан чалавека, які перажыў усе гэтыя трагедыі ў дзяцінстве, пасля абраз армянскіх афіцэраў. «Я вырашыў іх (армян) забіць, гэта значыць адсекчы ім галовы (раніцай), сапраўды такім жа метадам, як падчас Карабахскай войны армяне забівалі мірных грамадзян Азербайджана», — казаў ён на судзе». Гэта распавядае загадчык Аддзела па працы з праваахоўнымі органамі Адміністрацыі прэзідэнта Азербайджанскай Рэспублікі Алескераў.

Рафік Аліеў, доктар філасофскіх навук, увогуле прапануе не разглядаць масакру Сафарава праз прызму маралі. «Ці варта імкнуцца ставіць учынак нашага суайчынніка, афіцэра нашага войска Раміля Сафарава на строгія шалі маралі і амаральнасці! Гэта зусім не заклік да татальнага адмаўлення ўсякай маралі, калі пытанне стаіць перад намі, і мы павінны зрабіць свой выбар! (…) З людзьмі, якія паступа­юць са мной наўмысна адкрыта амаральна, я не магу прытрымлівацца строгіх рамак агульнай маралі. Я заўсёды нагадваю ім, што іх учынак амаральны па сутнасці, і пацвярджаю свае словы практычнымі дзеяннямі. Наша рэлігія таксама прыме такі варыянт. Яна патрабуе ад нас адэкватнага адказу агрэсару, які наўрад ці можа быць маральным. Гэта мая цвёрдая пазіцыя, і я гатовы абараняць яе на любым узроўні, у любой аўдыторыі, калі знойдуцца смелыя, гатовыя прыняць мой выклік. Падстаўляць адну, а потым іншую шчаку — непавага да веры».

Важную ролю ў гэтай аргументацыі на карысць амністыі Сафарава гуляе судовы прэцэдэнт Тэйлерана. «15 сакавіка 1921 года ў Берліне ў выніку замаху быў забіты Мехмет Талаат-паша. Забойцам апынуўся армянін Сагамон Тэйлеран, які пасля кароткага судовага разгляду атрымаў апраўдальны прысуд. Выносячы такое рашэнне, суд спаслаўся на тое, што Тэйлеран быў у стане афекту, атрымаў душэўнае ўзру­шэнне з-за «генацыду армян» і менавіта ў такім стане і вырашыў забіць Талаат -пашу. Раміль Сафараў таксама быў публічна абражаны з боку Гургена Маркарана (армянскі афіцэр) і таму вырашыў забіць яго. Так што Азербайджан, хоць бы спасылаючыся на гэты прэцэдэнт, меў поўнае права патрабаваць ад венгерскага правасуддзя ўлічыць псіхалагічны стан азербайджанскага вайскоўца і перагледзець прысуд», — піша бакінскае выданне Day.az

Калі ўжо гаворка пра гісторыю, то не прайшла азербайджанская прэса і міма іншай скандальнай справы: «У 2001 годзе Францыя памілавала і экстрадавала ў Арменію Варужана Гарабедзяна, які арганізаваў выбух у аэрапорце Арлі 15 ліпеня 1983 года, у выніку якога загінулі некалькі чалавек. У Ерэване тэрарыста асабіста сустракаў прэм’ер-міністр Арменіі, які выказаў радасць з нагоды вызваленні Гарабедзяна, а незадоўга да гэтага мэр Ерэвана Роберт Назаран абяцаў забяспечыць злачынца працай і жыллём» (Day.az).

Вось такія аргументы азербайджанскага боку, якія павінны пераканаць, што даваць амністыю Сафараву Аліеў меў поўнае маральнае права. Цяжка сказаць, наколькі ўсе гэтыя аргументы змогуць даць адказ на пытанне, якое на тым жа форуме задаў блогер: «Ці лічыцца ў Азербайджане злачынствам наўмыснае забойства няўзброенага чалавека, які не нападае на цябе?»

Відавочна, з усёй гэтай гісторыі вынікае наступнае: агрэсіўны нацыяналізм у любой нацыянальнай афарбоўцы — страшная з’ява. Па-другое, вызваленне Раміля Сафарава — рашучы ход для афіцыйнага Баку, які ўпершыню ў гісторыі так яўна ігнаруе міжнародную крытыку. Палітычны эфект такой гульні можа быць вельмі небяспечным, паколькі здольны падштурхнуць Баку зноў паставіць міжнародную супольнасць перад фактам, напрыклад, у карабахскім пытанні.
 

Каментаваць