Аркадзь Чарнецкі. Уда Фойгт. Йошка Фішэр

Аркадзь Чарнецкі

Аркадзь Чарнецкі

Мэр былога Свярдлоўска, а зараз Екацярынбурга, пачаў барацьбу за тое, каб падпарадкаваны яму горад меў статус Трэцяй сталіцы Расіі. Прадстаўнік гарадской адміністрацыі выступіў з сенсацыйнай заявай: Казань, якая раней запатэнтавала назву “Трэцяя сталіца, на самай справе не можа быць уладальнікам падобнага гандлёвага знаку. Аказваецца, у Екацярынбургу даўно існуе прадпрыемства ОАО «Хладокомбинат Норд», якое яшчэ ў 2003 годзе зарэгістравала марку марожанага “Трэцяя сталіца. Права на марку было аформлена па ўсіх правілах. Такім чынам, Казань, па логіцы закону, павінна перадаць свае правы вытворцам марожанага. Аднак у Казані ёсць свае юрысты, якія заявілі, што права на “Трэцюю сталіцу не аддадуць, паколькі ўральскія марожаншчыкі не маюць права выкарыстоўваць брэнд у такой сферы дзейнасці, як рэклама або маркетынг (хаця менавіта для прыцягнення сродкаў Казані і трэба назва “Трэцяя сталіца). Аднак на гэтым гісторыя  наўрад ці закончыцца. Па-першае, нядаўна у Екацярынбургу  адбыўся саміт арганізацыі ШОС, і Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў добрую арганізацыю мерапрыемства і пахваліў стан гарадской інфраструктуры. Магчыма, гэта ацэнка стане важным аргументам у барацьбе ўральцаў супраць татар. Між тым, на Екацярынбургу і Казані спіс гарадоў, якія хочуць называцца Трэцяй сталіцай Расіі, не заканчваецца. Кіраўніцтва Ніжняга Ноўгарада ўжо паведаміла пра намер адсудзіць тытул у Казані.


Уда Фойгт

Старшыня вядучай нямецкай праварадыкальнай Нацыянал-дэмакратычнай партыі (NPD) — не адзіны палітык, які лічыць сябе лідэрам германцаў. Ёсць яшчэ ў ФРГ такі Герхард Фрэй, які кіруе Нямецкім народным саюзам (DVU). Нягледзячы на быццам бы адзінства поглядаў (абедзве партыі выступаюць за рэабілітацыю нацызму і будаўніцтва Германіі на прынцыпах кансерватызму і нацыяналізму) Фойгт і Фрэй доўгі час былі як кошка з сабакам. Нарэшце ў 2004 годзе яны вырашылі замірыцца і падпісалі так званы “Пакт Германія. Самы важны пункт дакумента гаворыць пра тое, што, калі па якой-небудзь выбарчай акрузе балатуецца адна партыя, другая не выстаўляе сваіх кандыдатаў. Партыі імкнуліся прытрымлівацца дамовы. Аднак хутка нацыянал-дэмакраты, якія прайшлі ў зямельныя і мясцовыя парламенты на тэрыторыі былой ГДР, пачалі глядзець на саюзнікаў коса. І вось нарэшце ў нядзелю Фойгт заявіў, што ён і ягоныя паплечнікі выходзяць з Пакту. Нацыянал-дэмакраты на выбары ў парламент зямлі Брандэнбург дакладна будуць ісці асобна. Асноўная прычына, па словах Фойгта, — няма сэнсу будаваць кааліцыі з лузерамі. У якасці доказу свайго тэзісу ён прывёў вынікі апошніх выбараў у Еўрапарламент. На іх Нямецкі народны саюз атрымаў усяго 0,3 працэнта галасоў. Цікавай была рэакцыя з боку DVU. Ягоны прадстаўнік назваў учынак Фойгта здрадай. “Сёння Фойгт здрадзіў сябрам па кааліцыі, заўтра прадасць сяброў NPD, — сказаў ён. Між тым, са спасылкай на крыніцы ў МУС, газеты пішуць, што напярэдадні Фойгт ультыматыўна прапанаваў Фрэю ўступіць усёй партыяй у NPD. Застаецца сказаць, што выбары ў Брандэнбургу адбудуцца 27 верасня.


Йошка Фішэр

Былы міністр замежных спраў Германіі, адзін з лідэраў Партыі зялёных, паўтарыў шлях свайго боса па ўраду Герхарда Шродэра. Апошні, як вядома, пасля заканчэння сваёй палітычнай кар’еры падаўся працаваць на “Газпрам і лабіраваць будаўніцтва газаправоду па дну Балтыйскага мора. Фішэр таксама стаў лабістам. Цяпер ён будзе кансультаваць кіраўніцтва кампаніі, якая будуе газаправод на поўдні. Газаправод называецца Nabucco, і ў выпадку рэалізацыі праекту дазволіць ажыццяўляць пастаўкі туркменскага газу ў Еўропу. Учынак Фішэра выклікаў цікавую рэакцыю ў Партыі зялёных, якія лічаць, што ён фактычна здрадзіў сваім прынцыпам. Аднак іншыя кажуць, што Фішэр застаўся верным сваім перакананням. Яны звяртаюць увагу на тое, што праект Nabucco цалкам адпавядае палітычным поглядам Фішэра, які ў час свайго міністэрства праводзіў паслядоўна антырасійскі курс. Калі Nabucco ўступіць у эксплуатацыю, залежнасць Еўропы ад расійскага газу і, адпаведна, ціску Крамля стане значна меншай.

Каментаваць