Аранжавыя супраць Партыі рэгіёнаў

Украінская апазіцыя, здаецца, знайшла агульную мову напярэдадні прызначаных на кастрычнік парламенцкіх выбараў. Пра тое, як і на якіх умовах аб’ядналіся апаненты Януковіча, журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Алегам Вернікам.

— 9 красавіка палітычная рада партыі «Фронт змін» (Фронт пераменаў) ухваліла рашэнне пайсці на выбары з іншай аранжавай структурай — партыяй «Батьківщина». Што канкрэтна прадугледжвае пагадненне?



Украінская апазіцыя, здаецца, знайшла агульную мову напярэдадні прызначаных на кастрычнік парламенцкіх выбараў. Пра тое, як і на якіх умовах аб’ядналіся апаненты Януковіча, журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Алегам Вернікам.

— 9 красавіка палітычная рада партыі «Фронт змін» (Фронт пераменаў) ухваліла рашэнне пайсці на выбары з іншай аранжавай структурай — партыяй «Батьківщина». Што канкрэтна прадугледжвае пагадненне?


— Адпаведна заявам лідараў Арсенія Яцэнюка і Аляксандра Турчынава, абедзве партыі сфармуюць адзіны партыйны спіс і ўзгодняць кандыдатуры ў мажарытарных акругах. На думку падпісантаў, калі гэта зрабіць, цалкам рэальна атрымаць у Вярхоўнай Радзе 226 мандатаў, што якраз будзе складаць парламенцкую большасць. На думку палітолагаў, гэта занадта амбіцыйная мэта. Усе апытанні кажуць, што рэйтынг блоку не выходзіць за мяжу 20 працэнтаў. А вось калі да тандэму «Фронт змін»—«Батьківщина» далучацца іншыя аранжавыя, то шансы апазіцыі набраць у Вярхоўнай Радзе больш галасоў, чым Партыя рэгіёнаў і іх саюзнікі, някепскія.

— Як вядома, пралогам для пагаднення стала стварэння Камітэту супраціву дыктатуры (КОД) у студзені, куды ўвайшла, напрыклад, партыя нацыяналістаў «Свабода» Алега Цягнібока, партыя баксёра Уладзіміра Клічко УДАР. Чаму гэтыя партструктуры не далучыліся да пагаднення?

— Тут ёсць розныя прычыны. Уладзімір Клічко неяк пралічыў, што адзін ён атрымае больш месцаў у парламенце, чым у кааліцыі. Што тычыцца Цягнібока, то яго матыў добра зразумелы. Нацыяналісты маюць шансы прайсці выключна на Захадзе Украіны, і гэта можна зрабіць без падтрымкі іншых дэмакратаў. Праўда, не выключана, што нацыяналісты ўсё ж далучацца да кааліцыі. Прынамсі яны гатовыя да гэтага, калі ім дадуць права «вета» пры вызначэнні кандыдатураў у мажарытарных акругах.

— Вынікі пагаднення можна лічыць вельмі добрымі для Арсенія Яцэнюка. Газеты пішуць, што менавіта ён будзе займаць першае месца ў выбарчым спісе дэмакратаў.

— Тактычна гэта сапраўды вялікі поспех Яцэнюка. Тое, што ён у топе спісу апазіцыі, павышае яго шансы на тое, каб праз тры гады стаць адзіным дэмакратычным кандыдатам на выбарах прэзідэнта. Аднак на самай справе сітуацыя больш складаная. Турчынаў і кампанія гатовыя ўзяць Яцэнюка ў якасці «паравоза», паколькі не маюць на гэтых выбарах харызматычнага кандыдата. Менавіта пад канкрэтную асобу, а не пад ідэалогію, традыцыйна будуюцца ўсе апошнія выбарчыя кампаніі ва Украіне. Аднак і Цімашэнку спісваць рана. Яна яшчэ не згубіла шансы вярнуцца ў вялікую палітыку. Акрамя таго, у самой партыі «Батьківщина» хапае тых, хто падазрае Яцэнюка ў рэйдарстве, быццам ён хоча захапіць гатовы палітычны праект. Яму спатрэбіцца час пераканаць гэтую групу партыйцаў, каб лічыцца лідарам усёй апазіцыі. Не кажучы пра тое, што шматлікія сябры «Фронт змін» не любяць Юлію за яе папулізм.

— Хто яшчэ, акрамя згаданых партый, можа трапіць у Вярхоўную Раду?

— Адпаведна вынікам апошніх апытанняў (яны адбыліся ў сакавіку), калі б выбары ў Вярхоўную Раду адбыліся зараз, то пяціпрацэнтны бар’ер пераадолелі б Партыя рэгіёнаў (18 працэнтаў), «Батьківщина» (15 працэнтаў), «Фронт змін» (9 працэнтаў), УДАР (8 працэнтаў) і Камуністычная партыя Украіны (6 працэнтаў). Балансуе на мяжы ўваходу партыя «Свабода».

— Калі меркаваць па лічбах, Партыя рэгіёнаў не будзе здольныя кантраляваць парламент. На што разлічвае Януковіч?

— Эксперты даўно прагназавалі, што на старт гэтых выбараў бела-блакітныя выйдуць з нізкім рэйтынгам. Іншага цяжка было чакаць у сітуацыі, калі крызіс працягваецца, і даводзіцца праводзіць непапулярныя сацыяльныя меры. Таму загадзя была праведзеная выбарчая рэформа, галоўным пунктам якой стала вяртанне мажарытарнай сістэмы. Па мажарытарных акругах у Вярхоўную Раду будуць абраныя 225 дэпутатаў. Ужо зараз зразумела, што галоўнымі фаварытамі тых выбараў стануць бізнэсмэны, якіх душыць жаба заплаціць некалькі мільёнаў долараў, каб трапіць у праходную частку спісу нейкай буйной партыі. Яны будуць весці самастойныя кампаніі, робячы стаўку на банальны подкуп выбаршчыка. У выпадку атрымання мандатаў, такія дэпутаты, відавочна, працягнуць справу «тушак» — так у цяперашняй Вярхоўнай Радзе называюць дэпутатаў, якія за грошы перабеглі ў фракцыю Партыі рэгіёнаў. За кошт такіх «тушак» і можна паспрабаваць сфармаваць патрэбную большасць пад урад Азарава. Нельга таксама забываць пра іншыя механізмы хуткага накручвання рэйтынгу Партыі рэгіёнаў: адміністратыўны рэсурс, кампрамат, абвастрэнне культурнага і моўнага пытанняў. Шмат што будзе залежаць ад таго, як пройдзе турнір Еўра–2012.

— Перад апошнім візітам у Маскву Януковіч паабяцаў улетку надаць дзяржаўны статус рускай мове. Гэта з арсеналу тых самых выбарчых прыёмаў?

— Безумоўна. Іншая справа, што грамадскасць на гэты раз вельмі слаба рэагавала на тыя словы. Магчыма, людзям папросту надакучылі абяцанкі наконт дзяржаўнага статусу рускай мовы, якія агучваюцца перад кожнымі выбарамі. Не выключана, што ў час крызісу адбылася пераарыентацыя каштоўнасцяў. Моўнае пытанне ў час крызісу не так цікавіць людзей, як сацыяльныя праблемы, а ў гэтай галіне Партыі рэгіёнаў няма чым пахваліцца. Праўда, апошнім часам пачалі рабіцца выплаты ўкладчыкам Сбербанку СССР. Нарэшце, заява Януковіча пра мову аказалася скомканая з-за скандалу вакол Аксаны Макар — ахвяры гвалтавання ў Мікалаеве. Прычым асобы гвалтаўнікоў у масавай свядомасці мелі асацыяцыю з Партыяй рэгіёнаў з-за бацькі аднаго са злачынцаў, апаратчыка партыі Януковіча. У выніку пра мову пакуль больш не гавораць.

— Ці стануць гэтыя выбары чымсьці новым у гісторыі незалежнай Украіны?

— Пакуль я не бачу нічога, што кардынальна адрознівала б выбары 2012-га ад папярэдніх. Новых людзей і новых палітычных сіл не назіраецца. Спрабуюць зрабіць сабе піяр лібералы з партыі Наталлі Каралеўскай, аднак гэта не той узровень. Супрацьстаянне працягваецца па лініі 2004 года: аранжавыя супраць Партыі рэгіёнаў. Адзіным прагрэсам можна лічыць больш асцярожнае стаўленне людзей да наяўнасці ў выбарчых спісах буйных бізнэсмэнаў. Усё ж такі выбаршчык зрабіў урокі пасля гісторыі з «тушкамі». На розных палітычных шоў гэта пытанне часта абмяркоўваецца, і палітыкам даводзіцца абяцаць не дапусціць праколу.

— Каб закончыць размову на аптымістычнай ноце, варта адзначыць, што выбары ва Украіне — гэта таксама нейкім чынам шоў, у якім замест актораў выступаюць палітыкі. Выбарчая гонка 2012-га не расчаруе?

— Здаецца, толькі ўчора пра свой намер стаць мэрам Кіева абвясціў скандальны дэпутат-гей Сяргей Ляшко. Літаральна надоечы ён уварваўся ў студыю аднаго з каналаў, дзе даваў інтэрв’ю галоўны санітар Расіі Генадзь Анішчанка, і стаў шпурляць у яго розную ежу з крыкамі: «Ясі наш сыр, каўбасу і сала!» Аказваецца, такім чынам заканадавец пратэставаў супраць абмежавання на ўвоз гэтых прадуктаў у Расію. З гэтага інцыдэнту можна меркаваць, што сумаваць на выбарах нам не давядзецца.
 

Каментаваць